Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук: мы разглядалі пытаньне падтрымкі рэпрэсаваных у Беларусі


Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты правялі сёньняшні дзень па-рознаму: хто зьбіраў подпісы на выбарчых пікетах, хто быў у судзе, а хто — за мяжой.

Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Яраслаў Раманчук правёў шэраг сустрэчаў з афіцыйнымі асобамі ў Варшаве: у польскім сэйме, сэнаце і міністэрстве замежных спраў. Камэнтуючы мэты свайго замежнага візыту, спадар Раманчук адзначыў, што 90% часу трэба працаваць у сваёй краіне. А астатнія 10% часу трэба сустракацца зь сябрамі за мяжой, з тымі ж польскімі мэдыямі дзеля мабілізацыі рэсурсаў на падтрымку дэмакратычных сілаў у Беларусі.

Яраслаў Раманчук
«Сёньня Польшча зьмяняе палітыку ў дачыненьні да Беларусі. І мы хацелі б, каб гэтыя зьмены ішлі на карысьць дэмакратызацыі нашай краіны. Безумоўна, трэба працаваць зь людзьмі ў Беларусі, таму я па восем гадзінаў стаяў у пікетах і зьбіраў подпісы, і распавядаў людзям пра нашу праграму. Але сёньня адзін дзень трэба правесьці ў Польшчы, каб распавесьці пра сытуацыю палітыкам, якія потым дапамогуць нам у Беларусі з дэмакратызацыяй і эўрапеізацыяй нашай краіны. Таму я лічу гэту працу вельмі важнай, каб мець беспасрэдныя кантакты з кіраўніцтвам Польшчы. І калі што адбудзецца, каб мець беспасрэдную падтрымку, дыпляматычную, інфармацыйную. Адно з важных пытаньняў, якое мы сёньня разглядалі, гэта падтрымка рэпрэсаваных у Беларусі, незалежных СМІ і студэнцкай праграмы імя Каліноўскага. Людзі, якія могуць быць рэпрэсаваны падчас гэтай кампаніі, атрымаюць магчымасьць адукацыі ў Польшчы».

15 кастрычніка Яраслаў Раманчук накіруецца ў Стакгольм, куды яго запрасіў міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більд.

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў першую палову дня правёў у судзе, а другую — на пікетах па зборы подпісаў. Суд разглядаў позву Менгарвыканкаму аб ліквідацыі ўстановы «Рух наперад», у рамках якой працуе кампанія «Гавары праўду».

«Калі летам мы гэты суд выйгралі, прыклаўшы неверагодныя намаганьні, то, на жаль, цяпер гэта не ўдалося. Мы ліквідаваныя, і гэтым самым нас выводзяць з прававога поля ў нелегітымнасьць. З усімі наступствамі. Але гэта зроблена крыху запозна, бо амаль усе сябры кампаніі „Гавары праўду“ зьяўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы Някляева. То бок, яны маюць адмысловыя пасьведчаньні, што могуць займацца тым, чым займаюцца, і да іх ніякіх прэтэнзій быць ня можа».

Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў і Рыгор Кастусёў бралі сёньня ўдзел у пікетах, якія праводзіліся ў рэгіёнах. Абодва заяўляюць, што ня бачаць праблемы ў тым, каб сабраць неабходныя сто тысяч подпісаў. Спадар Саньнікаў пабываў у Бабруйску і Магілёве.

«Добрыя ўражаньні, бо шмат людзей, якія насамрэч абмяркоўваюць сытуацыю, праблему. І тыя, хто падпісваецца, кажуць, што краіне патрэбныя зьмены. Трэба мяняць гэтую ўладу. Трэба выходзіць на эўрапейскі накірунак разьвіцьця Беларусі. І гэта дае добрую энэргетыку для кампаніі кандыдата ў прэзыдэнты».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG