Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб скліканьні IV Усебеларускага народнага сходу 6—7 сьнежня ў Менску. Своеасаблівы "народны хурал" арганізуецца з мэтай, як тлумачыцца ў дакумэнце, "рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзянаў удзельнічаць у абмеркаваньні пытаньняў дзяржаўнага і грамадзкага жыцьця".

Між тым імпрэза даўно стала перадвыбарнай трыбунай для Лукашэнкі, бо традыцыйна ладзіцца акурат да прэзыдэнцкіх выбараў. Апроч таго, дэлегатаў на сход карпатліва фільтруюць, і каб у залю трапілі неправераныя асобы — такое практычна выключана.

Усебеларускі народны сход больш нагадвае савецкія партыйныя зьезды, адметныя перадусім адзінствам меркаваньняў прысутных у залі. Нават зьнешнія атрыбуты тыя ж: шматлюдны прэзыдыюм, загадзя вызначанае кола выступоўцаў, рэвэрансы на адрас вышэйшага кіраўніка і аплядысмэнты, якія пераходзяць у авацыі. Як кажа палітоляг Вадзім Казначэеў, такі архаізм на постсавецкай прасторы захаваўся толькі ў Беларусі:

Вадзім Казначэеў
"Чаму ўсё гэта захавалася ў Беларусі? Дык Беларусь відавочна найбольш савецкая з усіх постсавецкіх рэспублік. І найперш па форме кіраваньня. Лукашэнка пераняў усе, якія мог, аспэкты савецкага стылю. І вось гэты народны сход, які павінен зацьвердзіць пяцігодку (таксама слоўца з тых часоў), — лішняе таму пацьверджаньне. Традыцыйна мерапрыемства праводзіцца перад выбарамі і мае на мэце паказаць нібы вялізную, усенародную падтрымку Аляксандра Рыгоравіча. Як абіраюцца дэлегаты на гэты сход — мы выдатна ведаем. Але гэта не пляцоўка для нейкіх дыскусіяў і ня месца для рэальнага прыняцьця нейкіх рашэньняў. Тым больш што ў любым выпадку гэтыя рашэньні ня маюць юрыдычнай сілы. Гэта пляцоўка для плясканьня ў ладкі, ня больш за тое. Для бурлівых авацыяў і для таго, каб засьведчыць, які файны ў нас прэзыдэнт Лукашэнка".

На інтэрнэт-старонцы прэзыдэнта Беларусі ўдакладняецца: на абмеркаваньне IV Усебеларускага народнага сходу будуць вынесеныя пытаньні пра вынікі праграмы рэалізацыі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на 2006—2010 гады, а таксама палажэньні аналягічнай праграмы на 2011—2015-ты.

Колькасьць удзельнікаў — 2500 чалавек: кожная вобласьць дасьць па 350 дэлегатаў, Менск — 400. "Найлепшыя з найлепшых" будуць абірацца на гарадзкіх і раённых сходах упаўнаважаных. Да 10 лістапада Лукашэнка асабіста зацьвердзіць каштарыс падрыхтоўкі і правядзеньня сходу, але яшчэ да таго, як балянсы будуць падбітыя, Савету міністраў і Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта загадваецца ажыцьцявіць фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне мерапрыемства. Аргкамітэт сходу ўзначальваюць прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі і кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей. Распрацоўкай праекту праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця займаецца працоўная група на чале з намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанідам Анфімавым і віцэ-прэм'ерам Андрэем Кабяковым.

Аналітыкі кажуць, што Аляксандру Лукашэнку давядзецца істотна карэктаваць заявы, зробленыя падчас аналягічнага сходу ў сакавіку 2006-га. Так, чатыры гады таму ён хваліўся, што беларуская мадэль даказала ўсяму сьвету сваю эфэктыўнасьць, бо абыходзіцца бязь зьнешніх пазыкаў:
Нават тыя 300 мільёнаў, якія мне Валютны фонд даў у самы першы год майго прэзыдэнцтва, ня ведаючы, які я буду чалавек, дыктатар — не дыктатар, прынесьлі і далі — вось вам дваістыя стандарты — на развал эканомікіe ...

"Мы сёньня практычна ня маем дзяржаўнага доўгу. Калі ў нас 15 мільярдаў даляраў запазычанасьць, дык мы за год можам аддаць гэтыя грошы. Нават тыя 300 мільёнаў, якія мне Валютны фонд даў у самы першы год майго прэзыдэнцтва, ня ведаючы, які я буду чалавек, дыктатар — не дыктатар, прынесьлі і далі — вось вам дваістыя стандарты — на развал эканомікі. Маўляў, прыватызацыя і ўсё астатняе, як яны прапісалі. Я сказаў: не, такую палітыку праводзіць ня будзем. Ну, і Пракаповічу загадаў: не чапайце гэтыя грошы. Хай яны ляжаць, але не чапайце, як бы нам складана ні было. І мы ні даляра, ні цэнта ня выкарысталі з гэтых грошай. Дык навошта нам зараз браць чужое, калі ў нас ёсьць сваё, якое трэба перш за ўсё асвоіць? Ад гэтага мы атрымаем прыбытак, бо галоўнае ў гэтым працэсе — прыбытак".

Аднак досьвед паказаў, што "беларускі цуд" у значнай ступені забясьпечваўся паразытаваньнем на Расеі, якая таннымі энэргарэсурсамі на мільярды даляраў субсыдыявала стратную эканоміку Беларусі. А калі Масква прыкрыла фінансавыя шлюзы ды істотна звузіла свой рынак для беларускай прадукцыі, давялося запяяць іншыя песьні. Пасьля адмовы ў чарговым расейскім крэдыце Менск пайшоў з працягнутай рукой, за некалькі гадоў абросшы пазыкамі ў Міжнародным валютным фондзе і Ўсясьветным банку, Кітаі і Вэнэсуэле. Агулам напазычана больш як 23 мільярды даляраў, што непараўнальна з сумай доўгу, агучанай Лукашэнкам чатыры гады таму.

Нагадаем, што папярэдні Ўсебеларускі народны сход, які адбыўся за тры тыдні да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, стаў "пунктам адліку" для аднаго з апазыцыйных кандыдатаў — Аляксандра Казуліна. 2 сакавіка 2006 году экс-рэктар БДУ спрабаваў трапіць на адкрыцьцё імпрэзы, але быў зьбіты аховай і затрыманы. У той жа дзень міліцыя разагнала акцыю, якой апанэнты ўлады намагаліся "дастукацца" да ўдзельнікаў сходу. 25 сакавіка, падчас сьвяткаваньня Дня Волі, Казуліна затрымалі па "сукупнасьці заслугаў" і абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця.

Гэтым разам пра намер удзельнічаць у працы Ўсебеларускага народнага сходу ўжо заявіў лідэр кампаніі "Гавары праўду", патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG