Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
14 кастрычніка ў Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы прайшла прэзэнтацыя зборніку аўтарскіх казак і ўганараваньне пераможцаў аднайменнага конкурсу "Зачаруй казкай".

Арганізатары гэтай дабрачыннай акцыі Аксана Іванюк і Аляксандра Літвінчук самі не чакалі такой актыўнасьці сярод маладых казачнікаў. Дзяўчаты за месяц атрымалі 74 казкі ад 54 аўтараў. Аўтарытэтнае журы – рок-музыка і зьбіральнік беларускіх народных казак Алег Хаменка, рэжысэр і актор Васіль Дранько-Майсюк і літаратарка Валярына Кустава – уважліва прачыталі ўсе дасланыя на конкурс казкі. Алег Хаменка распавёў:

"Самае галоўнае ў казцы, на мой погляд, памятаю я гэту казку ці ня памятаю. І вось гэта было вызначальным у маім выбары: чаму менавіта гэтая казка. Усе тыя казкі, якія былі дасланыя на конкурс, вартыя публікацыі. Казка, як бы мы ні круцілі, гэта ўсё ж такі пошук мудрасьці. Прычым, у казцы зусім неабавязкова мусіць быць, як у байцы: "Мораль той басни такова..." Не, тут кожны сам мусіць знайсьці штосьці для сябе з таго, што ён прачытае".

17 лепшых твораў увайшлі ў зборнік "Зачаруй казкай". Кніга выйшла накладам 300 асобнікаў, і ўсе яны будуць перададзеныя ў дзіцячыя дамы. Дарэчы, дзецям прапануецца даць волю сваім творчым талентам і размаляваць кніжку.

Пра свае ўражаньні ад казак і пра тое, як нялёгка было абраць пераможцаў конкурсу, распавядае літаратарка Валярына Кустава.

"Напраўду, калі я чытала гэтыя казкі, яны мяне неверагодна ўразілі. Яны вельмі самабытныя ў сваёй першароднасьці. Сябра журы Васіля Дранко-Майсюка тут няма, але калі мы зь ім абмяркоўвалі, хто зойме першае месца, мы ледзьве не пабіліся. Мяне так уражвалі казкі пра зорачак, а яго – пра музыку... Але ўсё ж такі мы паразумеліся, знайшлі кансэнсус.

Большасьць людзей, і перадусім пісьменьнікаў, яны растуць з казак. З казак расьце душа. І ўсе гэтыя казкі, якія вы напісалі, яны маюць вельмі шчырую, вельмі таленавітую душу. Дзякуй вам вялікі!"

Ну а пераможцай аказалася якраз Кацярына Ганчарова з "Казкай пра дзяўчыну-зорачку":

"У мяне трое маленькіх дзетак. Ужо некалькі гадоў кожны вечар яны патрабуюць новую казку. І я амаль што кожны вечар вымушана сачыняць для іх казкі і распавядаць. І вось гэтая "Казка пра дзяўчыну-зорачку" – першая, што я для іх прыдумала гады два таму. І гэта першая казка, што я запісала, бо быў конкурс, была нагода. А астатнія – толькі ў маёй галаве і ў галовах маіх дзетак".

Цікава, што казкі на конкурс дасылалі і маладыя маці, якія, як і пераможца конкурсу шматдзетная маці Кацярына Ганчарова, штовечар прыдумляюць новыя казкі сваім дзеткам, зусім юныя творцы – школьніцы, вядомыя літаратары, якія выдалі ўжо не адну кнігу.

Пераможца Кацярына Ганчарова

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG