Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, сёньня на плянэце на артрыт (так называюць любыя паражэньні суставаў) цярпіць прыкладна кожны соты. Праблемы з суставамі закранаюць людзей у любым веку. Шмат каго артрыт робіць інвалідам.


Як сьведчаць экспэрты ЎААЗ, колькасьць хворых на артрыт у сьвеце імкліва расьце. Толькі ў ЗША на яго цяпер пакутуюць больш за 42 мільёны чалавек, прычым кожнага шостага зь іх хвароба зрабіла інвалідам. Вельмі высокі паказчык захворвальнасьці назіраецца ў эўрапейскіх краінах. У Афрыцы і Азіі артрыт распаўсюджаны ня так шырока, аднак і на гэтых кантынэнтах адзначаецца высокая дынаміка разьвіцьця хваробы.

З прычыны такой распаўсюджанасьці артрыту Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя правяла з 2000 па 2010 год "Дзесяцігодзьдзе барацьбы з захворваньнямі касьцей ды суставаў", а 12 кастрычніка абвясьціла Ўсясьветным днём барацьбы з артрытам.

Прычыны шмат якіх відаў сустаўнай паталёгіі застаюцца невядомымі


Першыя сымптомы гэтага сур’ёзнага захворваньня добра вядомыя: суставы баляць, ацякаюць, хрусьцяць, туга рухаюцца. Тым часам мэдыкі-дасьледчыкі сьцьвярджаюць: названыя прыкметы сьведчаць пра тое, што хвароба зайшла ўжо далёка. Асаблівасьць захворваньняў касьцёва-мышачнай сыстэмы ў тым, што разбурэньне храстковай тканіны можа доўгі час ісьці бессымптомна.

Другая праблема, паводле навукоўцаў, — тая, што прычыны большасьці сустаўных паталёгіяў так і застаюцца нявысьветленымі. Гучныя паведамленьні пра адкрыцьцё паходжаньня таго ці іншага віду захворваньня зьяўляюцца ў спэцыялізаваных выданьнях ледзь ня кожны год, аднак неўзабаве іх гэтак жа гучна абвяргаюць прадстаўнікі іншых навуковых школ. Доўгі час, напрыклад, прычынамі хваробаў суставаў лічыліся любоў да тлустай ежы, маларухавы лад жыцьця і нават нездаровая звычка пстрыкаць пальцамі.

І вось у 2009 годзе амэрыканскі мэдык Дональд Унгер атрымаў Шнобэлеўскую прэмію (пародыя на вядомую Нобэлеўскую) за экспэрымэнтальны доказ таго, што пстрыканьне суставамі зусім не прыводзіць да артрыту. Доктар Унгер 60 гадоў пстрыкаў суставамі левай рукі — і ані разу правай, але ў выніку ніякай хваробы суставаў не займеў.

У сваю чаргу, брытанскія навукоўцы зь Лёнданскага каледжу на падставе сваіх дасьледаваньняў лічаць, што людзі сярэдняга веку больш схільныя захварэць на артрыт у тым выпадку, калі інтэнсіўна займаюцца фізычнымі практыкаваньнямі.

Остэаартрыт могуць выклікаць фізычныя практыкаваньні?


У праведзеным брытанскімі дасьледчыкамі экспэрымэнце ўзялі ўдзел больш як 200 чалавек сярэдняга целаскладу ва ўзросьце ад 45 да 55 гадоў. Ніхто зь іх раней ня скардзіўся на болі ў каленным суставе — то бок на остэаартрыт, адзін з самых распаўсюджаных відаў артрыту. Сёньня ў Вялікабрытаніі на яго цярпяць 8 мільёнаў жыхароў. Удзельнікі запоўнілі адмысловую анкету, і згодна з адказамі іх разьбілі на тры групы паводле інтэнсіўнасьці фізычных нагрузак: нізкай, сярэдняй і высокай.

Высьветлілася, што людзі, якія больш нагружаюць сябе фізычна, маюць больш адхіленьняў у раёне каленнага суставу, што, у сваю чаргу, вядзе да яго дэгенэрацыйнага захворваньня і ўрэшце да остэаартрыту.

Вынікі экспэрымэнту, якія разглядаліся на гадавым сходзе радыелягічнага мэдычнага таварыства Паўночнай Амэрыкі, выклікалі шырокія дыскусіі ў асяродзьдзі адмыслоўцаў.

Дасьледчык з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту (ЗША) доктар Крыстаф Штэлінг цалкам згодны з дасьледаваньнямі сваіх брытанскіх калегаў:

"Людзі, схільныя да большай фізычнай нагрузкі, маюць больш адхіленьняў у раёне каленнага суставу, і гэта ў выніку часьцей выклікае остэаартрыт".

Тым часам прадстаўніца амэрыканскай арганізацыі вывучэньня артрыту Кейт Льюлін перакананая:

"Шмат хто памылкова лічыць, што заняткі фізкультурай пры наяўнасьці артрыту катэгарычна забароненыя. Насамрэч памяркоўныя фізычныя нагрузкі лепш за ўсё дапамагаюць кантраляваць боль, забясьпечваюць агульны прыліў энэргіі і
Толькі ў ЗША на артрыт пакутуюць больш за 42 мільёны чалавек, кожны шосты зь іх — інвалід.
ўмацоўваюць суставы. Карысьць ад фізычных практыкаваньняў нашмат перавышае меркаваную шкоду".

Ужываньне алькаголю зьніжае рызыку рэўматоіднага артрыту?


Сярод разнастайных відаў артрыту найбольш складаным з гледзішча разьвіцьця хваробы і яе лячэньня лічыцца рэўматоідны артрыт. Гэта сыстэмнае захворваньне злучальнай тканіны зь пераважнай паразай дробных суставаў.

Прычына разьвіцьця рэўматоіднага артрыту застаецца невядомай. Цяпер найбольшую распаўсюджанасьць мае імунагенэтычная тэорыя яго ўзьнікненьня, згодна зь якой справа ў генэтычна абумоўленым дэфэкце імуннай сыстэмы.

Гэтае захворваньне ў 70% выпадкаў вядзе да інваліднасьці, якая надыходзіць даволі рана. Асноўныя прычыны сьмерці — інфэкцыйныя ўскладненьні і ныркавая недастатковасьць.

Сучасны пратакол лекаваньня хваробы, ухвалены ЎААЗ, засяроджваецца пераважна на аблягчэньні болю, запаволеньні разьвіцьця захворваньня і аднаўленьні пашкоджаньняў з дапамогай хірургічнага ўмяшаньня.

Тым часам, як вынікае з дасьледаваньняў адмыслоўцаў стакгольмскага Карлінскага інстытуту, рызыку разьвіцьця гэтага захворваньня істотна зьніжае ўжываньне чалавекам алькаголю.

Навукоўцы прааналізавалі гісторыі хваробы 2750 чалавек. Як сьведчаць швэдзкія дасьледчыкі, яны "спрабавалі зразумець, як узьдзейнічаюць на пацыентаў розныя экалягічныя і генэтычныя фактары, а таму задавалі ім пытаньні пра стыль жыцьця, у тым ліку — прыхільнасьць да алькаголю, а таксама рабілі аналіз крыві".

Высьветлілася, што ў людзей, якія выпіваюць (у пераліку) па пяць куфляў віна ў тыдзень, верагоднасьць разьвіцьця хваробы скарачаецца ўдвая ў параўнаньні з тымі, хто ня п'е наагул ці спажывае мінімальныя дозы алькаголю.

Швэдзкія мэдыкі, аднак, папярэджваюць; празьмернае п'янства павялічвае рызыку ўзьнікненьня цэлага шэрагу іншых хвароб.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG