Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі падпісваюцца са словамі: “Абы не за Лукашэнку”


Прыкметна схаладнела, і праца ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за кандыдатаў на прэзыдэнта стала больш складанай. Але на вуліцах гарадоў далей стаяць пікеты зборшчыкаў подпісаў, некаторыя паставілі маленькія намёты. Ініцыятыўныя групы павінны сабраць па 100 тысяч подпісаў для рэaгістрацыі сваіх кандыдатаў.

Пра ход гэтай кампаніі з рэгіёнаў Беларусі распавядаюць карэспандэнты «Свабоды».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«За апазыцыю ў прынцыпе!»

Пікет па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку.
У Гомелі ля новага ўнівэрмагу, дзе вядзецца збор подпісаў, утварылася своеасаблівая тэставая пляцоўка сымпатый выбарцаў да патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта.

Пікет па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку стаіць, што называецца, на самым людзкім патоку. Але найбольш актыўна гараджане падпісваюцца менавіта за апазыцыйных вылучэнцаў — Андрэя Саньнікава, Уладзімера Някляева, Мікалая Статкевіча. Іхнія пікеты месьцяцца побач, але як бы насупраць пікету за дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Жанчына, якая назвалася Аленай, толькі што паставіла подпіс за лідэра Народнай Грамады:

«За Статкевіча. За апазыцыю ў прынцыпе! Лукашэнка ўжо, шчыра кажучы, заседзеўся. Трэба мяняць — краіна ідзе невядома куды. Ужо з усімі мы пасварыліся — і з Расеяй, і з усімі. А ён усё прыкрывае ды прыкрываецца. Паглядзіш у інтэрнэце — супраць яго ўсе. А ён то з сыночкам ходзіць, то яшчэ з кім-кольвечы. Хіба так робіцца?!»

Пікеты за апазыцыйных вылучэнцаў.
Мужчына сярэдняга веку таксама падпісваецца за вылучэнцаў ад апазыцыі:

«Я — за ўсю апазыцыю! Патрэбны перамены! А пра Статкевіча я толькі з афіцыйнай прэсы ды тэлебачаньня ведаю: то ён арганізоўвае мітынгі, то іншыя акцыі. І вечна змагаўся супраць рэжыму».

Інтэлігентнага выгляду кабета ставіць подпіс за Саньнікава:

«За Андрэя Саньнікава. Усё-ткі гэты чалавек быў намесьнікам міністра замежных спраў. Магчыма, і за Някляева падпішуся. Калі будзе Лукашэнка, мне падаецца, будзе штосьці страшнае. Істотных пераменаў у краіне не адбылося. На мой погляд, становіцца ўсё горш і горш зь ягоным праўленьнем. Адбілася гэта й на маёй сям’і».

Зьбіральнікі подпісаў у апошнія дні надзяюць цёплую зімовую вопратку, бо на вуліцы зараз значна пахаладала. А стаяць у пікеце даводзіцца па 7—8 і больш гадзінаў. Але настрой у зьбіральнікаў добры — людзі ставяцца да апазыцыйных вылучэнцаў не як да «адмарозкаў», а як да носьбітаў пераменаў у краіне.

Яўген Якавенка
Сваімі назіраньнямі дзеліцца Яўген Якавенка, зьбіральнік подпісаў за Някляева:

«Я тут ужо, калі не памыляюся, дзявяты дзень. Тэндэнцыя такая: у першыя дні было вельмі шмат людзей, якія прыходзілі нібыта дзеля правакацыяў — спрабавалі нешта ўзяць, нешта зьнесьці. Словам, справакаваць на парушэньне закону. Праз тры дні гэта ўсё скончылася. Цяпер людзі падпісваюцца досыць актыўна — пераважна за Някляева, за Саньнікава.

Мы на знак салідарнасьці просім падпісацца й за астатніх апазыцыйных кандыдатаў. Шмат хто й падпісваецца з такімі словамі: „Абы не за Лукашэнку“. Настрой у грамадзтве відавочна зьмяніўся ў параўнаньні з тым жа 2006 годам».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Людзі выходзяць на пляцоўку і агітуюць супраць Лукашэнкі»

На Гарадзеншчыне зьбіральнікі подпісаў за апазыцыйных кандыдатаў ўпэўнена кажуць, што набяруць дастатковую колькасьць подпісаў за сваіх прэтэндэнтаў.

Алег Рамашкевіч зьбірае подпісы за Ўладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава ў Бераставіцкім раёне. Распавядае, што людзі ў сваёй бальшыні прыязна ставяцца да гэтых прэтэндэнтаў і ставяць свае подпісы.

Паводле ягоных слоў, часта людзі нічога ня ведаюць пра апазыцыйных кандыдатаў, але ўсё роўна ставяць подпісы, каб Лукашэнку былі канкурэнты. Але прыкладна траціна людзей, якіх абышоў Алег Рамашкевіч, казалі, што ставяць подпіс толькі за Лукашэнку.

Рамашкевіч: «Абвінавацілі мяне ў тым, што я замбіраваны польскім тэлебачаньнем. У нас чатыры польскія каналы, і на кожным зь іх можна пабачыць самых розных палітыкаў, якія зусім ня згодныя з прэзыдэнтам. Дык вось мяне нібыта замбіравала польскае тэлебачаньне, а іх беларускае — не. Гэта мне даводзілі і маладыя людзі: ён — аграном у калгасе, а яна — настаўніца».
Былі такія кватэры, зь якіх людзі выходзілі ўсёй сям’ёй на пляцоўку, агітавалі ўсіх суседзяў…

У Ваўкавыску актывіст, які зьбірае подпісы за Яраслава Раманчука і Андрэя Саньнікава, распавядае: абышоўшы два 36-кватэрныя дамы, ён толькі ў трох кватэрах пачуў, што гаспадары будуць падпісвацца за Лукашэнку.

Спадар: «Былі такія кватэры, зь якіх людзі выходзілі ўсёй сям’ёй на пляцоўку, агітавалі ўсіх суседзяў і ўсёй пляцоўкай падпісваліся за апазыцыйных кандыдатаў».

У Сьвіслацкім раёне зьбіральнік подпісаў кажа, што ў вёсках інфармацыя даходзіць да людзей толькі з раённае газэты. Людзі абсалютна ня ведаюць нават, колькі прэтэндэнтаў зьбіраюць подпісы, каб стаць кандыдатамі на прэзыдэнта, і хто яны пэрсанальна.

Праўда, зь яго слоў, маладыя людзі імкнуцца далучыцца да апазыцыйных кандыдатаў, хаця адчуваецца, як людзей стрымлівае кантрактная сыстэма. Спадар узгадвае цікавы выпадак, калі ён вёз чатырох жанчын у машыне зь вёскі Вердамічы і прапанаваў ім падпісацца за апазыцыйных кандыдатаў.

Спадар: «І тут сярод іх пачынаецца сварка. Адна зь іх аказалася з адміністрацыі калгаса і сама зьбірала подпісы за Лукашэнку. Яна ім прамым тэкстам заявіла: раз падпісаліся за Лукашэнку, больш ні за кога ня можаце. І вось пры ўсім гэтым дзяўчаты ў прысутнасьці яе не аддалі свае подпісы, бо ведама — кантрактная сыстэма».


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Бабуля паслухалася ўнука

У Берасьці большасьць пікетаў, дзе зьбіраюць подпісы за вылучэньне кандыдатаў, месьціцца ў цэнтры гораду. Каля кінатэатру «Беларусь» і Цэнтральнага ўнівэрмагу подпісы зьбіраюць за дзейнага кіраўніка дзяржавы. Альтэрнатыўныя кандыдаты пікетуюць каля Цэнтральнага рынку.

Зінаіда Міхнюк, сябра ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава, кажа, што жыхары практычна ўсяе вобласьці наведваюць Цэнтральны рынак і ставяць свае подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Што да адметнасьцяў сёлетняй кампаніі, то спадарыня Зінаіда лічыць: старэйшае пакаленьня цяпер не навязвае свае погляды, а прыслухоўваецца да маладзейшых:

«Некаторы час таму да нас прыйшла бабулька і ў жменьцы працягнула паперку з прозьвішчамі Саньнікава, Раманчука і Някляева. Паводле бабулькі, гэтыя прозьвішчы напісаў яе ўнук і патрабаваў ад яе падпісацца за гэтых асобаў. Пры гэтым бабулька нават папрасіла, каб мы нейкім чынам адзначылі, што яна тут была. Такім чынам, пажылыя цяпер слухаюць сваіх дзяцей».

Аляксандар Антончык, сябра ініцыятыўнай групы, якая зьбірае подпісы за Мікалая Статкевіча, кажа, што грамадзяне часта падыходзяць для таго, каб пазнаёміцца з альтэрнатыўнымі кандыдатамі. Бо атрымаць інфармацыю магчыма толькі на пікетах:

«Большасьць ставяць свае подпісы для таго, каб была альтэрнатыва. Выбары прадугледжваюць магчымасьць прыняцьця рашэньня і непасрэдна самога выбару. Многім вельмі цікавыя погляды патэнцыйных кандыдатаў, іхнія вытрымкі з будучых праграмаў».

Не абыходзіцца і без правакацыяў, кажуць зьбіральнікі подпісаў. Найчасьцей здараецца, што асобы, якія ня маюць з сабою пашпарту, просяць унесьці іх у падпісныя лісты. Самы гучны выпадак здарыўся са зьбіральнікамі подпісаў за Віталя Рымашэўскага, якія вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг. Маладзёны нападпітку падышлі да зьбіральнікаў і намагаліся сарваць сьцяг.

Час ад часу на Цэнтральным рынку зьяўляюцца пікетоўцы за Аляксандра Лукашэнку. Праўда, няшмат людзей ставяць подпіс за дзейнага кіраўніка краіны, кажа кіраўнік ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага Зьміцер Шурхай:

«Мы бачым, што людзей мала да іх падыходзіць. А калі і падыходзяць, то вельмі часта выказваюць сваё незадавальненьне. Дарэчы, пабачыўшы, што мы вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг, у групе зьявіўся маладзён, які на працягу дня трымае дзяржаўны сьцяг і размахвае ім».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG