Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фядотаў — за выкараненьне рудымэнтаў сталінскай сьвядомасьці


Міхаіл Фядотаў

Міхаіл Фядотаў

Дарадца і старшыня Савету пры прэзыдэнце Расеі па садзеяньні разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека Міхаіл Фядотаў назваў сваім прыярытэтам выкараненьне ў расейскім грамадзтве рудымэнтаў сталінскай сьвядомасьці.

Ён заявіў, што пакуль гэта ня будзе зроблена, "мы ня зможам дыхаць на поўныя грудзі, стаць роўнымі зь іншымі народамі".

Паводле спадара Фядотава, "у 1991 годзе ў краіне адбылася бяскроўная рэвалюцыя, але дэсталінізацыя не адбылася", перадае ВВС.

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў учора прызначыў Міхаіла Фядотава сваім дарадцам і старшынём Савету пры прэзыдэнце Расеі па садзеяньні разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека, паведаміла прэс-служба Крамля.

Да гэтага часу Фядотаў быў сакратаром Саюзу журналістаў Расеі.

Былы старшыня Савету па правах чалавека Эла Памфілава пайшла ў адстаўку з гэтай пасады ў канцы ліпеня гэтага году.

"Я ўбачыў, што прэзыдэнту вельмі важны гэты Савет, што гэта ня банцік, ня кляпан для выпусканьня пары, а інструмэнт для выпрацоўкі і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі", — заявіў Фядотаў пасьля сустрэчы зь Мядзьведзевым.

Фядотаў паведаміў, што не зьбіраецца мяняць склад узначаленай ім рады і мае намер "працягнуць традыцыі", закладзеныя яго папярэднікамі, Сяргеем Кавалёвым, Уладзімерам Карташкіным і Элай Памфілавай. Васьмігадовую працу Памфілавай на чале Савету па правах чалавека ён назваў "грамадзянскім подзьвігам".
XS
SM
MD
LG