Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя: Гендэрная роўнасьць не залежыць толькі ад дзяржавы


Каб палепшыць долю беларускай жанчыны і стымуляваць нараджальнасьць у краіне, прэтэндэнт у кандыдаты на прэзыдэнцкія выбары Віталь Рымашэўскі прапануе ў сваёй праграме наступнае:

1. Падоўжыць дэкрэтны водпуск жанчынам на два тыдні і дазволіць ім браць гэты водпуск на 28 тыдні цяжарнасьці (а не на 30-м, як цяпер).

2. Павялічыць падатковыя льготы сем’ям зь непаўналетнімі дзецьмі, павялічыўшы стандартнае падатковае вылічэньне з падаходнага падатку на кожнае непаўналетняе дзіця і кожнага ўтрыманца ў памеры мінімальнага заробку (400 тысяч рублёў).

3. Прыняць закон аб сямейным (мацярынскім) капітале, у якім будзе прадугледжана выдача адпаведных сэртыфікатаў для сем’яў, якія гадуюць дваіх і болей дзяцей.

Падобную прапанову адносна падаўжэньня дэкрэтнага водпуску цяжарных жанчын робіць і Міністэрства працы і сацыяльнай абарону ў Беларусі.

Ці гэтыя захады сапраўды могуць палепшыць долю жанчын у Беларусі?

Прыклад Францыі, якая ў Эўропе зьяўляецца ўзорнай дзяржавай што да клопату аб мацярынстве і нараджальнасьці, паказвае, што гэтага можа і не адбыцца.
Французкі ў сярэднім маюць па двое дзяцей, у Эўразьвязе на жанчыну ў сярэднім прыпадае 1,5 дзіцяці...


У Францыі жанчынам і сем’ям зь дзецьмі належацца 16 тыдняў мацярынскага водпуску (26 тыдняў пры трэцім дзіцяці), шчодрая дзяржаўная грашовая дапамога, вылічэньні з падаходнага падатку на кожнае дзіця, бясплатныя дзіцячыя садкі, скідкі на праезды цягнікамі для шматдзетных сем’яў ды аплачаныя дзяржавай заняткі пасьляродавай гімнастыкі для жанчын. Вынікі – навідавоку. Французкі ў сярэднім маюць па двое дзяцей, у Эўразьвязе на жанчыну ў сярэднім прыпадае 1,5 дзіцяці.

Але, нягледзячы на гэтыя зайздросныя ўмовы мацярынства для францускіх жанчын, нядаўняе дасьледаваньне гендэрнай роўнасьці ў сьвеце, зробленае Сусьветным эканамічным форумам, ставіць Францыю ўсяго на 46 месца па наяўнасьці гэтай роўнасьці – пасьля ня толькі ЗША і большасьці эўрапейскіх краінаў, але і такіх краінаў, як Казахстан ці Ямайка.

Гендэрную няроўнасьць у Францыі сацыёлягі тлумачаць глыбока ўкаранелым грамадзкім перакананьнем, што апека над дзецьмі – гэта перш за ўсё клопат маці, а ня бацькі.
Францускія жанчыны ў сярэднім прысьвячаюць 5 гадзін на дзень на дзяцей і хатнія заняткі, а францускія мужчыны – 2 гадзіны...


Як вынікае з сацыялягічных дасьледаваньняў, францускія жанчыны ў сярэднім прысьвячаюць 5 гадзін на дзень на дзяцей і хатнія заняткі, а францускія мужчыны – 2 гадзіны.

Для 46 адсоткаў жанчын у Францыі зьяўленьне дзіцяці ў сям’і мяняе іхнюю прафэсійную кар’еру; з другога боку, зьмены ў прафэсійнай кар’еры, выкліканыя павелічэньнем сям’і, закранаюць усяго 6 адсоткаў францускіх мужчын.

Нягледзячы на тое, што жанчыны ў Францыі ў сярэднім лепш адукаваныя, чым мужчыны, назіраецца вялізная дыспрапорцыя на карысьць мужчын ў прызначэньнях на кіраўнічыя пасады. Толькі адна жанчына ў Францыі знаходзіцца на пасадзе дырэктара вядучай нацыянальнай кампаніі.

У палітычным жыцьці таксама няма роўнасьці. У 1998 годзе ўвайшоў у жыцьцё закон, які абавязвае францускія палітычныя партыі ўносіць роўную колькасьць жаночых і мужчынскіх кандыдатаў у свае выбарчыя сьпісы, але партыі надалей аддаюць перавагу мужчынам, бо ім больш даспадобы плаціць штрафы за парушэньне гэтага закону, чым вылучаць наперад жанчын у палітычным жыцьці.

Урэшце, францускія жанчыны зарабляюць на 17 адсоткаў менш, чым мужчыны на такіх самых пасадах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG