Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не адрамантуеце дом — не пайду на выбары!”


Шмат дзе ў Беларусі выбарчая кампанія традыцыйна выкарыстоўваецца людзьмі як сродак ціску на ўладу, каб вырашаць сацыяльныя праблемы, на якія ў іншы час чыноўнікі зьвяртаюць мала ўвагі. Людзі ў рэгіёнах скардзяцца на недабудаванае і няякаснае жыльлё, нізкія заробкі, беспрацоўе і пагражаюць, што будуць байкатаваць прэзыдэнцкія выбары.

Канкрэтныя адрасы такіх канфліктаў удакладнялі сёньня карэспандэнты «Свабоды».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Выбары становяцца магчымасьцю паўплываць на вырашэньне праблем у рэгіёне.

Жыхары пасёлку Малеч прыгразілі мясцовым уладам: калі іхнія камунальныя праблемы ня вырашацца, будуць байкатаваць выбары. Тое ж самае агучылі жыхары Бярозы. У Камянецкім раёне людзі патрабуюць павелічэньня заробку, а ў Лунінецкім раёне зьвяртаюць увагу на якасьць будаўніцтва жыльля.

Жыхары васьмікватэрнага дома ў пасёлку Малеч Бярозаўскага раёну выступілі з патрабаваньнем адрамантаваць будынак. Калі гэта ня будзе зроблена, то яны ня пойдуць на выбары, кажа жыхар пасёлку Анатоль Сахаруша:

«У гэтым доме кожныя тры месяцы забівае каналізацыю. Акрамя таго, нядаўна перакрывалі дах — аказалася, што абы-як зрабілі працу. Таму жыхары ставяць умову: або робяцца нармальна рамонтныя працы да 19-га сьнежня, або яны ня пойдуць на выбары».

Падобная ж сытуацыя і ў раённым цэнтры — Бярозе, працягвае Анатоль Сахаруша:

«У Бярозе таксама людзі адмаўляюцца ісьці на выбары ў выпадку невырашэньня іхніх праблемаў. Што адметна, то гэта даволі-такі сур’ёзна з боку людзей. Магчыма, праблемы і будуць вырашаныя. Сёньня жыхары Малечы напісалі заяву, паставяць пад ёй свае подпісы і накіруюць старшыні райвыканкаму».

У Камянецкім раёне, як кажа мясцовая жыхарка, людзі даволі часта гамоняць між сабой, што калі іхнія праблемы ня будуць вырашаныя, то будзе байкот выбараў:

«Падаецца, што цяпер не асабліва назіраецца нейкі пратэст. Але вось раней даволі гучна вяліся размовы, што вельмі малыя заробкі, яны павінны павялічыцца. Але гэта толькі размовы».

У аграгарадку на Лунінеччыне пустуюць 30% так званых прэзыдэнцкіх дамоў

Жыхарка Лунінецкага раёну адзначае, што крытыка на адрас уладаў найвастрэй гучыць якраз перад выбарамі. Шмат хто карыстаюцца сытуацыяй, каб зьвярнуць увагу на недаробкі:

«Я жыву ў аграгарадку, і ў нас нядаўна было пабудавана каля дзевяці двухпавярховых дамоў. І зь іх толькі каля 30% заселеныя. Няма ні ацяпленьня… Навошта так распараджацца грашыма? Атрымліваецца, што жылы фонд пустуе, але будуюцца так званыя „прэзыдэнцкія домікі“. Тым ня менш — хто там будзе жыць? Праблем на сяле сапраўды вельмі шмат».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Ня лічаць нас за людзей»

Жыхары прыгараднай магілёўскай вёскі Брускі ня пойдуць на выбары — не таму, што зьбіраюцца іх байкатаваць. Яны ня маюць умоваў, каб дабрацца да выбарчых участкаў.

Доўгая дарога да Брускоў.

Брускі знаходзяцца за тры кілямэтры ад вядомага савецкага мэмарыялу «Буйніцкае поле» і за шэсьць кілямэтраў ад самога Магілёва. Да бліжэйшага прыпынку маршрутнага таксі — два кілямэтры. Чакаць транспарту даводзіцца доўга, бо звычайна маршруткі не даяжджаюць да канцавога прыпынку. Выбарчы ўчастак у вёсцы Буйнічы — за чатыры кілямэтры. Вось такая арытмэтыка:

«Людзі зьбіралі подпісы, каб падоўжылі нешта сюды. Зь дзеткамі маленькімі ходзяць у садок. Нават прыпынак ужо зьнесьлі. Стаім пад дажджом. Іншым разам можам стаяць і паўгадзіны. Аўтобус закрылі наагул, бо нявыгадна вазіць пэнсіянэраў. Няхай, маўляў, іншыя», — наракае перанятая ў дарозе на Брускі сталага веку спадарыня з клункамі ў абедзьвюх руках.

У вясковай краме паведамілі, што раней у горад хадзілі чатыры рэйсавыя аўтобусы. Першым а сёмай раніцы людзі выбіраліся на працу.

«А цяпер ідзе — дзесяць хвілін на першую. Нават у бальніцу чалавеку ўжо позна. Ня лічаць нас за людзей. Во, хадзіце да павароткі. А там маршруткі бывае, што няма. Трэба ісьці да Буйніч, дзе прыпынак. А старому чалавеку ўсё адно цяжка. Яны ў краму ня могуць прыйсьці, ня тое што ў горад выехаць», — зазначае адна з жыхарак вёскі.

«За каго на выбарах галасавалі — і ведаць ня ведаем».
На тое, што выбары палепшаць жыцьцё, у Брусках не спадзяюцца:

Спадарыня: «Усе абяцаюць і нічога ня робяць. Толькі й ведаем свайго ўчастковага. За каго на выбарах галасавалі — і ведаць ня ведаем».

Спадарыня сталага веку: «Нічога пра выбары не чуваць. Ці будзем галасаваць, ці не. І блізка ж ля гораду жывём».

Адсутнасьць транспарту — не адзіная праблема, якая заступае выбарчы шлях жыхарам Брускоў. Вёска ў смуродзе. Як сьцьвярджаюць жыхары, сьмярдзяць выкіды ачышчальных збудаваньняў. Спэцыялісты экалягічных службаў на гэтую праблему ўвагі не зьвяртаюць, кажа жыхарка Брускоў.

«Чамусьці ў рысе гораду, пад нос людзям гэта ўсё выліваецца на поле. Гэты пах пранікае ўсюды. Дзеткі ідуць — прыкрываюць нос, дзеткі й дарослыя людзі. І стараюцца ўсе прайсьці гэты адцінак дарогі як мага хутчэй».

Іншыя праблемы вёскі вырашаюцца палавініста. Людзі прасілі адрамантаваць дарогу — яе падсыпалі, троху параўнавалі ды хутка стаміліся. Праз тры месяцы трэба рамантаваць зноў. Прасілі асьвятленьня — павесілі ліхтары, але тыя не гараць. На праблему спаленых сядзібаў, якія зарастаюць кустоўем, ніхто не зьвяртае ўвагі. Людзі патрабуюць іх зьнесьці — чыноўнікі адпісваюцца: ня можам знайсьці гаспадароў. Вось такая перадвыбарчая сытуацыя ў прыгараднай вёсцы Брускі.

Такіх хат у Брусках паўдзясятка.
Дарогу рамантавалі, аднак выбоіны засталіся.
Гэтая дарога выкладзеная за ўласныя грошы аднаго з жыхароў Брускоў.


ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Тут што — ня людзі, а сьвіньні?»

У Гомелі на пачатку вуліцы Барыкіна вісіць расьцяжка «19 сьнежня 2010 — Выбары Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» (на здымку). Але жыхары левай часткі гэтай вуліцы наўрад ці вызначацца актыўнасьцю на выбарах.

Гаворыць спадарыня Віка:

«Не пайду. А для чаго ісьці? Я думаю, што няма сэнсу».

Спадарыня Віка з мужам толькі год таму купілі дом на вуліцы Барыкіна. А сёлета ўлетку гарадзкія ўлады нечакана абвясьцілі, што зносяць на левым баку вуліцы звыш трох дзясяткаў прыватных дамоў, каб пашырыць праезную частку:

«Справа ў тым, што мы толькі год назад гэты дом набылі. Мы сваю кватэру на яго абмянялі і грошы яшчэ даплацілі. І ніхто нічога не казаў, што будзе знос. Маглі б папярэдзіць, што яны пад знос пойдуць. Сказалі: калі згодныя на пераезд ня будзем, усё адно праз суд выселяць».

Гаспадар суседняга дома спадар Леанід незадаволены тым, што ацэнка кошту дамоў рабілася без уліку ўнутранага рамонту, на які выдаткавана нямала сродкаў:

«Крыўдна за тое, што ўсе дамы пад адзін грэбень грабуць. Ніхто не глядзеў, што ў доме. Гэта нікога не цікавіць. Напрыклад, у мяне паркет пакладзены, паркетныя дошкі, шклопакеты стаяць — зроблены ўсюды рамонт. Гэта нікога не турбуе. Кошт квадратнага мэтра адзін і той жа».

Леанід кажа, што на выбары ня ходзіць ужо каля двух дзясяткаў гадоў — ня бачыць сэнсу ў гэтым, бо голас ягоны ні на што не паўплывае.
Людзі жылі тут стагодзьдзямі. Ну, пабудавалі б побач дом для іх і расьсялілі.


Пэнсіянэр Мікалай лічыць, што гарадзкія ўлады несправядліва ставяцца да прыватнікаў, чые дамы вырашана зьнесьці:

«Людзі жылі тут стагодзьдзямі. Ну, пабудавалі б побач дом для іх і расьсялілі. А то на вуліцы Фрунзэ работнікам гарвыканкаму даюць цудоўнае жытло з усімі выгодамі. Чаму б людзям там ня даць?! А то прапануюць будавацца ў вёсках Раманавічы, у Прыбары, недзе за Валатавай. Як гэта так?

Вось я слухаю, як у Сочы да Алімпіяды рыхтуюцца. Там таксама дамы зносяць. Цудоўныя дамы ім даюць, гаспадарчыя пабудовы, участкі. Як да людзей ставяцца! А тут што — ня людзі, а сьвіньні? У наш час можна было змагацца — хоць адказваў хтосьці за штосьці. А зараз — ніхто!»

Дом пад знос.
Цэгла ў гаспадарцы спатрэбіцца…
З руінаў вывозяць, што кепска ляжыць, нават на кані.
Наступ тэхнікі на вуліцу Барыкіна.
За расьцяжкай — знос дамоў.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Пятачок зь пікетамі людзі назвалі «Пляцам Свабоды»


Пра сваё нежаданьне ўдзельнічаць у галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах многія жыхары Горадні заяўляюць у адкрытую.

Сёньня я наведаўся на вуліцу Паліграфістаў у Горадні. Тут, каля ўваходу на цэнтральны гарадзкі рынак, зьбіраюць подпісы за Яраслава Раманчука, Рыгора Кастусёва, Уладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава. Невялікі кавалак тэрыторыі людзі ўжо назвалі «Пляцам Свабоды». І менавіта тут часта гучаць заявы пра байкот выбараў.

Юры Істомін, які на пікеце кожны дзень, дзеліцца сваімі ўражаньнямі:

«Вельмі часта сустракаюцца такія людзі, і перш за ўсё кажуць пра малыя пэнсіі і заробкі, пра тое, што немагчыма знайсьці дзецям працу. Людзі кажуць, што ісьці на выбары бессэнсоўна, бо прэзыдэнт не вырашае іхніх праблемаў. Ёсьць такі высокі ўзровень недаверу да гэтых выбараў і пасады прэзыдэнта».

Збор подпісаў за Яраслава Раманчука.
Збор подпісаў за Ўладзімера Някляева.
Збор подпісаў за Андрэя Саньнікава.

А вось, бачу, старэйшая спадарыня пастаяла побач са зьбіральнікамі подпісаў, а потым махнула рукой і пайшла. Пытаюся ў яе — чаму яна так зрэагавала на збор подпісаў?

Спадарыня: «А ў мяне пэнсія малая, муж быў інвалідам, працаваў і памёр. А ўнука трэба карміць, за кватэру няма чым плаціць. Муж ваяваў-ваяваў, а мне і капейкі на старасьць не далі. Бацька з Машэравым разам у партызанах ваду таптаў…»

Карэспандэнт: «А ўлады вам не дапамагаюць?»

Спадарыня: «Ніхто нават дзьверы не адчыніць, і ваенкамат таксама не запытаецца — як ты, бабуля, жывеш. Таму не пайду я ні за кога галасаваць».

Яшчэ дзьве спадарыні далучаюцца да нашае размовы, іх галасы поўныя адчаю.

А нам, простым людзям, ужо любая ўлада аднолькавая…

— Мы ж ужо нічога ня вартыя, у нас пэнсія — 250 тысяч…

Гэта — падман, пра які пазьней скажуць, што было чэсна і справядліва.
— Вось зараз па прадпрыемствах ходзяць — подпісы зьбіраюць за Лукашэнку і заяўляюць, што потым і галасаваць шэрагам за яго ўсю армію, міліцыю, студэнтаў павалакуць, і ўсе будуць галасаваць. А пазьней скажуць, што гэта чэсна і справядліва. А гэта — падман.

Каля аднаго зь пікетаў спадарыня намаўляе людзей не хадзіць на выбары:

Спадарыня: «Таму што гэта трата грошай і ня болей…»

Спадар: «Ды дайце вы хоць трохі пра іншых кандыдатаў даведацца, а то ж нікога ня ведаем».

Спадарыня: «Ды ніхто зь іх не набярэ больш за 50%. Ужо цяпер усім вядома, хто бліжэйшыя 4 гады будзе кіраваць».

Спадар: «Калі нічога не рабіць, то і 25 гадоў нічога не памяняецца…»

Спадарыня: «Пакуль Коля ня вырасьце, нічога ня зьменіцца…»

Адзін са зьбіральнікаў подпісаў падыходзіць і кажа, што сёньня ў іх быў цікавы выпадак: жанчына, якая раней не хацела браць удзел у выбарах, сёньня прыехала і паставіла свой подпіс.

Спадар: «Ёй родныя патэлефанавалі зь Філадэльфіі і сказалі, што на рынку зьбіраюць подпісы, едзь і пастаў за Саньнікава. І вось яна прыйшла і сказала, што спэцыяльна прыехала на загад радні».
XS
SM
MD
LG