Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Крыху суцішыць танальнасьць, каб выйграць паўзу”


Сяргей Нарышкін

Сяргей Нарышкін

Падчас брыфінгу для беларускіх журналістаў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргей Нарышкін заявіў, што Масква зможа і далей кантактаваць з Аляксандрам Лукашэнкам, калі той адумаецца і ня будзе больш шкодзіць двухбаковым дачыненьням. Што хаваецца за гэтымі заявамі?

Паводле кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргея Нарышкіна, важна, каб беларускае кіраўніцтва ўсьвядоміла свае крокі, накіраваныя на дыскрэдытацыю беларуска-расейскіх дачыненьняў. Маўляў, калі ўсьведамленьне адбудзецца, то Расея таксама пойдзе насустрач. Камэнтуючы гэтую заяву, палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначыў, што спадар Нарышкін — гэта не палітык, не самастойная фігура, а рупар Крамля.

Аляксандар Класкоўскі
«Я ня думаю, што гэтыя заявы Нарышкіна сьведчаць пра нейкую кардынальную зьмену лініі Крамля ў беларускім пытаньні. Гэта чыста тактычныя і піяраўскія заявы. Па-першае, Крэмль бачыць, што вельмі хутка зламаць супраціў цяперашняга беларускага кіраўніка ён ня можа і таму варта крыху суцішыць танальнасьць, каб выйграць паўзу. І другая задача — чыста піяраўская: адпрацаваць перад электаратам. Каб потым, калі пачнецца новы тур высьвятленьня адносін, можна было сказаць: бачыце, мы вось зрабілі шырокі жэст, але беларускі бок не паслухаў».

Паводле спадара Класкоўскага, новы цэньнік на газ можа стаць падставай для чарговага канфлікту паміж афіцыйным Менскам і Крамлём.

«Зварот да так званай братняй інтэграцыі быў бы магчымы толькі ў адным выпадку: калі б Расея вярнула ранейшыя шчодрыя прэфэрэнцыі. Яна да гэтага не гатовая. А іншы варыянт непрымальны для беларускага боку».

Анатоль Лябедзька
Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, у гэтым выпадку Нарышкін выконвае функцыю «добрага» паліцэйскага. Але яго пасада ніжэйшая, чым у тых, хто выконвае функцыю «злога» паліцэйскага.

«Але ў любым выпадку Аляксандар Рыгоравіч — у вобразе падсуднага. Гэта рыторыка, і яе зьмякчэньне ў пэўным сэнсе неабходнае, бо, апроч усяго іншага, ёсьць эканоміка, гуманітарная сфэра, і тут павінны быць адносіны. Але гэта не азначае нейкіх зьменаў у палітыцы Крамля. Відаць, калі Лукашэнка выканае сваё абяцаньне, калі казаў, што гатовы паўзьці на каленях у Маскву — калі ён рэалізуе гэты сцэнар і прапаўзе дыстанцыю хаця б ад Менску да Смаленску — тады, можа, нешта і зьменіцца».

Кірыл Коктыш
Маскоўскі палітоляг Кірыл Коктыш адзначае, што заявы Нарышкіна сьведчаць аб тым, што «ідзе нейкая барацьба наверсе».

«Гэта нейкі маркер таго, што існуюць розныя трэнды, розныя тэндэнцыі. За некалькі дзён да адстаўкі Лужкова з адміністрацыі гучалі супрацьлеглыя заявы. Ад таго, што Крэмль адступіць назад, і ня будзе Лужкова чапаць, і ўсе пытаньні зьнятыя, — да супрацьлеглых, што ўсё працягнецца. Так што тут нейкая барацьба ў кулюарах ідзе, але я не зыходзіў бы з таго, што гэта адзіная магчымая дадзенасьць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG