Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэтэндэнт у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч заявіў, што лічыць неабходным даць гарантыі сёньняшняму прэзыдэнту, ня ставіць мэтай далучэньне Беларусі да Эўразьвязу, а пытаньне вяртаньня старых дзяржаўных сымбаляў пакіне на разгляд парлямэнту.

У інтэрвію агенцтву Інтэрфакс-Захад, адказваючы на пытаньне пра першы ўказ у выпадку абраньня яго прэзыдэнтам, Алесь Міхалевіч заявіў: “Першы ўказ будзе пра прававое становішча папярэдняга прэзыдэнта. Трэба ўрэгуляваць ягоны статус, даць адпаведныя гарантыі. Наступны блёк указаў будзе тычыцца эканомікі. Без эканамічнага росту ў нас ня будзе шансу рэалізаваць ўсе астатнія пастулаты праграмы”.

Сёньняшняя ўлада шмат зрабіла дзеля таго, каб Беларусь адбылася як незалежная дзяржава
“Я лічу, што ва ўлады шмат дасягненьняў, але трэба шмат зьмяніць, каб беларуская мадэль была стабільнай, -- сказаў Алесь Міхалевіч. -- Я не баюся навешваньня ярлыкоў. Калі нехта ў апазыцыі лічыць, што ўсе палітыкі абавязаныя крычаць пра “злачынны рэжым”, дык я адзін з палітыкаў, які кажа, што сёньняшняя ўлада шмат зрабіла дзеля таго, каб Беларусь адбылася як незалежная дзяржава”.

Адказваючы на пытаньні адносна эканамічнай праграмы, Міхалевіч заявіў, што “трэба максымальна хутка ўступіць у УГА. Перакананы, што гэта рэалістычна. Другое – Беларусь павінна быць прадказальнай дзяржавай. Інвэстары – кампаніі з Расеі, Эўропы, Азіі – павінны ведаць, што тут няма праблемаў з мытняй, што эканамічныя рэаліі прадказальныя... Вельмі шмат для разьвіцьця бізнэсу робіцца і сёньняшняй уладай. Напрыклад, увядзеньне дванаццаціадсоткавага падаходнага падатку. Перакананы, у доўгатэрміновай пэрспэктыве гэтая мера прывядзе да сур’ёзнага павелічэньня збіраемасьці падаткаў. Але гэтага недастаткова. Беларусь усё робіць, каб узьняцца ў рэйтынгу Doing business, але вельмі мала, каб рэальна павялічыць дабрабыт людзей”.

Я ня маю варожага стаўленьня да сёньняшніх дзяржаўных сымбаляў
Сярод іншых, Алесю Міхалевічу было зададзена пытаньне – “Вы вернеце старыя дзяржаўныя сымбалі?”. “Я лічу, не прэзыдэнт павінен займацца такімі рэчамі, -- адказаў А. Міхалевіч. -- Хай вырашае парлямэнт пасьля абмеркаваньня з насельніцтвам. Я ня маю варожага стаўленьня да сёньняшніх дзяржаўных сымбаляў. Пад імі перамагалі шмат якія беларускія спартоўцы”.

“Для мяне ўступленьне ў ЭЗ – ня мэта, -- адказаў А. Міхалевіч на пытаньне пра зьнешнюю палітыку. – На сёньняшні дзень, калі ЭЗ яшчэ не пасьпеў пераварыць Польшчу, Чэхію. Румынію і Баўгарыю, калі вялізныя праблемы ў эканоміцы Латвіі, Грэцыі, Партугаліі, вельмі цяжка казаць пра пашырэньне ЭЗ. Тыя палітыкі, якія рэальна ўплываюць на палітыку ЭЗ, баяцца якіх заўгодна дэклярацыяў пра пашырэньне”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG