Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не рэгіструе “Берасьцейскую вясну”


Берасьцейскі абласны суд адмовіў у рэгістрацыі праваабарончаму грамадзкаму аб’яднаньню «Берасьцейская вясна». За апошнія два гады «Берасьцейская Вясна» тры разы намагалася адстаяць сваю рэгістрацыю ў Абласным і Вярхоўным судах. Цяпер праваабаронцы зьбіраюцца накіраваць скаргу ў Камітэт ААН.

Суд узяў бок аддзелу юстыцыі. Сутнасьць прэтэнзіяў чыноўнікаў Берасьцейскага аблвыканкаму ў тым, што, паводле рэгістрацыйных дакумэнтаў, некаторыя асобы нібыта не пражывалі па пазначаных адрасах.

Старшыня рады праваабарончай арганізацыі Ўладзімер Вялічкін, кажа, што суд палічыў меркаваньне аддзелу юстыцыі слушным:

«Суд адмовіў на той падставе, што мела месца разыходжаньне на момант рэгістрацыі паміж зьвесткамі нашымі і зьвесткамі, якія меў аблвыканкам. Мы сьцьвярджалі, што заснавальнік жыве ў доме нумар 12, а аблвыканкам сьцьвярджаў, што гэтая асоба жыве ў доме нумар 13. Але на судзе высьветлілася, што дому нумар 13 не існуе, а там — кукурузнае поле».

Віталь Каратыш, заснавальнік праваабарончай арганізацыі з Лунінца, кажа, што падчас судовага паседжаньня свае памылкі прызналі адказныя чыноўнікі. Меркавалася, што судзьдзя прыслухаецца да словаў стваральнікаў арганізацыі:
Агульная сытуацыя ў Беларусі паказвае на тое, што не рэгіструюцца недзяржаўныя арганізацыі.

«Гэта палітычнае рашэньне. Судзьдзя проста ня мог вынесьці іншы вэрдыкт. А па-другое, гэта ня першы суд, у якім праваабаронцы намагаюцца адстаяць свае правы. Мяркую, што рашэньне было спушчана зьверху. Да таго ж, агульная сытуацыя ў Беларусі паказвае на тое, што не рэгіструюцца недзяржаўныя арганізацыі».

Праваабаронца Уладзімер Вялічка кажа, што стваральнікі і надалей будуць спрабаваць адстаяць свае правы ў больш высокіх інстанцыях:

«Мы будзем зьвяртацца ў Вярхоўны суд. Пры гэтым, памятаючы папярэднія два судовыя паседжаньні ў Вярхоўным судзе, мяркуем, што позва ня будзе задаволена, але будзем пасьля зьвяртацца ў Камітэт па Правах чалавека ААН».

Праваабаронцы спрабуюць зарэгістраваць «Берасьцейскую вясну» ад 2006 году.
XS
SM
MD
LG