Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Гавары праўду" будуць судзіць "па новых абставінах"


Сёньня ў Менскім гаспадарчым судзе другі раз будзе разглядацца пазоў Менгарвыканкаму аб закрыцьці ўстановы "Рух наперад", у межах якой дзейнічае кампанія "Гавары праўду".

Першы працэс паводле патрабаваньня ўправы юстыцыі Менгарвыканкаму аб закрыцьці "Руху наперад" установа выйграла. Гэта было яшчэ ўлетку. Тады актывісты "Гавары праўду" здолелі даказаць суду, што дакладна ўказалі ў дакумэнтах на рэгістрацыю юрыдычны адрас.

Але з таго часу адбыўся новы працэс, які выйграў ужо Менгарвыканкам. На новым працэсе ў Менскім гаспадарчым судзе дамова аб арэндзе памяшканьня паміж "Рухам наперад" і фірмай "Тина Влати" была прызнаная юрыдычна нікчэмнай.

"Рух наперад” спрабаваў аспрэчыць гэтае рашэньне ў судзе вышэйшай інстанцыі, але на мінулым тыдні Вышэйшы гаспадарчы суд прызнаў яго дакладным.

Як вынік — менскі гаспадарчы суд пачынае яшчэ адзін разгляд справы аб пазбаўленьні ўстановы "Рух наперад" дзяржаўнай рэгістрацыі з прычыны выяўленьня новых акалічнасьцяў у справе. Юрыст Раіса Міхайлоўская мяркуе, што гэты працэс грамадзкім актывістам выйграць будзе значна складаней.

"Яны быццам падклалі патрэбныя карты пад тое, каб выйграць. Мяркую, яны свайго дамогуцца. Бо гэтак усё адмыслова зрабілі".

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, лідэр кампаніі "Гавары праўду" паэт Уладзімер Някляеў таксама ня верыць, што магчыма выйграць суд ва ўмовах “беларускай судовай сыстэмы.

Пасьля першага суду, які выйграў "Рух наперад", падавалася, што справядлівых рашэньняў чакаць варта, але цяпер ілюзіі ў яго зьнікаюць, кажа магчымы кандыдат у прэзыдэнты. Спадар Някляеў згадвае папярэднія суды.

"Ва ўсіх паперах, якія мы прынесьлі, запісана, што памяшканьне, якое мы займаем, ёсьць адміністрацыйнае. Не — прыходзяць тры сьведкі, дзьве жанчыны і адзін мужык, і кажуць, гледзячы некуды ў столь, што гэта не адміністрацыйнае памяшканьне, хоць так і запісана. І вось 12 кастрычніка яны нас будуць за гэта пазбаўляць ня толькі памяшканьня, але і ўсіх нашых дакумэнтаў, каб і юрыдычна не было такой кампаніі "Гавары праўду", і ўсіх нас пусьцяць па сьвеце голымі і босымі. Вось табе і суд".

12 кастрычніка, таксама працягнецца працэс над актывістам "Гавары праўду" Міхасём Башурам, якога судзяць паводле абвінавачаньня ў падробцы дакумэнтаў. У судзе мусяць выступіць ключавыя сьведкі з боку абвінавачаньня, кажа адвакат Тамара Сідарэнка.

Вось як адвакат ацэньвае зробленую ў судзе заяву Міхася Башуры пра тое, што яму не было патрэбы падрабляць дадзеныя пра заробкі ў даведцы для банку.

"Ён мае рацыю, бо яму сапраўды не было патрэбы павялічваць у даведцы памер заробку, каб далі льготны крэдыт. Наадварот, чым менш, тым лепей".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG