Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнікі Алега Бябеніна чакаюць дапамогі замежных экспэртаў


Алег Бябенін

Алег Бябенін

11 кастрычніка споўнілася 40 дзён зь дня сьмерці заснавальніка і кіраўніка інтэрнэт-сайту «Хартыя 97» Алега Бябеніна. У гэты дзень сябры і паплечнікі пабывалі каля магілы журналіста на Ўсходніх могілках Менску. Яны па-ранейшаму ня вераць у самагубства Алега Бябеніна.

Ушанаваць памяць Алега Бябеніна на саракавіны па яго сьмерці на Ўсходнія могілкі прыйшлі калегі-журналісты, сябры і паплечнікі па палітычных і грамадзкіх рухах разам з кандыдатам у прэзыдэнты Андрэем Саньнікавым. Яны ўсклалі на магілу кветкі і запалілі сьвечкі. Ніхто з гэтых людзей па-ранейшаму ня верыць у самазабойства Алега Бябеніна, кажа супрацоўніца сайту «Хартыя 97» Натальля Радзіна:

Натальля Радзіна
«Мы працягваем заяўляць пра тое, што ёсьць шмат дзіўных акалічнасьцяў: ён быў знойдзены на лецішчы, куды ніколі ня езьдзіў адзін. Там была стэрыльная чысьціня, і самае галоўнае — было відавочна, што напярэдадні Алег быў зьбіты. Не было пакінута ніякай цыдулкі, і не было ніводнага матыву, каб журналіст мог гэта зрабіць. І нельга казаць, што гэта самагубства, бо вельмі падобна на інсцэніроўку самагубства».

Тэрмін пракурорскай праверкі па факце сьмерці Алега Бябеніна працягнуты да 3 лістапада. Афіцыйныя ўлады запрасілі да ўдзелу ў расьсьледаваньні эспэртаў-крыміналістаў з краінаў-удзельніц АБСЭ, але час іх прыезду пакуль застаецца няпэўным. Падрабязнасьцяў пра хаду дасьледаваньня пракуратура таксама не паведамляе, кажа прэсавы сакратар Генэральнай пракуратуры Пётар Кісялёў:

«Пакуль ня скончана сьледзтва — ніякіх камэнтароў».

Зьміцер Бандарэнка
Раней Генэральная пракуратура паведамляла, што адпрацоўваюцца некалькі вэрсіяў сьмерці, у тым ліку забойства з наступнай інсцэніроўкай самагубства. Аднак насамрэч вэрсію гвалтоўнай сьмерці пракуратура, фактычна, адкінула, кажа адзін зь лідэраў грамадзкай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Зьміцер Бандарэнка:

«Нас некалькі разоў апытвалі ў Менскай абласной пракуратуры, і я магу сказаць, што там разглядаецца толькі адна вэрсія — самагубства. Іншыя вэрсіі не разглядаюцца, а значыць і не дасьледуюцца. А на нашу думку, ніякіх новых сьведчаньняў таго, што Алег добраахвотна разьвітаўся з жыцьцём, няма. Я думаю, што афіцыйнае расьсьледаваньне можа працягнуцца толькі пасьля зьмены ўлады ў Беларусі».

Як паведаміў Зьміцер Бандарэнка, паплечнікі Алега Бябеніна шукаюць дапамогі замежных экспэртаў у справе дасьледаваньня ягонай сьмерці незалежна ад афіцыйных уладаў Беларусі.
XS
SM
MD
LG