Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У зборы подпісаў спрыяе нават надвор’е


Напярэдадні выходных павялічваецца актыўнасьць працы зьбіральнікаў подпісаў за вылучэнцаў на кандыдата ў прэзыдэнты. А сёньня гэтаму спрыяла яшчэ й сонечнае надвор’е. Актывісты і выбарцы ахвотна дзяліліся з карэспандэнтамі «Свабоды» сваімі навінамі ды ўражаньнямі.

ВІЦЕБШЧЫНА


Актывісты ладзяць выезды ў аддаленыя раёны


Віцебскія актывісты правялі выязныя пікеты па зборы подпісаў за вылучэньне Алеся Міхалевіча, Рыгора Кастусёва і Мікалая Статкевіча ў райцэнтры Лёзна і ў Новалукомлі.

Хрыстафор Жаляпаў зьбірае подпісы ў Лёзьне.

Паводле Хрыстафора Жаляпава, які зьбіраў подпісы за вылучэньне Рыгора Кастусёва ў Лёзьне, гэта былі адмысловыя «тэставыя выезды»:

«У Віцебску збор подпісаў ідзе дастаткова пасьпяхова, таму мы вырашылі зладзіць некалькі „тэст-выездаў“ у тыя рэгіёны, дзе ўвогуле няма ніякіх дэмакратычных структур. Каб паглядзець, які там настрой у людзей, як яны ставяцца да выбараў і да вылучэнцаў ад розных дэмакратычных структураў».

У Лёзьне, кажа спадар Жаляпаў, іх ужо нібыта чакалі: ужо апоўдні было загадана спыніць працу мясцовага кірмашу, дзе ўладкаваліся зьбіральнікі подпісаў, а іхныя пікеты адразу атачылі міліцыянты з рацыямі. Давялося перайсьці ў іншае месца ў цэнтры мястэчка. І падчас працоўнага перапынку туды пачалі актыўна падыходзіць супрацоўнікі мясцовага райвыканкаму, прычым некаторыя — зь яўна правакацыйнымі мэтамі:

«Падышла кіраўніца райсавету, начальнік ідэалягічнага аддзелу. І была зь імі нейкая дзяўчына, якая хадзіла ад пікету да пікету, і ўсё прасіла якія-небудзь агітацыйныя матэрыялы. Маўляў, дайце ўлётку ці плякат, ці каляндарык, я занясу дадому і павешу на сьценку… Было відавочна, што сябраў ініцыятыўнай групы правакуюць, каб яны нешта далі, а потым можна было заявіць, што ідзе незаконная агітацыйная кампанія».

На пікет завітаў галоўны «ідэоляг» лёзьненскага райвыканкаму Аляксандар Півута (крайні зьлева).

Лёзьненскі раён — памежны з Расейскай Фэдэрацыяй, там ніколі не было дужа выразных апазыцыйных настрояў, кажа Хрыстафор Жаляпаў. Але пра партыю БНФ там чулі і актыўна падпісваліся за Рыгора Кастусёва, праўда, калі раённае начальства ўжо сышло:

«Як толькі сышлі выканкамаўскія супрацоўнікі, людзі пачалі падпісвацца. Яны падтрымлівалі кандыдата ад БНФ. Хаця, калі казаць шчыра, болей, можа, падпісалася за Алеся Міхалевіча. Бо ў яго ёсьць вэктар на мадэрнізацыю Беларусі, бо гэта малады кандыдат».

Чаму ў Новалукомлі баяцца Міхалевіча?


Затое ў Новалукомлі падпісвацца за Алеся Міхалевіча многія адмаўляліся катэгарычна і дэманстратыўна. Прычына непрыманьня аказалася простай: папярэднім старшынём райвыканкаму тут быў Анфім Міхалевіч, які цяпер зьяўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Таму людзі наўпрост казалі «Яшчэ аднаго Міхалевіча нам ня трэба! Той разваліў раён, і гэты, можа, нейкі сваяк!»

Тамара Карызна зьбірае подпісы ў Новалукомлі.

За Алеся Міхалевіча падпісвалася хіба толькі моладзь, якая ня ведала ранейшага раённага начальства. А прадстаўнікі старэйшага пакаленьня не падыходзілі да пікету яшчэ й таму, што баяліся, распавяла зьбіральніца подпісаў Тамара Карызна:

«Людзі настолькі запалоханыя, што ўвесь час нам казалі: „Вас жа пасадзяць у турму, як вы не баіцеся?“ Таму з насьцярогай падыходзілі. Хто больш сталага веку — адразу кіраваліся да пікету па зборы подпісаў за Мікалая Статкевіча. А маладзейшыя ахвотней падпісваліся за Алеся Міхалевіча».

