Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкія праваабаронцы патрабуюць зарэгістраваць БХД


Марцін Угла

Марцін Угла

Швэдзкая грамадзкая ініцыятыва Östgruppen і яшчэ шэсьць іншых эўрапейскіх праваабарончых арганізацыяў падпісалі сумесны зварот да беларускага кіраўніцтва. У сваёй пэтыцыі яны заклікаюць беларускія ўлады паважаць свабоду асацыяцыяў і не перашкаджаць рэгістрацыі «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі».

Камэнтуючы сытуацыю з правам на свабоду асацыяцыяў у Беларусі, швэдзкія праваабаронцы адзначаюць, што яно строга абмежаванае. Паводле Östgruppen, «незалежным арганізацыям адмаўляюць у рэгістрацыі, у выніку чаго перад іх сябрамі паўстае небясьпека турэмнага зьняволеньня».

Як заявіў кіраўнік швэдзкай праваабарончай ініцыятывы Марцін Угла, «беларускія ўлады распрацавалі сыстэму, якая наўмысна ўскладняе ўдзел грамадзкасьці ў палітычным і грамадзкім працэсе, і гэта прамое парушэньне Пакту ААН аб грамадзянскіх і палітычных правах». Марцін Угла называе дзеяньні беларускіх уладаў «непрымальнымі, паколькі права чалавека на арганізацыю зьяўляецца адным з краевугольных камянёў дэмакратыі».

У звароце эўрапейскіх праваабаронцаў адзначаецца, што гэтымі днямі чакаецца рашэньне адносна рэгістрацыі «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі». Дагэтуль аб’яднаньню было двойчы адмоўлена ў рэгістрацыі з палітычных прычынаў, а некаторыя актывісты зазналі перасьлед з боку рэжыму.

У звароце гаворыцца, што становішча «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» ня ёсьць унікальным. Апошнім часам адмову ў рэгістрацыі атрымалі некаторыя іншыя апазыцыйныя аб’яднаньні. Тая ж праблема напаткала і вялікую колькасьць няўрадавых арганізацый.
XS
SM
MD
LG