Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд. Штраф. Канфіскацыя


Віктар Рамнёў
Віктар Рамнёў
Віктар Рамнёў і яго сябры пакінулі залю суду на знак пратэсту. Яны дэманстратыўна ня сталі слухаць судовае рашэньне, бо старшыня Лёзьненскага райсуду Антаніна Афанасьева не задаволіла каля дзясятка хадайніцтваў падсуднага.

Рашэньне пра тое, што Віктар Рамнёў, адзін з заснавальнікаў «Витебского курьера», прызнаны вінаватым у парушэньні парадку распаўсюду выданьня, судзьдзі Антаніне Афанасьевай давялося зачытваць у пустой залі. Яна пастанавіла аштрафаваць спадара Рамнёва на 35 базавых велічынь, што складае 1 мільён 225 тысяч рублёў, а таксама канфіскаваць 11-тысячны наклад газэты, затрыманы 8 кастрычніка.

Падчас сёньняшняга судовага паседжаньня Віктар Рамнёў каля дзесяці разоў заяўляў хадайніцтвы пра адвод судзьдзі, старшыні Лёзьненскага райсуду Антаніны Афанасьевай, якая вяла ягоны працэс.

Яна не дапусьціла да ўдзелу ў працэсе праваабаронцу Паўла Левінава, які меўся быць грамадзкім прадстаўніком падсуднага ці ўзяць удзел у якасьці адмыслоўцы ў галіне правоў чалавека і заканадаўстве пра СМІ. Хадайніцтвы спадара Рамнёва не былі прынятыя.

Павал Левінаў
Павал Левінаў і падняўся зь месца першым, каб прадэманстраваць сваю нязгоду:

«Судзьдзя адмовілася задаволіць хадайніцтва Рамнёва пра тое, каб выклікаць у суд міліцыянта, які складаў на яго пратакол. Ён казаў: „Я не разумею, у чым мяне вінавацяць, за што склалі пратакол, і чаму я тут. Няхай чалавек, які яго складаў, мне патлумачыць!“ Але судзьдзя адмовіла».

Супраць Віктара Рамнёва сьведчылі толькі тыя міліцыянты, якія затрымалі яго і 11-тысячны наклад газэты «Витебский курьер» 8 кастрычніка на выезьдзе з райцэнтру Лёзна.

Ад іх Віктар Рамнёў даведаўся, што затрыманьне адбылося нібыта выпадкова:

«Паводле паказаньняў сьведкі, усе выпадкова. Нібыта ён ехаў, убачыў знаёмую машыну, згадаў, што мяне ўжо затрымліваў. Таму перадаў усім пастам ДАІ наперадзе, каб мяне затрымалі. Але я спыніўся сам, ён падышоў, паглядзеў у машыну, убачыў, што газэты ляжаць, і папрасіў праехаць за ім.

Крысьціна Шацікава прыехала падтрымаць «Витебский курьер» у адмысловай сукенцы.
У пастарунку на Віктара Рамнёва склалі пратакол за парушэньне парадку распаўсюду газэты — перавозка на машыне ўжо лічыцца распаўсюдам.

Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, які кансультуе калектыў газэты па юрыдычных пытаньнях, прэтэнзію да «Витебского курьера» выстаўляюць наступную: нібыта расейскія выданьні мусяць мець нейкі адмысловы дазвол на распаўсюд у Беларусі. Але падобнага дазволу ня мае большасьць расейскіх выданьняў з тых, што можна сустрэць у кожным газэтным шапіку.

«Витебский курьер» зарэгістраваны ў Расейскай Фэдэрацыі і друкуецца ў Смаленску, адкуль і вёз наклад Віктар Рамнёў. Праваабаронца Павал Левінаў тлумачыць пільную ўвагу да газэты з боку міліцыянтаў выключна тым, што гэта грамадзка-палітычнае выданьне, якое друкуе крытычныя незаангажаваныя матэрыялы. Цяпер газэта асьвятляе выбарчую кампанію: у апошнім, канфіскаваным нумары, былі надрукаваныя інтэрвію з патэнцыйнымі кандыдатамі на прэзыдэнцкую пасаду Юрыем Глушаковым і Сяргеем Рыжовым.

Гэта ўжо ня першы для Віктара Рамнёва суд за нібыта незаконны распаўсюд выданьня: цяпер агульная сума штрафаў, накладзеных на яго рознымі судамі, складае 5 мільёнаў 50 тысяч рублёў, або 143 базавыя велічыні. У гэтым годзе ўвесь наклад «Витебского курьера» канфіскаваны ўжо трэці раз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG