Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навасельле для шматдзетных: бяз газу і гарачай вады


У панядзелак раніцай шмадзетныя сем'і з гарадзкога пасёлку Сеньніца Менскага раёну разам зь дзецьмі прыйшлі да Менскага аблвыканкаму. У чэрвені яны атрымалі кватэры ў доме нумар 54"В" на Набярэжнай, засяліліся. Але дагэтуль дом не падключаны да газу, гарачай вады, у ім шмат недаробак, хоць людзі з уласнай кішэні заплацілі за павышаную якасьць будаўніцтва немалыя грошы.

Шматдзетныя сем'і зь Сеньніцы будавалі ільготнае жытло ў каапэратыве "Юбілейны-2006", генпадрадчыкам было адкрытае акцыянэрнае таварыства "Асьлябя". Разам зь імі будавалі кватэры і звычайныя грамадзяне, што стаялі ў чарзе. Распавядае шматдзетны бацька Уладзімер Булаўка:
калі хочаце датэрмінова, з павышанай якасьцю, вы павінны даплаціць асабістымі сродкамі з разьліку 350 тысяч за квадратны мэтарe ...

"Сказалі: калі хочаце датэрмінова, з павышанай якасьцю, вы павінны даплаціць асабістымі сродкамі з разьліку 350 тысяч за квадратны мэтар. Тады, маўляў, усё будзе ідэальна. Людзі пагадзіліся, каб мець добрай якасьці жытло".

Шматдзетная сям'я Ўладзімера будавала трохпакаёвую кватэру плошчай 85 квадратных мэтраў.

"Нам трэба было даплаціць 23 мільёны рублёў. Дзе іх узяць? І многія проста пасыходзілі самі. А частку выгналі, таму што не заплацілі".

Сям'ю Ігара Купатава выключылі з каапэратыву, і ён дагэтуль судзіцца:

"Мільёнаў 20 трэба было даплаціць. Першы раз мы аднавіліся праз суд, зараз нас другі раз выключылі. Падстава — што ня ўнесьлі гэтыя дадатковыя даплаты".

Старшыня каапэратыву Пётар Сяменчанка лічыць, што ўсё рабілася добраахвотна:

"Гэта воля каапэратыву. Большасьць была згодная на даплаты, таму мы заключылі дамову — за хуткасьць будаўніцтва. Мы толькі плацілі іх, як паявыя складкі, а суд і падатковая інспэкцыя прызналі, што гэта не паявыя складкі, а іншыя. Але якая розьніца — іншыя, мэтавыя, дадатковыя? Але калі сход вырашыў на такіх умовах, то трэба плаціць".

Судзіцца і сям'я Зьмітра Стрыгельскага, які ад самага пачатку даводзіў, што гэта не паявыя складкі:

"Цэлы год суд доўжыўся і вынес рашэньне, што гэтыя каэфіцыенты да паявых складак не адносяцца і зьяўляюцца добраахвотнымі. За гэты час мяне і яшчэ некалькіх аднадумцаў выключылі з каапэратыву быццам бы за няплату гэтых складак. Атрымліваецца, мяне суд аднавіў, я законны сябра каапэратыву — але маёй кватэры няма, яе ўжо некаму аддалі".

Жыхары дома скардзяцца, што дом здалі са шматлікімі недаробкамі. Распавядае Ўладзімер Булаўка:

"Зараз шчыліны пайшлі па сьценах, адхіленьні ў сьценах — дзе 2 см, у адным месцы ў мяне 5 см — гэта Пізанская вежа. З гэтай даплатай — мы такія грошы ўклалі, а ў выніку ні якасьці, ні датэрміновага ўводу — нічога не атрымалі".

Што да недаробак, дрэннай якасьці, старшыня каапэратыву Пётар Сяменчанка пагаджаецца:

"Дрэнна толькі, што мы зрабілі аздабляльныя працы, калі дом быў вільготны, нават мокры. А падрадчык па просьбе сябраў нашага каапэратыву пачаў рабіць аздабленьне. А калі сьцены мокрыя, і калі робіш тынкоўку, яна, натуральна, вільготная... Ёсьць, вядома, праблемы па якасьці".

Што да скаргі шматдзетных сем'яў, якія ўсяліліся ў дом без гарачай вады і газу, спадар Сяменчанка паабяцаў:
Робім ім "абразаньне" і даём газ астатнім" ...

"Я спадзяюся, што ЖКХ сёньня-заўтра прыме на балянс сеткі, мы дааформім усе дакумэнты і людзям дамо ваду — гарачую і халодную. А што да газу — ня ўсе прайшлі інструктаж. Мы вырашылі зараз абрэзаць пры ўваходзе ў кватэры двум супрацоўнікам міліцыі, якія не далі доступу ў кватэры. Робім ім "абразаньне" і даём газ астатнім".

Пасьля наведваньня аблвыканкаму сеньніцкімі шматдзетнымі сем'ямі чыноўнікі паабяцалі прыехаць у сераду на месца і праверыць, ці выкананыя абяцаньні. Сустрэча прызначаная на 17 гадзіну каля дома 54"В" на Набярэжнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG