Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фірма “Палёніка”: антыкрызіснага мэнэджара не прызначылі


Сёньня ў Горадні абласны гаспадарчы суд меў разглядаць справу аб прызнаньні банкрутам і ліквідацыі фірмы “Палёніка”, празь якую незарэгістраваны Саюз палякаў праводзіў сваю культурна-асьветніцкую дзейнасьць. Аднак у судзе высьветлілася, што пакуль ліквідацыя не адбудзецца.

Унутры абласнога гаспадарчага суду, на ганку і побач з будынкам сабралася сотня актывістаў не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў, абавязкі старшыні якога выконвае сёньня Анжаліка Арэхва. Дырэктарка фірмы “Палёніка” Анжаліка Борыс выйшла з судовага будынку і паведаміла:
Мы сёньня застаёмся ў падвешаным стане...

“Нейкая гульня вядзецца. Суд павінен быў сёньня разгледзець справу аб банкруцтве фірмы, і тут раптам падатковая інспэкцыя адклікае сваю заяву аб тым, каб прызнаць нас банкрутамі. Нейкая вельмі дзіўная гульня. Мы сёньня застаёмся ў падвешаным стане: і працаваць ня можам, таму што ў нас даўгі, і не працаваць, гэта значыцца закрыцца, мы ня можам, таму што нас хочуць ліквідаваць”.

Старшыня Галоўнай рады арганізацыі Андрэй Пачобут падзякаваў прысутным актывістам Саюзу палякаў:

“Яшчэ раз: вельмі ўсім дзякуем. Мы — разам, а калі мы разам, то мы — сіла, і нішто нас ня зломіць!”

Намесьніца Анжалікі Борыс у фірме “Палёніка” Анжаліка Арэхва пасьля знаходжаньня ў судзе выказалася крыху больш аптымістычна:
Ня будзем мець ніякага кіраўніка, апроч спадарыні дырэктаркі Анжалікі Борыс...


“Але пакуль што фірма прынамсі яшчэ існуе і дзейнічае, і ня будзем мець ніякага кіраўніка, апроч спадарыні дырэктаркі Анжалікі Борыс. Бо сёньня ў судовай залі знаходзілася асоба, кандыдат на кіраўніка. Так што пакуль што “Палёніка” дзейнічае таксама і дзякуючы прысутнасьці тут спадарства. Таму дзякуем за падтрымку”.

Анжаліка Арэхва мела на ўвазе, што ў судзе сёньня знаходзіўся чалавек, якога мелі прызначыць антыкрызісным мэнэджарам для ліквідацыі “Палёнікі”, але гэтага пакуль што не адбылося.
XS
SM
MD
LG