Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Правы пацыентаў

З апошняй нядзелі засталіся два значныя ўражаньні — вулічны збор подпісаў за дэмакратычных кандыдатаў і прэм’ера ў Гарадзенскім тэатры паводле славутага раману Кэна Кізі “Палёт над гняздом зязюлі”. Прычым яны аказаліся нечакана зьвязанымі. Чым? А хоць бы працэдурай галасаваньня, дзеля якой подпісы і зьбіраюцца.

Патлумачу: у дурдоме зьяўляецца бунтар, жыцьцялюб Макмэрфі. У сьценах установы суровыя парадкі, усё забаронена, тэлевізар, адзіная забава, толькі ўвечары. А тут чэмпіянат, матчы паказваюць удзень. Давайце прагаласуем! — прапануе новы пацыент. У выніку, разам зь ім, толькі тры “за”. Астатнія таксама хочуць глядзець матчы, але ўзьняць руку баяцца. Наглядчыца трыюмфуе: прапанова не прайшла! Аднак Макмэрфі не здаецца, і нарэшце іншыя перамагаюць страх і галасуюць.

Але не! Наглядчыца жорстка паведамляе, што ў дурдоме свае правілы: прагаласаваць павінны ўсе да аднаго, інакш ня лічыцца. Макмэрфі робіць неверагодныя высілкі, і руку ўзьнімаюць у рэшце рэшт нават тыя, хто даведзены дактарамі да стану расьліны. Маленькая перамога ва ўстанове з закратаванымі вокнамі альбо, скажам, у краіне за жалезнай заслонай можа мець вялікія маштабы. Аднак усё як заўжды пад кантролем: тэлевізар дырэктыўна выключаюць.

Вынаходлівы Макмэрфі і тут зух: пачынае па-заўзятарску рэагаваць на матч, якога ня бачыць, усе далучаюцца да гульні. Ілюзія, што ўдалося нейк перамагчы, не паддацца. Але наглядчыца помсьлівая, у яе мэта і зьмест жыцьця — трымаць у яжовых рукавіцах… Адзін вядомы замежны палітык назваў днямі нашую кампанію “пародыяй на выбары”. Мы завучана ўключаемся ў фарс, ведаючы, што па тэлевізары нічога не паказваюць, што за сьпінай стаіць наглядчык з пугай. Зусім як у Кэна Кізі.

Выбарчы спэктакль

Дык навошта ламаць гэтую камэдыю з выбарамі? Усім жа добра вядома, што ў спэктаклі аднаго актора вакантнай можа быць толькі роля блазна. Нават спадар Гайдукевіч перадумаў.

Вуліца Паліграфістаў у Горадні — шлях на Цэнтральны рынак або Скідэльскі — як яго некаторыя называюць па-старому. Дык вось: напачатку стаяць штодня, апроч панядзелка, зборшчыкі подпісаў у шэраг — за Саньнікава, за Някляева, за Кастусёва, за Раманчука. Некаторыя выбаршчыкі падпісваюцца за ўсіх чатырох, па чарзе. Але што мне гавораць хлопцы-зборшчыкі? Што праходзяць тысячы людзей, а подпісаў за дзень удаецца атрымаць семдзесят-восемдзесят. “Ніхто ні ў што ня верыць, нікому нічога ня трэба”.

Так, відавочна, што ўсе дэмакратычныя прэтэндэнты – не, не на адзін твар, але – аднолькава невядомыя большасьці выбаршчыкаў. Ну гэта зразумела: у тэлевізары ўвесь час толькі адзін партрэт. Інакш кажучы, падпісваюцца не за кандыдата канкрэтнага часьцей, а за зьмены, за кволае спадзяваньне на іх дакладней.

У нядзелю жыхароў нашага дому наведала і ініцыятыўная група, як яны сказалі, “дзейнага прэзыдэнта”. Пытаюся: а самі вы “за”? Мыляцца. Дык чаго тады іншым прапануеце? Нам сказалі… Як у песьні: “Адвеку мы спалі, ды нас разбудзілі, сказалі, што трэба рабіць”.

Дэжавю

Нагадаю, што раман Кэна Кізі зьявіўся ў нас толькі дваццаць гадоў таму, а неўзабаве і экранізацыя яго. Мы бачылі, што ў значнай ступені гэта пра наш родны СССР. Што мы адчувалі тады? Што страх пакрысе зьнікае, яго замяняе надзея на тое, што гэты абсурд не бясконцы, як бы ні казырылася Палітбюро, што савецкія парадкі — “навечна”.

Што адчувае моладзь на спэктаклі, якая нарадзілася тады, калі раман стаў даступны нам? Магчыма, кволую надзею, што сёньняшнія парадкі не навечна? Вельмі верагодна. Ну, а мы адчуваем дэжавю. Між іншым, фінал спэктаклю страшны, не пакідае спадзяваньняў. Ну і для беларусаў жа ўсё вярнулася назад: савецкія парадкі, жорсткі рэжым, адно ЦК нейк інакш называецца цяпер, а пасада першага сакратара, як сёньня жартуюць, атрымала назву “першы прэзыдэнт”. У спэктаклі сцэна абавязковага сходу пацыентаў, якія павінны публічна займацца самалупцаваньнем, прызнаньнем сябе вінаватымі ва ўсіх грахах, таксама гучыць у рэчышчы нашых слаўных традыцый 1937-га.

Яшчэ два ўражаньні з тэатру: доктар у псіхушцы — амаль выкапаны з выгляду сёньняшні кандыдат Уладзімір Някляеў, прынамсі яго старэйшы брат, ён і сьмяецца нават падобна да паэта. Чалавек ён, адчуваецца, нядрэнны, але камандуе, ім таксама, наглядчыца ў адзеньні мэдсястры. Вось у чым праблема. Другое: неверагодная знаходка — актор Сяргей Вянсковіч —“правадыр Бромдэн”, ён выглядае на сапраўднага індзейца. Як заўжды папросту выдатны Аляксандар Шаўкаплясаў, заслужаны артыст Беларусі, у ролі Макмэрфі. І яшчэ: у тэатры паявіліся цікавыя маладыя акторы, якім верыш, за якімі сочыш на сцэне з задавальненьнем.

Файны спэктакль, драматург Дэйл Васэрман плённа схаўрусаваў калісьці з Кэнам Кізі, а наш рэжысэр Генадзь Мушпэрт – з тэатральнай трупай. Ну, а галасаваньне ў дурдоме станоўчых вынікаў ня мела, на жаль, і не магло мець.

Збор подпісаў на вул. Паліграфістаў за Някляева ды іншых

Удзельнікі спэктаклю “Палёт над гняздом зязюлі”

Правадыр Бромдэн (Сяргей Вянсковіч)
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

XS
SM
MD
LG