Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 20 беларускіх журналістаў прыбылі ў Маскву


Прэсавая канфэрэнцыя на тэму беларуска-расейскіх дачыненьняў кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргея Нарышкіна пачнецца а 15 гадзіне мясцовага часу ў Крамлі і будзе доўжыцца гадзіну – паўтары.

Масква сустрэла беларускіх журналістаў мокрым сьнегам і ветлівымі ўсьмешкамі прадстаўнікоў расейскай агенцыі РИА “Новости”, якія арганізоўваюць знаходжаньне калег зь Беларусі ў Маскве.

Як паведаміла “Свабодзе” адна з запрошаных беларускіх журналістаў Аксана Колб з газэты “Новы час”, ніякіх перадумоваў пра тэматыку пытаньняў арганізатары ня ставілі, папярэдзілі толькі, што хутчэй за ўсё яны вызваляцца каля 17-й гадзіны.

Да пачатку прэсавай канфэрэнцыі ў Крамлі беларускім журналістам прапанавалі культурную праграму: наведваньне Трацьцякоўскай галерэі, Вараб’ёвых гор. Арганізатары забясьпечваюць харчаваньне запрошаных за кошт прымаючага боку. Аплата білетаў – за кошт беларускіх рэдакцый – у адрозьненьне ад прэсавых тураў у Беларусь для расейскіх СМІ, якія цалкам аплачваюцца зь беларускага бюджэту.

Усяго ў Маскву прыбылі каля 20 журналістаў зь дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, у прыватнасьці прадстаўленыя тэлеканал АНТ, “Советская Белоруссия”, “Звязда”, БелТА, “Белгазета”, Наша ніва, БелаПАН, сайт кампаніі “Гавары праўду”, сайт “Хартыи-97”, інтэрнэт-газэта “Салідарнасьць”, інфармацыйны партал “Империя”. Прыбылі таксама карэспандэнты расейскіх СМІ, якія працуюць у Беларусі.

У Маскве да прыехаўшых далучыўся Павал Шарамет з “Белорусского партизана” і Павел Тухто з Першага канала БТ, якія стала жывуць у сталіцы Расеі.
XS
SM
MD
LG