Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 вэтэраны Камуністычнай партыі Кітаю распаўсюдзілі на гэтым тыдні адкрыты ліст з патрабаваньнямі спыніць здушэньне свабоды слова і адмяніць цэнзуру ў краіне.

Падпісанты, у ліку якіх былы асабісты сакратар правадыра “культурнай рэвалюцыі” Мао Цзэдуна, паведамілі, што на стварэньне ліста іх натхнілі жнівеньскія словы прэм’ера Дзяржаўнай рады КНР Вэнь Цьзябао аб неабходнасьці палітычнай рэформы. Вэтэраны-камуністы сваім учынкам хочуць падтрымаць партыйных рэфармістаў, схільных да аслабленьня кантролю над грамадзтвам.

Зьяўленьне ліста ў інтэрнэце папярэднічала распачатаму ў пятніцу пленуму Камуністычнай партыі Кітаю, дзе абмяркоўваюцца пляны разьвіцьця краіны ў найбліжэйшыя пяць гадоў.

“Рух кітайскага гіганта ў кірунку эканамічнай адкрытасьці не суправаджаецца ніякімі значнымі крокамі ў бок палітычнай лібэралізацыі, –

Рух кітайскага гіганта ў кірунку эканамічнай адкрытасьці не суправаджаецца ніякімі значнымі крокамі ў бок палітычнай лібэралізацыі.
канстатуе, аналізуючы памянёны ліст, газэта “The Wall Street Journal”. Многія аналітыкі гавораць пра разьвіваную ў Кітаі новую мадэль: аўтарытарны дзяржаўны капіталізм, які забясьпечвае хуткі эканамічны рост і ўціскае палітычнае іншадумства ў імя сацыяльнай стабільнасьці.

Ліст вэтэранаў-камуністаў быў абнародаваны ў мікраблогу на кітайскім сайце www.sina.com, што дэманструе, якую важную ролю адыгрывае інтэрнэт у Кітаі для прамоцыі палітычных свабодаў. Дарэчы, падобным спосабам – скарыстоўваючы Twitter – Лю Ся, жонка зьняволенага нобэлеўскага ляўрэата Лю Сяобо, выказала ў сераду пратэст супраць утрыманьня яе пад хатнім арыштам.

У адкрытым лісьце гаворыцца, што канстытуцыя гарантуе грамадзянам КНР свабоду самавыражэньня, аднак на практыцы ніякая свабода не дапускаецца.

“Такога тыпу фальшывая дэмакратыя, якая сьцьвярджаецца ў прынцыпе, але адмаўляецца ў сапраўднасьці, – гэта скандал у гісторыі
Такога тыпу фальшывая дэмакратыя, якая сьцьвярджаецца ў прынцыпе, але адмаўляецца ў сапраўднасьці, – гэта скандал у гісторыі дэмакратыі.
дэмакратыі”, – напісалі вэтэраны Кампартыі Кітаю. У лісьце падкрэсьліваецца, што “кітайскія грамадзяне маюць права ведаць пра памылкі кіроўчай партыі”.

Бальшыня падпісантаў ліста – рэфармісты, якія выступалі з падобнымі заклікамі і раней. На сёньняшні дзень палітычны ўплыў гэтых людзей абмежаваны – з прычыны іх вельмі сталага веку.

Тым ня менш, лічаць назіральнікі, ліст вэтэранаў можа актывізаваць у Кітаі публічную дыскусію аб палітычных рэформах. Кітайскія ўлады пакуль што афіцыйна не пракамэнтавалі гэтага ліста.


вытрымкі зь ліста

  • “Наша асноўнае патрабаваньне – каб сыстэма цэнзуры была скасаваная на карысьць сыстэмы юрыдычнай адказнасьці”
  • “Больш няма табу на нашу партыйную гісторыю. Кітайскія грамадзяне маюць права ведаць пра памылкі кіроўчай партыі”
  • “Інтэрнэт – важная дыскусійная плятформа ў нашым грамадзтве і голас поглядаў грамадзянаў. Органы, адказныя за рэгуляваньне інтэрнэту, не павінны адвольна выдаляць онлайн-паведамленьні і онлайн-камэнтары”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG