Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ХАЛАДНАВАТА...

  • Уначы 0 – 6 °С, удзень 5 – 10 °С.


НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:

  • “Івянецкі творчы кірмаш”. На “Кірмашы” будуць прадстаўленыя фальклёр, выяўленчае мастацтва, нацыянальная кухня. У рамках акцыі адбудзецца прэзэнтацыя праекту “Наша страва” (16 кастрычніка, Івянец, 10.30 – 18.00).
  • Знакаміты тэнар Хасэ Карэрас выступіць з праграмаю “Міжземнаморская жарсьць” (16 кастрычніка, “Менск-арэна”, 19.00).
  • Канцэрт фольк-гурту “Kriwi” (16 кастрычніка, Менск, Дзяржаўны моладзевы тэатар эстрады, 19.00)
  • “Свабодны тэатар” ставіць у Менску спэктаклі “New York’79” і “Спасьцігаючы любоў” (17 кастрычніка, тэл. для запісу: (029) 178-53-96).


ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


16 кастрычніка
  • У Японіі пройдзе нарада міністраў сельскай гаспадаркі краін Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва, прысьвечанае пытаньням харчовай бясьпекі.
  • У нямецкім Гамбургу чэмпіён сьвету ў супэрцяжкай вазе па вэрсіі WBC украінец Віталі Клічко правядзе баксэрскі бой з прэтэндэнтам на тытул амэрыканцам Шэнанам Брыгсам.
  • У нідэрляндзкім Ротэрдаме стартуе чэмпіянат сьвету па спартовай гімнастыцы (працягнецца да 24 кастрычніка).

17 кастрычніка
  • У Аўганістане маюць абвясьціць папярэднія вынікі парлямэнцкіх выбараў.
  • У Ватыкане пройдзе цырымонія кананізацыі шасьцярых сьвятых, у тым ліку першай аўстралійскай сьвятой Маці Мэры Макілап.


ЁСЬЦЬ НАГОДА:


16 кастрычніка
  • Усясьветны дзень харчаваньня.

17 кастрычніка
  • Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю галечы.


ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

  • Дзень 16 кастрычніка ўвайшоў у гісторыю сьвету гучнымі рэлігійнымі вогнішчамі ды палітычнымі пакараньнямі. У 1555 годзе ў Оксфардзе за ерась былі спаленыя на вогнішчы ангельскія пратэстанцкія біскупы Г'ю Латымэр і Нікалас Рыдлі. У 1793 годзе пасьля прысуду рэвалюцыйнага трыбуналу загінула на гільятыне француская каралева Марыя Антуанэта. У 1946 годзе на прысуд міжнароднага Нюрнбэрскага ваеннага трыбуналу былі павешаныя дзесяць фашыстоўскіх лідэраў – злачынцаў супраць чалавечнасьці. Сярод іх былі тыя, што ўвайшлі і ў беларускую гісторыю – Розэнбэрг і Рыбэнтроп, той самы міністар замежных справаў Нямеччыны, які перад вайною падпісаў дамову з сваім савецкім калегам Молатавым.
  • 16 кастрычніка ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі мастак Барыс Забораў, які жыве ў Парыжы, і беларускі паэт Сяржук Сокалаў-Воюш, які працяглы час працаваў на Радыё Свабода, а цяпер жыве ў ЗША.
  • Таксама 16 кастрычніка нарадзіліся англамоўны пісьменьнік, ірляндзец з паходжаньня Оскар Уайлд, брытанскі дзяржаўны дзяяч Остын Чэмбэрлен, першы прэм’ер Ізраілю Давід Бэн-Гурыён і два пісьменьнікі-нобэлеўскія ляўрэаты: амэрыканец Юджын О’Ніл і немец Гюнтэр Грас.
  • 17 кастрычніка 1588 году пачаў дзейнічаць Статут Вялікага Княства Літоўскага. Часам гісторыкі называюць яго першай эўрапейскай канстытуцыяй. Гэты кодэкс права на працягу 250 гадоў быў дзейным законам на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Ўкраіны і складаў аснову ўсёй прававой сыстэмы Вялікага Княства.
  • 17 кастрычніка 1964 году ў Беларусі было адкрытае першае прамысловае радовішча нафты. Вучоныя кажуць, што калі б Беларусь цалкам жыла толькі за кошт свае нафты, дык выбрала б увесь запас за 30 гадоў.
  • 17 кастрычніка 1696 году нарадзіўся Аўгуст III – вялікі князь літоўскі і кароль польскі, адзін з колішніх кіраўнікоў нашага краю. Аўгуст III ня меў сваіх палітычных канцэпцыяў, і таму кіравалі фаварыты. Цэнтральная ўлада амаль ня дзейнічала, а мясцовыя ўлады ў паветах праводзілі сваю самастойную палітыку. У выніку краіна ўсё больш трапляла ў залежнасьць ад Расеі. Калі ж Аўгуст III памёр у 1763 годзе, частка Беларусі ўжо была далучаная да Расейскай імпэрыі.
  • 17 кастрычніка ў розныя гады пакінулі гэты сьвет польскі кампазытар Фрэдэрык Шапэн, беларускі падарожнік і знаўца Японіі Язэп Гашкевіч і беларускі палітычны дзяяч і навуковец Радаслаў Астроўскі.


МІНУС 365:


ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

  • “Галоўны клопат грамадзяніна – трымаць рот адкрытым” – Гюнтэр Грас
XS
SM
MD
LG