Зьбіральнік подпісаў Аляксей Гаўруцікаў распавёў, што Мікалая Статкевіча жыхары Новалукомлю пазнавалі, дзякуючы фільмам «Хросны бацька», які, як выявілася, многія глядзелі:

«Жыхары Новалукомлю падыходзілі да стэнду з партрэтам і пазнавалі Мікалая Статкевіча . Як высьветлілася з размоў, яго пазнавалі па інтэрвію ў фільме „Хросны бацька“. Людзі дужа хваравіта ўспрынялі гэты фільм, выказвалі зьдзіўленьне, што можна яшчэ кіраваць дзяржавай пасьля такога. Праўда, многія казалі, што Лукашэнку трэба мяняць, але сьмеласьці даць подпіс за іншага прэтэндэнта многім бракуе».

Зьбіральнік подпісаў Аляксей Гаўруцікаў.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Выбарцы хвалююцца за Ўладзімера Някляева


На Магілёўшчыне актывісты апазыцыйных арганізацыяў пачалі рэгістравацца назіральнікамі пры раённых выбарчых камісіях. Пасьля непрацяглага перапынку аднавілі збор подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі прадзяржаўныя арганізацыі.


Першым назіральнікам у рэгіёне пры Бялыніцкай раённай выбарчай камісіі зарэгістраваўся актывіст партыі БНФ Барыс Вырвіч. Паводле актывіста, праблемаў з рэгістрацыяй не было. Ягонае вылучэньне падтрымалі дванаццаць жыхароў раёну.

«Я паспрабую зрабіць так, каб камісія лічыла галасы справядліва, але я не перакананы, што мне гэта цалкам удасца. Беларускае заканадаўства абмяжоўвае дзеяньні назіральнікаў. Патрэбная большая галоснасьць й празрыстасьць у дзеяньні камісіі», — зазначае Барыс Вырвіч.

Зноў зьявіліся пікеты ў падтрымку Лукашэнкі…

У Магілёве тым часам зноў зьявіліся зборшчыкі подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Іх не было на пляцоўцы перад гарадзкім домам быту каля тыдня. Па чарзе подпісы зьбіраюць актывісты «Белай Русі» й БРСМ. Сёньня была чарга «Белай Русі».

Пікет «Белай Русі».

Карэспандэнт: «Была інфармацыя, што ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі сабрана шэсьцьсот тысяч подпісаў. Ці ёсьць сэнс працягваць іх зьбіраць?»

Зборшчык: «На гэтае пытаньне я адказаць не магу. Я сябра ініцыятыўнай групы, а збор подпісаў праходзіць да пэўнай даты. Я знарок не агітую, людзі самі падыходзяць».

Карэспандэнт: «За сёньняшні дзень колькі патрапілі сабраць?»

Зборшчык: «У раёне пятнаццаці-васемнаццаці за гадзіну».

Тацяна Кавалёва
За пяцьдзесят мэтраў — апазыцыйны пікет. У зборшчыцы подпісаў Тацяны Кавалёвай пытаюся, колькі яна сабрала за Някляева:

«У нас трыццаць два. Людзі ўсё ідуць і ідуць. Калі няма пашпарту, то дамаўляюцца на заўтра. Актыўна людзі аддаюць галасы. Жадаюць посьпехаў».

Карэспандэнт: «Людзі ўжо ведаюць пра папярэджаньне?»

Кавалёва: «Так, ведаюць. Непакояцца, каб ня зьнялі яго з-за гэтых непаразуменьняў».

Пляц вальнадумства ў Магілёве.


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Дэмакраты пішуць скаргі, а чыноўнікі дасылаюць адпіскі


Зборшчыкі подпісаў за апазыцыйных прэтэндэнтаў на пост прэзыдэнта й дзейнага кіраўніка дзяржавы працуюць у розных умовах. Адных пускаюць куды заўгодна — на прадпрыемствы, у інтэрнаты, навучальныя ўстановы, другіх адганяюць нават ад рынкаў.

Збор подпісаў за Някляева, Саньнікава й Статкевіча.

Гаворыць Андрэй Толчын, адзін з каардынатараў кампаніі па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта паэта Ўладзімера Някляева:

«Кіраўнікі гандлёвых прадпрыемстваў, у прыватнасьці, рынкаў, перашкаджаюць збору подпісаў. Напрыклад, дырэктар рынку „Давыдаўскі“ зрабіў спробу адагнаць Натальлю Шчукіну ад таго месца блізу рынку, дзе яна зьбірала подпісы. Мы папярэдзілі дырэктара, што будзе складзены акт на перашкоду, і тады ён адчапіўся. Такая ж сытуацыя была ў нас і ля рынку „Прудкоўскі“. Ствараецца ўражаньне, што некаторыя кіраўнікі мэтанакіравана перашкаджаюць збору подпісаў за кандыдатаў ад апазыцыі».

Сьвятаслаў Шапавалаў, актывіст ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага, зьвярнуўся ў абласную камісію й міліцыю з нагоды перашкоды збору подпісаў у інтэрнаце мэдычнага ўнівэрсытэту:

«Цяпер прыйшлі адпіскі. Міліцыя даслала адпіску, і адпіска ад Стоша, старшыні абласной выбарчай камісіі. Гэта парушэньне, мы маем права зьбіраць. Але, фактычна, нас туды не пускаюць. А зборшчыкаў за Лукашэнку пускаюць, куды заўгодна. Мне неаднаразова людзі казалі, што яны падпісваліся за яго на працы, а нас не пускаюць нават у інтэрнат. Людзі за Лукашэнку падпісваюцца нават на працы, хаця гэта забаронена».

Сёньня пікетоўцы за дзейнага кіраўніка дзяржавы раздавалі гараджанам ля ўнівэрмагу невялічкія блакітныя сьцяжкі з выявай рысі, афіцыйныя сьцяжкі Гомелю. Раздача нейкіх сымбаляў зборшчыкамі подпісаў за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пост прэзыдэнта катэгарычна забараняецца.

Як адклікаць подпіс за Лукашэнку?


Гомельскі актывіст Кастусь Жукоўскі апавёў, што ён вымушаны быў напісаць заяву ў Цэнтравыбаркам і адклікаць свой подпіс за Аляксандра Лукашэнку, бо ўбачыў на адным і тым жа пікеце як бы двух розных прэтэндэнтаў:

«Я адклікаў подпіс, бо насамрэч ня ведаю, за каго я падпісаўся. Я калі прыйшоў, мне патлумачылі, што Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка нарадзіўся 31 жніўня — і я за яго падпісаўся зь вялікім задавальненьнем. Празь дзень прыходжу — Аляксандар Рыгоравіч ужо другі, які нарадзіўся 30 жніўня. Тут як бы два чалавекі, і трэба аднаго здымаць з выбараў, бо ён, мусіць, спэцыяльна адбірае галасы ў нашага прэзыдэнта сьвятога. Штосьці трэба было рабіць з гэтым.

Я вырашыў напісаць ліст да Ярмошынай, каб удакладніць, колькі людзей з прозьвішчам Лукашэнка балятуюцца на пост прэзыдэнта, хто менавіта зь іх зьяўляецца цяпер прэзыдэнтам? І каб пакаралі вінаватых, што такое робіцца. Гэта жах нейкі».

Збор подпісаў за Лукашэнку.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Апазыцыя плянуе наступны этап выбарчай кампаніі


Берасьцейская абласная АГП, партыя «Справядлівы сьвет», а таксама абласная БСДПГ зьвярнуліся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з прапановай абмеркаваць ход прэзыдэнцкай кампаніі. Палітыкі, пакуль вядзецца збор подпісаў, разглядаюць пэрспэктывы і пляны на агітацыйную кампанію.

Каардынатар руху «За свабоду» ў Берасьці Дзяніс Турчаняк накіраваў заяву чыноўнікам гарвыканкаму з просьбай даць памяшканьні для грамадзян з мэтай правядзеньня грамадзкіх абмеркаваньняў ужо зарэгістраваных кандыдатаў. Правядзеньне такіх мерапрыемстваў прадугледжваецца Выбарчым кодэксам. Тым ня менш, у адказе чыноўнікаў былі пазначаныя месцы, дзе магчыма праводзіць пікеты па зборы подпісаў, таму гэты адказ зусім не па сутнасьці пытаньня, кажа Дзяніс Турчаняк:

«Я задаў чыноўнікам пытаньне пра агітацыйны пэрыяд, а яны мне адказалі чамусьці пра пэрыяд рэгістрацыі кандыдатаў. Я абурыўся і накіраваў скаргу аб прыцягненьні чыноўнікаў да адказнасьці за парушэньне заканадаўства аб звароце грамадзян».

Таксама кіраўнікі трох абласных апазыцыйных партый накіравалі зварот дэпутатам Палаты прадстаўнікоў з прапановай сустрэцца і абмеркаваць грамадзка-палітычныя і сацыяльныя праблемы. Галоўныя пытаньні, якія падрыхтаваныя для дэпутатаў, — арганізацыя і правядзеньне выбараў, кажа Мікалай Коўш:

«Мы жадаем пачуць з вуснаў дэпутатаў адказы на шэраг пытаньняў, якія тычацца арганізацыі выбараў. А таксама цікавіць стаўленьне дэпутатаў да тых, ці іншых дзеяньняў улады».

Дэпутат адной з акругаў не адрэагаваў на запыт, што зьяўляецца парушэньнем заканадаўства аб звароце грамадзян, кажа старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі АГП Мікалай Коўш. Партыйцы разважаюць цяпер над тым, як адрэагаваць на такое стаўленьне дэпутата. Такія сустрэчы для дэпутатаў не зусім прыемныя, кажа Мікалай Коўш, бо абмяркоўваецца не набалелае пытаньне асобнага чалавека, а цэлы комплекс пытаньняў:

«Мы ставім больш такія аб’ёмныя пытаньні, зьвязаныя з арганізацыяй выбараў, умовамі дзейнасьці партый. Тут дэпутату патрэбна выказаць сваю пазыцыю як народнага абраньніка, а для іх гэта выклікае цяжкасьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG