Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Падпісаўся за Рыгора Аляксандравіча Лукашэнку"


Як бы вы ацанілі на сёньня ход выбарчай кампаніі ў Беларусі? Ці роўныя ў кандыдатаў магчымасьці для збору подпісаў? Ці падпісваліся вы самі за ахвотных удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах? Адказваюць гарадзенскія мінакі.


Спадар:
"Чуў, будуць выбары. Магчымасьць адна — у аднаго кандыдата. А астатнія магчымасьці — у астатніх".

Спадар: "Так, за Лукашэнку падпісваўся пакуль, прыходзілі да мяне прадстаўнікі. Толькі за Лукашэнку пакуль, больш ні за кога. Пра магчымасьці не скажу, ня ведаю. Адно скажу, што ніякай інфармацыі ў нас няма: апроч Лукашэнкі — ня бачыў, ніхто не падыходзіў больш".

Спадарыня: "Ведаем пра кампанію, але не падпісваліся. Нікога ня ведаем пакуль, апроч прэзыдэнта (сьмяецца) цяперашняга".

Спадар:
"Так, ведаю, да нас прыходзілі, я аддаў свой голас за Лукашэнку Рыгора Аляксандравіча. Мне здаецца, так і павінна быць — роўныя магчымасьці. А ці ёсьць? Не магу сказаць, ня ведаю".

Спадарыня: "Мы яшчэ ня вызначыліся. Мы ведаем, што за нашага прэзыдэнта зьбіраюць".

Яе сяброўка: "Вы нас толькі па тэлевізары не паказвайце".

Спадарыня:
"Мы ня вельмі палітыкай цікавімся, старыя ўжо, пэнсіянэры".

Малады спадар: "З прозьвішчамі, напэўна, цяжэй, а пра тое, што ідзе кампанія — так, ведаем. Я падпісваўся за аднаго кандыдата, прозьвішча проста выскачыла з галавы — паслухаў, хто ён і што, і ўсё пакуль на гэтым. Што тычыцца пытаньня пра магчымасьці, то, пачынаючы зь фінансавых магчымасьцяў і сканчаючы займанай пасадай, наш прэзыдэнт тут па-за канкурэнцыяй".

Спадар: "Я ўвогуле буду за нашага дзейнага прэзыдэнта. Прэзыдэнт усё-ткі ёсьць прэзыдэнт, магчымасьці, натуральна, у прэзыдэнта большыя".

Малады спадар: "Ведаю, што пачалася выбарчая кампанія, а кандыдатаў ня ўсіх ведаю. Магчымасьці, думаю, роўныя".

Спадар: "Раманчука ведаю, Кастусёва, Някляева. Для збору подпісаў, напэўна, роўныя магчымасьці, калі лічыць вуліцу".

Сталы спадар: "На базар ішоў, бачыў — ня памятаю, за каго зьбіраюць. Я глядзеў Цэнтральную Расею, там дэпутаты гавораць: усе, хто супраць Лукашэнкі, яны — празаходнікі… У маім доме не было такога, каб за Лукашэнку хадзілі падпісвалі".

Спадар: "На рынку за нейкага кандыдата зьбіралі подпісы, ня ведаю, за якога. Цікавасьці ў нас да гэтага няма. За Лукашэнку, думаю, будзе больш подпісаў, але кандыдатаў павінна быць больш".

Малады спадар:
"Я ў палітыцы ня ўдзельнічаю, палітычна нэўтральны, я ня буду галасаваць. Я, скажам так, сьведка Еговы, таму ў палітыку ня ўмешваюся. Лічу, каго б ні выбралі, усё роўна будзе адно і тое ж, бяз сэнсу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG