Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтравыбаркам папярэдзіў Някляева


Ініцыятыўнай групе Ўладзімера Някляева вынесена папярэджаньне. Такое рашэньне прыняў ЦВК.


12.50 "Мы прызнаем сваю памылку ў тым, што нейкім чынам згубілі частку пасьведчаньняў сяброў ініцыятыўнай групы, і яны патрапілі ў чужыя рукі. Але мы катэгарычна настойваем на тым, што ніякіх заказаў на друкаваную прадукцыю мы не разьмяшчалі. І я думаю, што 100 тысяч улётак, якія надрукаваныя ў Самары, – гэта правакацыя супраць Някляева", – пракамэнтаваў папярэджаньне ЦВК кіраўнік ініцыятыўнай групы Някляева Андрэй Дзьмітрыеў.

"Мяне уразіў выступ сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, які сказаў, што ён ня верыць у тлумачэньні Дзьмітрыева. Мне падаецца, што пры рашэньні такіх важных пытаньняў у прававой дзяржаве вышэйшымі павінны быць законы, а не асабістая думка сябра ЦВК", – дадаў Дзьмітрыеў.

Сам Някляеў сёньня знаходзіцца ў Вільні.


12.40 Старшыя Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына адзначыла, што “папярэджаньне – дастатковая, мабыць, нават мяккая мера”. “Але мы пайшлі на гэты крок, бо хочам зрабіць выбары максымальна плюралістычнымі, каб выбарцы маглі зрабіць свой выбар”, – адзначыла Ярмошына.

Паводле ЦВК, ініцыятыўная група Ўладзімера Някляева дапусьціла такія парушэньні:

  • збор подпісаў непаўналетнімі
  • перадача пасьведчаньня сябра ініцыятыўнай групы іншаму чалавеку
  • датэрміновае распаўсюджваньне агітацыйнай прадукцыі
  • агітацыйная прадукцыя зробленая за межамі Беларусі

“За кожнае з гэтых парушэньняў можна здымаць з выбарчай кампаніі”, – заявіла Ярмошына.


12.30 Сябры ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева накіроўваюцца да Цэнтравыбаркаму, каб даведацца рашэньне ЦВК.

На сёньняшні паседжаньні Цэнтравыбаркам хоча разгледзець факт распаўсюджваньня друкаванай прадукцыі ў падтрымку Ўладзімера Някляева.

Камісія занепакоеная зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, улёткі зробленыя па-за межамі Беларусі, а гэта парушэньне Выбарчага кодэксу. Другое парушэньне выбарчага заканадаўства бачыцца ў тым, што распаўсюджваць агітацыйныя матэрыялы дазваляецца толькі пасьля афіцыйнай рэгістрацыі самога кандыдата, а не яго ініцыятыўнай групы.

Раней чальцы ініцыятыўнай групы расказалі журналістам пра тое, як былі сабраныя 100 тысяч подпісаў за Някляева. Прадстаўнікі патэнцыйнага кандыдата кажуць, што цяпер усе подпісы знаходзяцца "на ўнутраным кантролі".

Подпісы перададуць у ЦВК да канца наступнага тыдня.

Актывісты кампаніі “Гавары праўду” таксама зьбіраюцца перадаць у ЦВК 30 тысяч подпісаў за тое, каб вылучыць Някляева дэлегатам на Ўсебеларускі сход, прызначаны на 6 – 7 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG