Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарадзіўся ў 1966 годзе. Скончыў з адзнакай БДУ і асьпірантуру. 1997-2005 гг. Працаваў навуковым супрацоўнікам у Гомельскім абласным краязнаўчым музэі. 2006-2009 гг. Выкладчык, асыстэнт катэдры Гомельскага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту. 1991 г. Браў удзел у абароне «Белага дому» (Масква). 2003-2007 гг. Дэпутат Гомельскага гарадзкога Савету дэпутатаў. Першы намесьнік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя».


Для чаго Вы вылучаецеся ў прэзыдэнты?

Герой вядомага фільму казаў: "За дзяржаву крыўдна". Мне крыўдна ня столькі за дзяржаву, колькі за народ. За тых людзей, зь якіх гэтая дзяржава ўжо столькі гадоў зьдзекуецца, па-іншаму і ня скажаш.

Як зьменяцца падчас Вашага кіраваньня сярэднія заробкі і пэнсіі і чаму?

Мне не хацелася б цяпер жангляваць лічбамі. Дзейны прэзыдэнт абяцае сярэдні заробак 500 даляраў, адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты — 600. Хто болей? Хачу толькі адзначыць, што для мяне найважнейшай справай заўжды была сацыяльная абарона людзей. Яшчэ нядаўна я сам працаваў у бюджэтнай сфэры, быў і навуковым работнікам, і настаўнікам. І таму ведаю з уласнага досьведу, што на такія заробкі жыць немагчыма. Мізэрнымі ў бальшыні выпадкаў зьяўляюцца і пэнсіі, ужо ня кажучы пра стыпэндыі і дапамогі. Мы зробім усё, каб узьняць іх да прыстойнага роўню. Чаго б гэта нам ні каштавала.

Пры вызначэньні памераў заработнай платы важную ролю будуць адыгрываць па-сапраўднаму незалежныя прафсаюзы і іншыя прадстаўнікі працоўных калектываў.

Якія беларускія прадпрыемствы варта прыватызаваць і якім чынам?

Амаль палову са свайго больш чым 20-гадовага працоўнага стажу я працаваў на вытворчасьці, у тым ліку і рабочым. Калі стаў дэпутатам Гомельскага гарсавету (2003—2007 гады), вывучаў гэтае пытаньне. Цікавіўся замежным досьведам, у тым ліку і нашых бліжэйшых суседзяў. Перакананы — 20 гадоў непрадуманай шокавай тэрапіі на постсавецкай прасторы, дый наагул пірава перамога нэалібэральных падыходаў ва ўсясьветнай эканоміцы прывялі да выключна нэгатыўных наступстваў. Доказ таго — пэрманэнтны крызіс у нас і нашых суседзяў ды глябальная рэцэсія, якая ахапіла нядаўна ўсе капіталістычныя эканомікі сьвету.

Я не баюся ісьці супраць плыні і зьяўляюся перакананым праціўнікам абвальнай прыватызацыі. Як правіла, ва ўсім сьвеце яна нясе скарачэньне працоўных месцаў і беспрацоўе, а ў нашых умовах — шмат у якіх выпадках і закрыцьцё прадпрыемстваў. Вось было ў Гомелі вытворчае аб'яднаньне "Карал". Выпускала кінэскопы, давала працу некалькім тысячам чалавек, зьяўлялася "горадаўтваральным" для цэлага раёну. Я там працаваў у свой час. Пасьля прыватызацыі з удзелам нейкай замежнай кампаніі ў другой палове 90-х гадоў прадпрыемства, як кажуць, загадала доўга жыць.

У прыватнай уласнасьці могуць знаходзіцца і эфэктыўна працаваць толькі невялікія прадпрыемствы. Сярэднія і буйныя павінны стаць агульнанацыянальнай уласнасьцю. Яны павінны знаходзіцца ў кіраваньні сваіх працоўных калектываў праз выбарную альбо нанятую адміністрацыю. Чалавек сам павінен быць гаспадаром на сваім працоўным месцы. А прыватызацыя беларускай прамысловасьці на карысьць замежных карпарацыяў пагражае сувэрэнітэту нашай краіны.

Як зьменшыць залежнасьць Беларусі ад імпарту энэргарэсурсаў?

Наш адказ — альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі. Не беларуская АЭС, а менавіта "зялёная энэргетыка" зможа стаць гарантам энэргетычнага сувэрэнітэту Беларусі. Толькі нядаўна я вярнуўся зь Нямеччыны, дзе мы правялі шэраг сустрэч з нашымі калегамі з фракцыі "зялёных" у Бундэстагу. Абмеркавалі там нямала цікавых прапаноў у гэтай сфэры.

Ці трэба зьмяншаць паўнамоцтвы прэзыдэнта і як?

Я — перакананы прыхільнік адмены інстытуту прэзыдэнцтва ў Беларусі. Яшчэ з трыбуны другога Кангрэсу дэмакратычных сілаў я выступаў супраць фактычнай рэстаўрацыі прэзыдэнцкага рэжыму пад выглядам "Малой Канстытуцыі". І за гэта тады прагаласавала бальшыня апазыцыйных лідэраў. Я не стамляюся паўтараць: апорай для парлямэнцкай дэмакратыі павінны стаць мясцовыя Саветы. Іх улада і паўнамоцтвы павінны быць значна пашыраныя. А таксама і іншыя органы грамадзкага самакіраваньня. З уласнай дэпутацкай практыкі ведаю — менавіта ў іх ляжыць зарука пабудовы дэмакратычнага грамадзтва ў нашых умовах.

Ці патрэбныя іншыя зьмены ў Канстытуцыю? Калі так, то якія?

Нам патрэбна абсалютна новая Канстытуцыя. Яна абвесьціць сацыяльную дэмакратычную рэспубліку з апорай на грамадзкае самакіраваньне ў выглядзе Саветаў. Канстытуцыю трэба прыняць на Ўсебеларускім Устаноўчым (Нацыянальным) Сходзе.

Ці павінна беларуская мова стаць адзінай дзяржаўнай?

На бліжэйшы пэрыяд мы выступаем за захаваньне статусу і беларускай, і рускай мовы. Але пры абавязковым прыярытэце ў прасоўваньні беларускай мовы і культуры. За беларусізацыю, але на добраахвотнай аснове. Усялякі прымус і гвалт у гэтым пытаньні недапушчальны, бо гэта дасьць толькі нэгатыўны вынік.

Тут варта адзначыць, што нэгатыўнае ўспрыняцьце досьведу "беларусізацыі" 90-х гадоў шмат у чым зьвязанае з тым, што насельніцтва асацыявала яго з сацыяльнай дэрэгуляцыяй, зьбядненьнем і хаосам, якія мелі месца адначасна. Беларуская партыя "Зялёныя" лічыць сябе пераемніцай беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, у тым ліку "Чырвонага Жонда" Кастуся Каліноўскага, Беларускай сацыялістычнай Грамады і Беларускай партыі эсэраў — лідэра БНР, і г.д. І я цьвёрда перакананы, што нацыянальнае вызваленьне і будаўніцтва немагчымыя без вызваленьня і будаўніцтва сацыяльнага.

Які павінен быць статус бел-чырвона-белага сьцяга і герба "Пагоня" і якім чынам трэба вырашаць пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы?

Гэтае пытаньне павінна быць вырашана на ўсенародным рэфэрэндуме пасьля свабоднага і шырокага абмеркаваньня грамадзтвам.

Ці варта Беларусі імкнуцца ў Эўразьвяз?

Пры яго цяперашнім выглядзе і пры сучасным стане беларускай эканомікі гэтага рабіць ня трэба. Ды яно і немагчыма. Мы супраць нэалібэральнага прачытаньня праекту Эўразьвязу, але за саюз і інтэграцыю з працоўнай, сацыяльнай і "зялёнай" Эўропай.

Ці варта Беларусі імкнуцца ў НАТО?

Не. Мы за нэўтральны і пазаблёкавы статус Беларусі.

Ці захаваецца падчас Вашага прэзыдэнцтва сьмяротнае пакараньне?

Я асабіста перакананы: сьмяротнае пакараньне можа ўжывацца толькі ў выключных выпадках — напрыклад, у вайну.

Чым Вы будзеце лепшы за цяперашняга прэзыдэнта?

Я ня буду лепшым прэзыдэнтам. Я толькі паспрыяю арганізацыі лепшай формы праўленьня — рэальнай дэмакратыі і сацыяльнай рэспублікі.

Які будзе Ваш першы ўказ?

Аб адмене ўсіх прэзыдэнцкіх указаў і іншых сродкаў "ручнога кіраваньня".

Які лёс чакае прадстаўнікоў папярэдняй улады ў выпадку Вашай перамогі?

Не хачу нікога палохаць. Як і не хачу казаць дзяжурныя сказы, кшталту "сярод іх жа нямала добрых спэцыялістаў". У нас шмат здольнай моладзі, чыя ініцыятыва і энэргія цяпер проста "зачыненая ў клетку" бюракратычных кланавасьці ды кумаўства. Моладзі трэба даць дарогу.

Але ніякіх люстрацый ды рэпрэсій таксама ня будзе. У выніку ўсю новую адміністрацыю — ад нізу да верху — будзе цяпер абіраць беларускі народ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG