Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне "Свабоды": "Для чаго Лукашэнка склікае Ўсебеларускі народны сход?" Адказвалі жыхары Магілёва.

Спадар: "Пахваліцца дасягненьнямі, я так думаю, тымі ж, што й пятнаццаць гадоў таму. У яго ўсё расьце й разьвіваецца. Зьезд КПСС — тое ж самае: паказуха. Сабраліся, паляскалі й разышліся".

Спадар сталага веку: "Пачне здалёк, што з Вэнэсуэлай маем адносіны й з Кітаем. Зноў рыкне што-небудзь на Расею. Мне не падабаецца, што ён з Расеяй ваюе. І наагул ягоная палітыка мне цяпер не падабаецца".

Спадарыня: "Вядома, каб сабе яшчэ болей імідж стварыць. Хаця ў яго ўсё нармальна зь ім, але… Ай, думаю, мала мы ведаем наагул пра іншых прэтэндэнтаў. Мы наагул нікога ня ведаем, акрамя нашага прэзыдэнта. Я вось, да прыкладу, нікога ня ведаю".

Спадар: "Для таго, каб заручыцца народнай падтрымкай. У сьвятле тых нэгатыўных рэакцыяў і выказваньняў у расейскіх СМІ я думаю, што ў яго нейкі сумнеў і затаіўся. Аднак жа не настолькі, каб страціць веру ў свой народ".

Спадарыня: "Напэўна, каб яго зноў абралі прэзыдэнтам".

Спадар: "Каб людзям лепей жылося. Калі будзе другі чалавек, лепей ня будзе. Ён прэзыдэнт, а прэзыдэнта я не магу асуджаць. Але як бы яго ні асуджалі, аднак у Нямеччыне трэба працаваць, а ў нас можна нічога не рабіць і за гэта атрымліваць грошы. Гэта вялікі плюс Аляксандру Рыгоравічу".

Малады спадар: "Можа вырашыць нейкія праблемы, якія стаяць перад дзяржавай. Напрыклад, мытны саюз з Расеяй".

Спадарыня: "Я не Гасподзь Бог і ня папа рымскі, каб залезьці яму ў душу або ў мазгі, каб даведацца, што ён хоча сказаць. Мы ж самі пакуль не ўраўнаважаныя. Відаць, так трэба. Гэта для нас, для нашых дзяцей і для будучыні".

Юнак: "Магчыма, у яго ёсьць нейкія пляны на бліжэйшую будучыню. Будзе там усё прыгожа й шчасьліва паказана. На жаль, гэта ня будзе адлюстроўваць нашу рэчаіснасьць".

Малады спадар: "Каб пагаварыць з народам. Кожны ж сябе бароніць, нешта прапаноўвае напярэдадні выбараў. Вось і ён таксама".

Спадар: "Ён, можа, хоча адсправаздачыцца за сваю працу й прэзэнтаваць сваю плятформу будучага прэзыдэнта. Зьвярнуцца, так бы мовіць, да народу, каб народ справядліва ацаніў яго".
XS
SM
MD
LG