Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка разьлічвае на кітайскія мільярды


Аляксандар Лукашэнка і Ху Цьзіньтао, жнівень 2008.

Аляксандар Лукашэнка і Ху Цьзіньтао, жнівень 2008.

У Пэкіне кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сустрэўся са старшынём КНР Ху Цьзіньтао. Сёньня ж там падпісаны пакет дакумэнтаў па рэалізацыі беларуска-кітайскіх праектаў на 3,5 мільярда даляраў.

Аляксандар Лукашэнка падзякаваў Ху Цьзіньтао «за вялікую дапамогу і падтрымку» і нагадаў, што гэта яго шостае наведваньне Кітаю. Ху Цьзіньтао адзначыў, што гатовы абмяняцца думкамі па далейшым разьвіцьці двухбаковых дачыненьняў. Візыт у Кітай Лукашэнкі як пасьпяховы шырока асьвятляецца ў афіцыйных мэдыях. Паводле расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава, гэта зьвязана з палітычнай кампаніяй у Беларусі і Лукашэнка спрабуе вырашыць пытаньне аб прызнаньні вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

«Бо калі Кітай прызнае выбары, то ў беларускага кіраўніцтва ёсьць такая ілюзія, што гэта, маўляў, прымусіць і Маскву прызнаць. Відаць, Лукашэнка атрымаў нейкія сыгналы з Кітаю, якія абнадзейваюць, і гэтым вельмі задаволены».
калі Кітай прызнае выбары, то ў беларускага кіраўніцтва ёсьць такая ілюзія, што гэта, маўляў, прымусіць і Маскву прызнаць.


Паводле спадара Суздальцава, Лукашэнка спрабуе пераканаць беларускіх выбарцаў, што цяпер у пляне падтрымкі беларускай эканомікі Расею, маўляў, можа замяніць Кітай.

Паводле афіцыйных мэдыяў, сумесныя з Кітаем эканамічныя праекты складуць на першым этапе 3,5 мільярда даляраў. Цяпер рыхтуецца яшчэ каля 100 праектаў агулам на 15 мільярдаў даляраў. Кітайцы прафінансуюць, да прыкладу, будаўніцтва двух энэргаблёкаў на беларускіх ГРЭС, заводу па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы, стварэньне менскай інтэлектуальнай транспартнай сыстэмы і нават рэканструкцыю Нацыянальнага аэрапорту. Паводле экс-старшыні Нацбанку Беларусі Станіслава Багданкевіча, няма нічога дрэннага ў тым, што краіна атрымае інвэстыцыі ў выглядзе крэдытаў.

«Праблема толькі ў тым, што Кітай дае зьвязаныя крэдыты. То бок, дасьць абсталяваньне на іх, сваю тэхналёгію. А гэта ня самае лепшае ў сьвеце. Таму цяжка сказаць, наколькі гэта ўсё будзе эфэктыўна».

А тое, што афіцыйны Менск можа разьлічваць на такія крэдыты з Кітаю, паводле спадара Багданкевіча, «зьвязана з асобай кіраўніка Беларусі».

«У нас вялікія сябры альбо адыёзныя фігуры, альбо далёкі Кітай, які сам знаходзіцца ў вялізным адставаньні, нягледзячы на тое, што даганяе па валу.
Тое, што мы бяром мільярды ў Кітаю, мы маглі б узяць на свабодным рынку, калі б у нас былі нармальныя праекты.
Але калі гэта падзяліць на 1,5 мільярда насельніцтва, то мы ўбачым, што гэтыя посьпехі надта далёкія ад эўрапейскіх, ЗША, Канады і гэтак далей. Гэта адносныя посьпехі вала пры нізкай прадукцыйнасьці працы, нізкіх прыбытках насельніцтва. Тое, што мы бяром мільярды ў Кітаю, мы маглі б узяць на свабодным рынку, калі б у нас былі нармальныя праекты, калі б была іншай эканамічная база, а не таталітарная, адміністратыўная».

Паводле першага віцэ-прэм’ера Беларусі Ўладзімера Сямашкі, праекты з Кітаем дапамогуць «дагнаць Кітай». Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што Беларусі трэба не раўняцца з Кітаем, а ўкараняць дэмакратычнае кіраваньне ў краіне і рынкавую эканоміку.

Эканаміст Дзьмітры Крук адзначае, што праекты, якія ажыцьцяўляюцца, больш адпавядаюць кітайскай стратэгіі.

«Нарошчваецца кітайскі экспарт у Беларусь. А беларусы ніяк не павялічваюць свае магчымасьці на кітайскім рынку. Асновай нашага экспарту, як і раней, застаюцца калійныя ўгнаеньні. А што да інвэстыцый, якія прыходзяць у Беларусь з Кітаю, то гэта былі зьвязаныя крэдыты, якія мелі ўмовай істотнае павелічэньне кітайскага імпарту, кітайскіх будматэрыялаў і нават выкарыстаньне кітайскіх працаўнікоў. То бок, калі новыя дамовы заключаныя на такіх жа ўмовах, то гэта ня стане нейкім маторам, нейкай новай мадэльлю эканамічнага росту».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG