Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь разгледзіць магчымасьць прыцягненьня ў выпадку неабходнасьці страхавых сродкаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) у выглядзе прэвэнтыўнай крэдытнай лініі (Precautionary Credit Line, PCL), паведаміў агенцтву "Інтэрфакс-Захад" адзін зь беларускіх удзельнікаў вашынгтонскага пасяджэньня Савета кіраўнікоў МВФ і Сусьветнага банку.

"У лістападзе гэтага года чакаецца місія МВФ. Падчас місіі мы плянуем абмяняцца ідэямі адносна далейшых пэрспэктываў супрацоўніцтва з фондам. У прыватнасьці, не выключаецца абмеркаваньне магчымасьці вылучэньня Беларусі прэвэнтыўнай крэдытнай лініі", – сказаў суразмоўца.

Па яго словах, сродкі МВФ у выглядзе PCL могуць адыграць ролю "фінансавай падушкі" у выпадку зьяўленьня непрадбачаных зьнешніх шокаў. У прыватнасьці, пры рэзкім павышэньні цэнаў расейскіх энэрганосьбітаў, як гэта здарылася ў пачатку 2010 года, калі Расея сваім аднабаковым рашэньнем увяла экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь.

Суразмоўца агенцтва "Інтэрфакс-Захад" растлумачыў, што аптымізм беларускага боку адносна магчымасьці атрыманьня PCL заснаваны "на высокай ацэнцы выкананьня Беларусьсю праграмы stand-by, якую ў ходзе сустрэч дало кіраўніцтва МВФ". Суразмоўца сьцвярджае, што "паводле прадстаўнікоў МВФ – Беларусь адна зь нешматлікіх краін, якая выканала праграму stand-by на высокім якасным узроўні". Акрамя таго, ён падкрэсьліў, што ў кастрычніцкім аглядзе сусьветнай эканомікі МВФ рэзка павысіў прагноз росту беларускага ВУП – з 2,4% да 7,2%.

МВФ у пачатку верасьня абвясьціў аб магчымасьці выкарыстаньня новага антыкрызіснага інструмэнту – "прэвэнтыўнай крэдытнай лініі", якая будзе вылучацца шырокаму колу краін.

Такія краіны могуць ня ў поўнай меры адпавядаць крытэрыям існых антыкрызісных крэдытных праграм МВФ, якія прызначаны для краін, што праводзяць эканамічную палітыку цалкам адпаведную патрабаваньням фонду.

Пакуль новым мэханізмам скарысталіся тры краіны – Мэксыка, Польшча, Калюмбія.

Памер PCL для Беларусі можа скласьці каля 2,95 млрд. даляраў з павелічэньнем да 5,9 млрд. даляраў праз 12 месяцаў.


Беларусь рэалізавала праграму МВФ stand-by са студзеня 2009 году па красавік 2010 году. Першапачаткова крэдыт пад праграму быў ухвалены ў суме 2,46 млрд. даляраў (420% квоты Беларусі ў МВФ), у сярэдзіне мінулага года МВФ пагадзіўся з просьбай Мінска павялічыць суму крэдыту да 3,46 млрд. даляраў (587,4% квоты).

Беларусь зьяўляецца чальцом МВФ з 1992 году. Да ўзгадненьня праграмы stand-by на 2009-2010 гады Беларусь атрымала ад МВФ два траншы крэдыту па праграме сыстэмных рэформаў у жніўні 1993 года (98 млн. даляраў) і ў лютым 1995 году (101,7 млн. даляраў) і адзін транш крэдыту stand-by у верасьні 1995 году (101,7 млн. даляраў).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG