Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Слухачы абмяркоўваюць выбарчую кампанію і нават складаюць пра яе вершы. Ёсьць і пытаньні да кандыдатаў.

Слухач «Свабоды» задаў пытаньне патэнцыйнаму кандыдату на прэзыдэнта Рыгору Кастусёву:

«Прэзыдэнт Расеі сустрэўся з рок-музыкамі. А цікава, як ставіцца да року ўдзельнік прэзыдэнцкай гонкі Рыгор Кастусёў? Ці будуць праводзіцца фэстывалі? Ці будзе дзяржава падтрымліваць рок? Ці будуць выдавацца біяграфіі рок-музыкаў?».

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў адказаў слухачу:

«Я станоўча стаўлюся да такіх мерапрыемстваў, як фэстывалі, рок-канцэрты. Перш за ўсё таму, што такая музыка падабаецца моладзі, а моладзь — гэта наша будучыня.

Нельга сказаць, што мне ўсё падабаецца. У кожным накірунку ёсьць творы, якія мне падабаюцца. Нельга сказаць, што я прыхільнік нейкага аднаго накірунку. Нешта мне падабаецца з клясыкі, нешта ў джазе, нешта ў рок-музыцы.

Я больш за ўсё люблю беларускіх музыкаў. Дай Бог памяці. Адразу й не згадаць».

Наш слухач выказаў сваё меркаваньне наконт фінансаваньня выбарчай кампаніі.

«Гледзячы, як праходзілі выбары ў Палату прадстаўнікоў, як цяпер зьбіраюцца праводзіць гэтыя выбары, я ўжо даўно зразумеў, што другога туру ня будзе. А вось гэтыя сродкі, каля 10 мільярдаў рублёў, а можа болей, якія прызначаны для другога туру галасаваньня, лічу, гэта прэміяльны фонд усіх лукашыстаў, ухвала за іх працу.

Можа, спадарыні Ярмошынай варта было б гэтыя сродкі не разьдзіраць паміж лукашыстамі, а аддаць папросту хворым дзецям. Якую газэту ні разгорнеш — усё дапамажыце, дапамажыце. Толькі ў апошніх „Аргумэнтах і фактах“ каля трох хворых дзяцей».


Вінцук Вячорка
Гэты званок камэнтуе палітык Вінцук Вячорка:

«Калі гаварыць пра хворых дзяцей, то грошай на апэрацыю ў Беларусі не стае. Адразу згадваюцца пустыя ў незьлічонай колькасьці палацы, усялякія даражэзныя парады, салюты ды іншыя пацехі сэрцу зразумела каго.

Што да выбарчых грошай, то вядома, што грошы, выдаткаваныя на ўмацаваньне дэмакратычнай сыстэмы, у выніку ідуць на карысьць усім людзям, на спраўнасьць у тым ліку й айчыннай мэдыцыны.

І, калі б грошы, прадугледжаныя бюджэтам на выбарчую кампанію, кантраляваліся грамадзтвам, кантраляваліся плюралістычна, то можна было б быць упэўненымі, што так бы яно й сталася. Паколькі ж празрыстасьці няма, то, сапраўды, калі плянуецца адзін такі трыюмфальны тур, то лепш было б аддаць гэтыя грошы няшчасным цяжка хворым дзецям».

Адзін з нашых слухачоў параўнаў сыстэму аплаты працы ў Беларусі і Нямеччыне.

«У Беларусі можна не працаваць і атрымліваць грошы, ня тое, што ў Нямеччыне. А хто ня здолеў прыстасавацца, той вымушаны наадварот: працаваць і не атрымліваць грошы».

Наш слухач, які назваўся Ўладзімерам, напісаў пра выбары верш.

«Вы на выбары цяпер лепей не хадзіце,
Каб ня траціць марна час, дома пасядзіце.
Ўжо даўно ўлада ў нас пра народ ня зычыць,
Усё адно ваш бюлетэнь ніхто не палічыць.
Вылічаць яны таму, каму загадае,
У камісіі сядзіць ягоная зграя».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG