Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя Ата-Журт арыентуецца на Расею, а не ЗША


Партыя Ата-Журт (“Радзіма”), якая атрымала найбольш галасоў у парлямэнцкіх выбарах у Кіргізстане, хоча дамагацца вяртаньня моцнага прэзыдэнта і пашыраць супрацоўніцтва з Расеяй. Пра гэта заявіў расейскім мэдыям Мыктыбек Абдылдаеў, адзін з кіраўнікоў партыі Ата-Журт . Партыя аб’ядноўвае шэраг палітыкаў з эры прэзыдэнта Бакіева, зрынутага ў часе народнага паўстаньня, і акрэсьліваецца як партыя нацыяналістычная. Абдылдаеў нагадвае, што пасьля сёлетняга рэфэрэндуму ў кіргіскую канстытуцыю былі ўнесеныя зьмены, якія значна аслабілі ролю прэзыдэнта. “Мы патрабуем моцнага прэзыдэнта, а ня толькі моцны ўрад і моцны парлямэнт.” Яшчэ адным прыярытэтам назваў пашырэньне супрацоўніцтва з Расеяй, найперш у галіне гідраэнэргетыкі і горназдабываючай прамысловасьці.

Кіраўнік выбарчага штабу Ата-журт Юруслан Тайчубекаў ня вылучыў, што партыя будзе выступаць за закрыцьцё амэрыканскай вайсковай базы “Манас”. Тым часам амэрыканскі прэзыдэнт Барак Абама сёньня назваў выбары ў Кіргістане “гістарычнымі” і ацаніў волю выбарцаў абраць дэпутатаў спакойным і дэмакратычным шляхам.
XS
SM
MD
LG