Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць тэлефанаваньняў тычацца прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Многія слухачы лічаць, што сыстэма выбараў у краіне дае магчымасьці для фальсыфікацыі вынікаў, і выказваюць свае прапановы наконт таго, што трэба зрабіць, каб галасаваньне было дэмакратычным.

Адным з самых важных інструмэнтаў фальсыфікацыі выбараў наш слухач лічыць кантрактную сыстэму найму на працу:

"Хто вінаваты ў фальсыфікацыі падліку галасоў і падмене пратаколаў? Члены выбарчай камісіі? Не! Вінавата кантрактная сыстэма, якая трымае ўсіх у яжовых, то бок лукашэнкаўскіх рукавіцах. Чаму гэта замоўчваюць і прэтэндэнты, і вы, Радыё Свабода? Пра гэта трэба казаць кожную гадзіну!"

Званок камэнтуе сустаршыня БХД Аляксей Шэін:

Аляксей Шэін
"Кантрактная сыстэма дапамагае ўтрымліваць сам махавік фальсыфікацый. Аднак я не пагаджуся з тым, што з-за кантрактнай сыстэмы мы маем фальсыфікаваныя выбары.

Рэч у тым, што яшчэ да таго, як была ўведзена кантрактная сыстэма, былі ўжо праведзены рэфэрэндум 1995 году ды іншыя кампаніі. Якія на той час ужо былі праведзеныя зь вельмі сур'ёзнымі фальсыфікацыямі.

Кантрактная сыстэма — гэта толькі адзін са складнікаў усёй сыстэмы падману, якая існуе ў дзяржаве. Не яна ёсьць прычынай, яна — адзін з рычагоў".

Слухачы "Свабоды" абмяркоўваюць палітычны і эканамічны курс дзейнай улады.

Гаворыць Тацяна Барэль з Асіповічаў:

"Ня ведаю, чым так насаліў Лукашэнка тым, хто прадухіліў ягоны імпічмэнт, хто даў яму сыстэму фальсыфікацыі выбараў на чале са спадарыняй Ярмошынай. Відаць, сваёй непаслухмянасьцю. Але мяжа ў нас агульная, мова беларуская практычна зьнішчана, наша зямля і прадпрыемствы скупляюцца багатымі суседзямі. Так што ўсё яшчэ наперадзе, спадарства. Хай ён толькі застанецца пры ўладзе...".

А вось меркаваньне іншага слухача:

"Лукашэнкаўская ўлада — гэта ўлада ізгоя, які народ ператварыў у рабоў і быдла, гэта ўлада страху і змроку. Лукашэнка нават у старога інваліда адабраў пустую торбу. Ганьба такой уладзе! Абрыдла слухаць яго хлусьню! Брыдка!"

Камэнтар на гэты конт палітыка Вінцука Вячоркі:

Вінцук Вячорка
"Скажу з уласнага досьведу міжнародных кантактаў. Калі сутыкаесься не з палітызаванымі людзьмі, то найпершая асацыяцыя пры слове "Беларусь" — гэта зусім ня наша слаўная гісторыя, нават ня трактары, а Аляксандар Лукашэнка і дыктатура.

Нягледзячы на ўсе спробы ўлагодзіць Лукашэнку, на ўсе цынічна-прагматычныя развароты ў бок Лукашэнкі, каб яго зацягнуць у эўрапейскае цывілізацыйнае поле, усё роўна недавер, непавага застаюцца фактам.

Нягледзячы на ўсе спартовыя посьпехі, цяжка нам чакаць сапраўднай павагі ў сьвеце, калі мы пагаджаемся з тым, што наша палітычная сыстэма — не эўрапейская і не дэмакратычная".

Некаторыя слухачы скептычна выказваюцца наконт пэрспэктываў разьвіцьця краіны на бліжэйшы час:

"Таварышы бээрэсэмаўцы, калі хопіць у вас мазгоў, пачынайце тэрмінова вывучаць кітайскую мову. Калі беларусы зноў натоўпам прагаласуюць за Лукашэнку, афіцыйнай патрыятычнай моладзі прыйдзецца выкрыкваць патрыятычныя лёзунгі не па-руску, а ўжо па-кітайску, калі будуць калёнамі дружна ісьці каля трыбуны беларускага галоўнакамандуючага з сынам на так званы дзень незалежнасьці сінявокай Беларусі.

А можа, кітайцы дазволяць па-беларуску, толькі ж БРСМ па-беларуску не гаворыць, толькі па-расейску цяпер — усё адно перавучвацца. А наогул, паважаная "Свабода", проста жах, што вырабляе Лукашэнка, каб застацца пры сваёй мітычнай уладзе. Нас жа прададуць за кітайскія крэдыты, кітайцам патрэбны новыя анклявы, ім жа цеснавата. А хто яшчэ пусьціць?"

Вы слухалі "Званкі на Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG