Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паведамленьне пра сьмерць Джоўн Садэрлэнд у мінулую нядзелю трапіла на першыя старонкі газэт у бальшыні заходніх краінаў – а вось у загалоўках навінаў мэдыйнай арганізацыі, у якой я працую, пра гэта нічога няма. Мае калегі прыйшлі да згоды, што яе імя бальшыні беларусаў нічога ня кажа.

Мяне гэтая навіна проста ашаламіла. Як шкада, што нехта на нашай плянэце мог нічога ня ведаць пра існаваньне гэтага надзвычайнага таленту.

Джоўн Садэрлэнд, якая нарадзілася ў Аўстраліі ў 1926 годзе, была адной з найвыбітнейшых каляратурных сапрана ХХ стагодзьдзя. Крытыкі называлі яе голас “бездакорным”. Пасьля яе дэбюту ў Вэнэцыі ў 1969 годзе Італія назвала яе “La Stupenda”, Найцудоўнейшая. Шмат хто лічыў яе наступніцай вялікай Марыі Калас. Лючана Павароці, якога яна моцна падтрымлівала на пачатку ягонай кар'еры, назваў яе “голасам стагодзьдзя”. Каралева Лізавета ІІ зрабіла яе Дамай-Камандорам ордэну Брытанскай імпэрыі.

Валодаючы дзівоснай тэхнікай і надзвычайным дыяпазонам і лёгка беручы найвышэйшыя ноты, Садэрлэнд заваявала славу ў ралях рэпэртуару бэльканта – у “Норме” Бэліні і “Лючыі дэ Лямэрмор” Даніцэці.

Менавіта ў ролі Лючыі Джоўн Садэрлэнд у 1961 годзе ўпершыню выступіла на сцэне нью-ёрскага опэрнага тэатру Мэтраполітэн. У сваім нэкралёгу па сьпявачцы ва ўчорашнім нумары The New York Times музычны крытык Энтані Тамазіні прыгадвае, як “пасьля першай паловы сцэны вар'яцтва Лючыі ў апошнім акце, кульмінацыяй якой сталася славутае высокае мі-бэмоль, авацыя ў залі працягвалася амаль 5 хвілінаў. Калі сцэна закончылася і звар'яцелая Лючыя, паміраючы, упала на сцэну, авацыя доўжылася 12 хвілінаў”.

Я тады быў яшчэ зусім маленькі, але празь некалькі гадоў мне ўдалося купіць білет на верхні балькон у тэатры Мэтраполітэн, і я мог сам бачыць і чуць Джоўн Садэрлэнд. Прайшло 40 гадоў, а я ўсё яшчэ адчуваю дрыжыкі ў целе.

Паслухайце самі:

  • 16x9 Image

    Данчык

    Багдан Андрусышын нарадзіўся ў 1958 годзе ў Ню-Ёрку. Скончыў Унівэрсытэт Ню-Ёрку са ступеньню бакаляра журналістыкі. Працуе на Свабодзе з 1992 году. Ведамы ў Беларусі як сьпявак Данчык. Аўтар і выканаўца беларускіх песьняў, выдаў шэсьць альбомаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG