Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК прыняў палажэньне аб правядзеньні дэбатаў паміж кандыдатамі на прэзыдэнта. Тэледэбаты адбудуцца на Першым нацыянальным канале з 19-й да 20-й гадзіны.

Радыёдэбаты — з 6-й да 7-й раніцы.

Андрэй Дзьмітрыеў, кіраўнік ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева, папрасіў унесьці ў палажэньне пункт, каб дэбаты адбываліся ў наўпроставым эфіры.

Гэта, паводле Дзьмітрыева, дазволіць пазьбегнуць скаргаў, што супрацоўнікі каналаў нешта сказілі альбо выразалі.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адказала, што прапанова Дзьмітрыева — "гэта сымпатычная ідэя".

Аднак Ярмошына спаслалася на тлумачэньне кіраўніцтва Белдзяржтэлерадыёкампаніі, што кампанія пакуль не гатовая праводзіць дэбаты ў наўпроставым эфіры.

У дэбатах змогуць удзельнічаць ня толькі кандыдаты на прэзыдэнта, але і іх давераныя асобы.

"Кандыдаты на прэзыдэнта будуць мець права бясплатна публікаваць свае праграмы ў чатырох рэспубліканскіх газэтах, шасьці абласных і адной гарадзкой газэце", — паведаміла сябра ЦВК Надзея Кісялёва.

Тэкст праграмы павінен займаць ня менш як пяць машынапісных старонак. Ён павінен быць перададзены ў рэдакцыі газэт да 28 лістапада на паперы або ў электронным выглядзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG