Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Башура ўбачыў сваю кніжку з судовай клеткі


Міхась Башура

Міхась Башура

У Савецкім судзе Менску пачаўся працэс над актывістам кампаніі «Гавары праўду» Міхасём Башурам, якога трымаюць за кратамі ўжо 2 месяцы.

Міхасю Башуру пагражае зьняволеньне на 3 гадоў ці абмежаваньне волі на 5 гадоў. Найменшым пакараньнем за паўторную падробку дакумэнтаў, у чым абвінавачваюць актывіста, ёсьць грашовы штраф. Якую меру пакараньня абярэ судзьдзя Кірыл Палулех, калі прызнае Міхася Башуру вінаватым?

Суд пачаўся з допыту абвінавачанага Міхася Башуры. У Міхася ёсьць жонка і маленькая дачка. Башуры жывуць у інтэрнаце, стаяць у ільготнай чарзе на будаўніцтва жытла як малазабясьпечаная сям’я.

Калі Міхасю Башуру тэрмінова спатрэбілася даведка, каб жонка магла аформіць ільготны крэдыт на жытло, дырэктар выдавецкай фірмы «Галіяфы», дзе Башура працуе намесьнікам дырэктара, быў у ад’езьдзе, а бухгальтар ляжала зь дзіцём у шпіталі.

Паводле Міхася Башуры, ён вымушаны быў сам скласьці даведку пра свой заробак, але павысіў яго, зрабіўшы памылку ў падліках. Гэта ніяк не магло паўплываць на атрыманьне ільготнага крэдыту, мяркуе Міхась Башура. Тое, што была зробленая памылка, Міхась Башура высьветліў у ліпені, да арышту, і пачаў захады для выпраўленьня. Але 6 жніўня яго затрымалі, і з тых часоў ён знаходзіцца за кратамі.

Міхася Башуру судзяць ў Савецкім судзе Менску.
Вязьняў прывозяць у такім «аўтазаку».
У судовай залі здымаць журналістам забаранілі.

Міхась Башура вінаватым сябе ў падробцы дакумэнтаў не прызнаў:

«Намеру падрабіць дакумэнт я ня меў. Што зьвесткі, якія пазначаны ў даведцы, непраўдзівыя, я ня ведаў. Я быў перакананы, што зьвесткі выкладзеныя дакладна.

Прадстаўніца пракуратуры спадарыня Корнева, аднак, мяркуе, што віна Башуры цалкам даказаная. Гэта, паводле пракурора, даказваюць пэўныя сьведкі і дакумэнты.

Сярод сьведак была заяўленая жонка абвінавачанага Натальля Башура, але пасьля пачатку працэсу яна як блізкая сваячніца адмовілася сьведчыць супраць мужа, скарыстаўшыся сваім правам. Апытаньні сьведак мусілі пачаць пасьля допыту Міхася Башуры, але па невядомых прычынах замест гэтага судзьдзя перайшоў да вывучэньня дакумэнтаў. Допыты сьведак мусяць пачацца пазьней.

Сваю кніжку Міхась Башура убачыў толькі у судзе.
Дарэчы, за гэты час у сьвет выйшла кніжка паэзіі Міхася Башуры, якая называецца «Думкі — гэта не гульня». У турму кніжку паэту перадаць не ўдалося, і сёньня з-за кратаў Міхась Башура ўпершыню ўбачыў зборнік сваіх вершаў.

Паэт Уладзімер Някляеў, які ўзначальвае грамадзкую кампанію «Гавары праўду», да суду заявіў, што працэс над Міхасём Башурам ёсьць справай палітычнай:

«Па сутнасьці, за што яго судзяць? Ён актывіст кампаніі „Гавары праўду“, каардынатар па горадзе Менску. Вось за што яго судзяць, а не за тое, што некалі падрабіў ці не падрабіў. Ён кажа, што не падрабляў — чаму я мушу верыць гэтаму суду, гэтым сьледчым, а не яму? Але нават калі такое і было, то зусім неадпаведныя пакараньне і праступак. Гэта мусіць быць адміністрацыйнае парушэньне, але не саджаць жа за гэта! Ён мог быць дома пад падпіскай, калі ласка, выклікайце, хай ходзіць сюды, высьвятляйце, што ня тое напісаў».

Паводле адваката Тамары Сідарэнкі, адваката, які абараняе Міхася Башуру, працэс можа скончыцца за 2-3 дні.
XS
SM
MD
LG