Лінкі ўнівэрсальнага доступу


"Няма прарока ў сваёй айчыне" – казалі старажытныя рымляне. Гэтая прымаўка прыйшла нам на роздум, калі мы пачыталі камэнтары інтэрнаўтаў пад артыкулам Зянона Пазьняка "Фальшывыя выбары, фальшывыя паводзіны", у якім ён заклікае байкатаваць прэзыдэнцкія выбары 19 сьнежня.

У Беларусі ёсьць людзі, якія бачаць у Зяноне Пазьняку калі не прарока, дык некага накшталт. Ну бо як іначай інтэрпрэтаваць такія выказваньні:

Уладзiмiр, Менск: Кожнае слова ў гэтым артыкулу ёсць праўда.

Алена, Гародня: Толькі зараз пачынаю разумець, што няма аніякай разумнай пазіцыі акрамя байкоту гэтага выбарчага спектаклю! Але ж ніхто з апазіцыі чамусьці гэтага ня хоча разумець!

Марта, Менск: Гуртуймася вакол нашага Зянона -- на Народны Байкот выбарчага фарсу.

Міхась: Зянон Станіслававіч, дзякуй Вам за тое, што ніколі не пакідаеце праўды. Вы адзіны палітык, які заўсёды кажа яе беларусам. Вы - наш будучы прэзідэнт! Прэзідэнт Незалежнай, Вольнай і моцнай Беларусі!

Ананім: Выдатны i абсалютна дакладны аналiз сiтуацыi агучанай Пазьняком. Дзякуй Вам Зянон Станiслававiч, усе справы менавiта так i абстаяць. Мы будзем трымацца гэтага аналiза, якiя бы гульнi не ладзiлiся Масквой, рэжымам i ягонымi падстаўнамi клоўнамi.

Чорны Война, Слуцк: Пазьняк як заўсёды напісаў горкую і крыштальную праўду пра сітуацыю ў краіне.

нормальный человек:
Позняк сказал то, о чём давно уже думает большинство белорусов, которыми в очередной раз хотят попользоваться в своих интересах антинародная клика Лукашенко и оппозиционная кодла.

Думаем, што не памылімся занадта, калі падсумуем, што для гэтых людзей прарок ёсьць, але ён, на жаль, не ў сваёй айчыне.

А вось для гэтых людзей прарока няма, ні ў сваёй айчыне, ні на чужыне:

Aksana: Прыгадваецца, што ў 2006 годзе спадар Пазьняк гэта жа палка запэўніваў усіх, што ўратаваньне нацыі – ў “народным галасаваньні”, што толькі гэтае вынаходніцтва зламае машыну фальсыфікацый. Зараз, калі ён знайшоў новую панацэю, някепска было б паведаміць нарэшце пра эфэкт таго “народнага галасаваньня”, колькі ж народу - сотняў тысяч ці нават мільёнаў беларусаў узяла ў ім удзел у 2006 годзе.

Сергей, Минск: Страшно далек этот человек от народа. Эммигрант, сбежал, прижился на чужбине.

Вінцук, вёска Карлішкі: Шаноўны Зянон Станіслававіч! Спыніцеся... Не трэба каламуціць публіку.

спадар: толькi казулiн за краты пайшоў, не пабаяўся. i тыя, каго пазьняк брудам палiвае, штодня гутараць з народам, якi ў беларуси жыве пад лукашэнкам, i змагаюцца, каб скiнуць ярмо. а спадар пазьняк з замежжа беларусь "ратуе". колькi гадоў прайшло, а ўсе смеласцi не набраўся прыехаць i стаць побач з беларусамi ў змаганнi за свабоду. сорамна за такога "лiдара." ганьба!

Дзяруга: Чаму няма канкрэтыкі ў высновах і рэкамендацыях? Таму што Пазьняк сам ня ведае, што рабіць.

Дазвольце і нам у гэтым месцы накрапаць свой камэнтар да гэтых камэнтароў.

Дзяжурны свабодавец, Прага: Прарок ня мусіць ведаць, што рабіць. Але прарок мусіць ведаць праўду. Бо бяз праўды – ён не прарок. А вось палітыку -- не абавязкова ведаць праўду. Дый палітыку не абавязкова і гаварыць праўду. Але яму абавязкова трэба ведаць, што рабіць. З прарокаў выходзяць наогул нікуды ня вартыя палітыкі. А з палітыкаў – наогул нікуды ня вартыя прарокі. Ня трэба блытаць аднаго з другім.

Цяпер пра іншае.

Ці можа чалавек са схільнасьцямі да эратаманства і мацернай лаянкі быць рэлігійным чалавекам?

Нехта "zdanek" ставіць пад сумнеў шчырасьць рэлігійна-грамадзкіх памкненьняў Уладзімера Арлова, які прыняў удзел у пікеце за вяртаньне касьцёлу Сьвятога Язэпа ў Менску вернікам.

zdanek: смешна, як чалавек, чыя апошняя творчасць носіць эратаманскі характар, з выкарыстаннем мацерных словаў - адначасова змагаецца за веру!

zdanek, у вас індукцыйнае мысьленьне засякае. А чаму б яму і не пазмагацца зусім усур’ёз? Калі ён спавядаецца і шчыра раскайваецца ў сваіх схільнасьцях, дык ён яшчэ і ў рай патрапіць пасьля гэтага зямнога змаганьня, дарма што літаратурна лаецца і на бабаў ласым вокам касавурыць...

Спадар Арлоў! Болей эротыкі ў родную літаратуру! Ударым, як кажа наш рэдакцыйны калега Ян Максімюк, магутнай беларускай цыцкай у посную пысу антыбеларускага філістэра.

Піва сёньня даем Dim'у, які пракамэнтаваў інтэрвію са старшынём Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандрам Зімоўскім пад загалоўкам "Зімоўскі: "Бліжэйшыя месяцы тэлеканалы будуць па вушы ў палітыцы" такім чынам:

Dim, Mensk: Мы уже много лет по уши в Зимовском...

Ідуць замаразкі. Не выходзьце з дому бяз шапкі.

Да сустрэчы праз тыдзень!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG