Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Маскве заплянавана паседжаньне савету міністраў так званай “саюзнай дзяржавы”, у якім возьме ўдзел прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі. Таксама пройдзе сустрэча кіраўнікоў урадаў Беларусі, Казахстану і Расеі.

У парадку дня саюзнага паседжаньня — больш за 30 пытаньняў. Сяргей Сідорскі кажа, што асноўным дакумэнтам, які плянуецца абмеркаваць, будзе праект бюджэту "саюзнай дзяржавы" на 2011 год.

Паводле Міністэрства замежных справаў Беларусі, у цэнтры ўвагі будзе рэалізацыя пляну сумесных дзеяньняў аб мінімізацыі наступстваў фінансавага крызісу, які быў прыняты ў мінулым годзе. Ці будуць там абмяркоўвацца пытаньні паставак энэрганосьбітаў?

Прэсавы сакратар беларускага прэм'ера Аляксандар Цімашэнка сказаў:

"Я ня ведаю такіх пытаньняў у парадку дня саўміну "саюзнай дзяржавы". Пытаньні, якія туды ўваходзяць, таксама ўжо былі названы".

Прадстаўнік "Газпрому" Сяргей Купрыянаў паведаміў карэспандэнту "Свабоды", што па іх лініі перамоваў не заплянавана. На гэты момант нейкіх крытычных праблемаў няма — газ аплачваецца. А кантракт, у якім прапісаны ўмовы паставак ў наступным годзе, дзейнічае. Паводле спадара Купрыянава, "ніякіх падставаў для зьменаў на гэты момант няма".

Аднак адмыслоўцы і ў Маскве, і ў Менску адзначаюць, што беларускі бок найперш цікавяць умовы паставак нафты і газу ў 2011 годзе. Паводле палітоляга Андрэя Суздальцава, "сустрэча С.Сідорскага з У.Пуціным плянаваная, і ніякага прарыву там ня будзе". Згодна з двухбаковым пратаколам ад студзеня гэтага году, кастрычнік быў заплянаваны для пераліку аб'ёму паставак бязмытнай нафты з улікам росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі.

"Натуральна, гэтае пытаньне падвісае цяпер. Пытаньне не вырашаецца і, вядома, хутчэй за ўсё Сідорскі будзе намагацца яго “прабіць”. Гэта менавіта пытаньне сёньняшняга дня. Паседжаньня саўміну ня будзе да новага году, і беларускі бок, бачыце, як заяўляе, што хоча атрымаць зьніжкі па газу да 2014 года і хоча зноў жа павялічыць бязмытную квоту нафты ў наступным годзе".

Паводле спадара Суздальцава, у Маскве ня пойдуць на саступкі краіне, якая "вядзе антырасейскую палітыку".

"Аляксандар Рыгоравіч, выступаючы 1 кастрычніка на прэс-канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў, правёў яе ў парадыгме па-за саюзнымі дамовамі, па-за інтэграцыйных справаў. Чаму Расея павінна знаходзіцца ў гэтых інтэграцыйных справах? Крызіс у дачыненьнях Беларусі і Расеі ідзе ўжо восьмы год".

Палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што дата паседжаньня "саюзнага" саўміну была прызначаная загадзя і адмаўляцца ад перамоваў было б неразумна. Паводле спадара Фёдарава, у Сідорскага спытаюць, чым выкліканыя цяперашнія паводзіны афіцыйнага Менску. Але гэта ня будзе асноўнай тэмай. Падчас паседжаньня будуць закранацца пытаньні паставак нафты і газу.

"Іншая справа, ці патрапіць Беларусь нешта выйграць на гэтым, тут у мяне ёсьць пэўныя сумневы. Менавіта з-за беларуска-расейскага канфлікту Масква не пагодзіцца пайсьці на нейкія паслабленьні".

Сёлета Беларусь атрымае з Расеі бязмытна 6,3 мільёна тон нафты, астатнія 15 мільёнаў тон абкладаюцца 100-працэнтным экспартным мытам. Таксама Расея не зьбіраецца скасоўваць мыта на нафтапрадукты для Беларусі і абяцае ў наступным годзе перайсьці на ўсясьветныя цэны ў пастаўках газу.
XS
SM
MD
LG