Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бел-чырвона-белы пікет ля плошчы Перамогі


Сябры Партыі БНФ правялі масавы пікет па зборы подпісаў увечары 15 кастрычніка, пашыхтаваўшыся зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ўздоўж праспэкту Незалежнасьці паміж плошчамі Якуба Коласа і Перамогі.

Масавы пікет па зборы подпісаў за кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва удзельнікі акцыі завяршылі шэсьцем пад бел-чырвона-белымі сьцягамі да сядзібы партыі БНФ.

18:00
Акцыя набліжаецца да завяршэньня. Яе арганізатары вырашылі працягнуць мерапрыемства яшчэ на хвілін 15-20. Рыгор Кастусёў у размове са «Свабодай» адзначыў, што вельмі задаволены акцыяй, яна атрымалася пазытыўнай. Вырашана правесьці падобныя сустрэчы і ў іншых гарадах Беларусі.

Да акцыі далучыўся й адзін зь лідэраў руху «За свабоду» Віктар Карняенка (зьлева).
Рыгор Кастусёў (БНФ) і Віталь Рымашэўскі (БХД)


17:50 На Плошчы Перамогі зьявіўся Рыгор Кастусёў. Да кандыдата ў прэзыдэнты падыходзяць людзі, задаюць шмат пытаньняў. Нехта з натоўпу кажа: «Адзін кандыдат у прэзыдэнты ўвесь час на тэлевізійным экране. А іншых — нікога ня бачна. Добра, што вы ладзіце такую акцыю. Няхай вас людзі хоць на вуліцы пабачаць».

Кіроўцы машын па-ранейшаму вітаюць сыгналамі ўдзельнікаў акцыі.

17:40
Да акцыі Партыі БНФ далучыліся і прадстаўнікі незарэгістраванай дагэтуль Партыі БХД на чале са сваім кандыдатам у прэзыдэнты Віталём Рымашэўскім. Яны прыйшлі са сваімі сьцягамі.

Цікаўных становіцца ўсё болей. Людзі размаўляюць з палітыкамі, падпісваюцца за іх вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты.

Міліцыянты, а таксама супрацоўнікі праваахоўных структур у цывільным не перашкаджаюць акцыі.

17:30
Арганізатары пікетаў тлумачаць людзям, якія да іх падыходзяць: калі Рыгора Кастусёва абяруць прэзыдэнтам, то ён абавязкова верне краіне яе нацыянальныя сымбалі.

Тым часам па праспэкце праехаў матацыкліст з прымацаваным вялікім бел-чырвона-белым палотнішчам. Кіроўцы машынаў, якія праяжджаюць праз плошчу Перамогі, сыгналамі падтрымліваюць удзельнікаў акцыі.

17:20
Наш карэспандэнт Галіна Абакунчык перадае з Плошчы Перамогі:

Тут усталяваны 8 пікетаў удоўж праспэкту, пачынаючы ад аднаго ўваходу ў мэтро і заканчваючы другім. Над імі лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі, партрэты кандыдата ў прэзыдэнты.

Толькі што на маіх вачах маладая пара ўзяла бел-чырвона-белы сьцяжок, прымацавала яго да дзіцячага вазка і рушыла ўздоўж галоўнай магістралі сталіцы.


17:00 Пачаўся пікет з мэтай збору подпісаў выбарцаў у падтрымку фронтаўскага кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ад плошчы Перамогі да плошчы Якуба Коласа. Паводле Выбарчага кодэксу, рашэньняў Менгарвыканкаму і тлумачэньняў Цэнтральнай камісіі па выбарах, падобнага кшталту акцыі ў пэрыяд збору подпісаў не патрабуюць атрыманьня спэцыяльнага дазволу, і гэтая частка праспэкту не аднесеная да забароненых для пікетаваньня.

Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ і кіраўнік ініцыятыўнай групы па вылучэньні Рыгора Кастусёва адзначае:

«Збор подпісаў за нацыянальна-дэмакратычнага кандыдата пад дзясяткамі бел-чырвона-белых сьцягоў ня толькі зробіцца натхняльнай відовішчнай падзеяй, але і засьведчыць упэўненасьць Партыі БНФ у справе вяртаньня Беларусі да гістарычнай нацыянальнай сымболікі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG