Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Існуе верагоднасьць, што выбары ўвогуле не адбудуцца "


Слухачы абмяркоўваюць палітычную і эканамічную сытуацыю ў краіне, разважаюць, ці трэба было прадстаўнікам дэмакратычных сіл удзельнічаць у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

Наш слухач лічыць, што ня варта было прадстаўнікам апазыцыі ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Ён мяркуе, што тыя былыя прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта, якія адмовіліся выстаўляць свае кандыдатуры на цяперашнія выбары, паступілі слушна.

"Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Казулін ды іншыя больш-менш сьвядомыя палітыкі зрабілі вельмі слушна, што вырашылі ня ўдзельнічаць у выбарах. Існуе верагоднасьць, што выбары ўвогуле не адбудуцца, бо занадта крута закруціліся падзеі".

Гэты званок камэнтуе палітык Вінцук Вячорка:

"Сапраўды, ня ўсе тыя, хто мог прэтэндаваць на ролю моцнага кандыдата і адзінага кандыдата, удзельнічаюць у цяперашняй выбарчай кампаніі з розных прычынаў.

Некаторыя з гэтых людзей нясуць непасрэдную адказнасьць за раскол дэмакратычных сілаў і за тое, што загадзя не ўдалося дасягнуць адзінства.

А, калі б такое адзінства было, то, несумненна, былі б моцна зьмікшаваныя спробы збудаваць так званы прарасейскі флянг апазыцыі, таму што ў нацыянальна-дэмакратычных сіл хапіла б патэнцыялу нэўтралізаваць гэтыя паклёпы.

Некаторыя, пабачыўшы, што ані адзінства не дасягаецца, ані мяняецца агульны кантэкст, вырашылі, як я разумею, зьберагчы сваю рэпутацыю на пэрыяд пасьля 19 сьнежня. А ў тым, што гэта будзе новы пэрыяд, я думаю, ніхто ня сумняваецца".

Наша слухачка пэсымістычна глядзіць на сытуацыю ў краіне і ня верыць, што яна зьменіцца бліжэйшым часам.

"Пакуль нашу Беларусь сьціскаюць шчупальцы велічэзнай пачвары ў выглядзе васьмінога, на лбе якога напісана “Лукашызм”. Кожнае шчупальца мае сваю назву: ЦВК на чале зь Ярмошынай, Лукашэнка, дэпутаты парлямэнту ўсіх узроўняў, ФСБ, КДБ, МУС, спэцназы, дзяржаўныя СМІ, пэнсіянэры-мільянэры кшталту Вольгі Абрамавай, і г.д., якія без лукашызму проста жыць ня могуць. Карціна алеем будзе даволі змрочная, не да весялосьці. Але параіць магу, дзе вы можаце пачуць і пабачыць вясёлае — гэта БТ і АНТ".

Старшыня Рады інтэлігенцыі Ўладзімер Колас не пагаджаецца са слухачкай:

Уладзімер Колас
"Я лічу, што ўсё ўрэшце рэшт залежыць ад нас. Трэба рабіць усё, што ў нашых сілах, каб дамагчыся пастаўленых мэтаў.

Трэба шукаць аднадумцаў і трэба разам рабіць тое, што мы лічым патрэбным. А, увогуле, я раю абсалютна шчыра глядзець не БТ, а Белсат. Тады й настрой будзе значна лепей, бо там можна пабачыць менавіта тых людзей".

Слухачы тэлефануюць, каб выказаць спачуваньні сваякам і знаёмым ахвяраў трагедыі, якая адбылася на чыгуначным пераезьдзе паміж Марганцам і Нікапалем Днепрапятроўскай вобласьці. У выніку трагедыі загінулі 42 чалавекі, у тым ліку двое дзяцей.

Гаворыць наша слухачка Надзея зь Менску:

"Я хачу выказаць глыбокія спачуваньні ўсім пацярпелым і родным, і блізкім загінулых ва ўкраінскай трагедыі ў Днепрапятроўскай вобласьці. Што гэта з псыхікай людзей адбываецца? Можа, гэта ўплыў нейкіх псыхатропных рэчываў? У галаве не зьмяшчаецца".

Вы слухалі "Званкі на Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG