Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея не пагаджаецца з рашэньнем Эканамічнага суду СНД


Расея не абавязаная касаваць мыта на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь, заявіў намесьнік кіраўніка Мін'юсту Расеі Васіль Ліхачоў.

"Размова не ідзе пра тое, што суд прыняў рашэньне, якое абавязвае Расею прыпыніць спагнаньне гэтага мыта", — заявіў Ліхачоў.

Ён патлумачыў, што суд Расею не абавязаў, а толькі параіў ёй.

"У РФ як сувэрэннай дзяржавы (…) ёсьць такога роду права, і мы гэта будзем даказваць у наступным годзе", — паабяцаў Ліхачоў.

Пасяджэньне Эканамічнага суду СНД перанесена на 19 студзеня 2011 году па просьбе расейскага боку.

8 кастрычніка Калегія эканамічнага суду СНД параіла ўрадам Расеі і Беларусі разгледзець пытаньне пра часовую адмену мыта на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца з Расеі ў Беларусь.

У Менску калегія Эканамічнага суду вынесла азначэньне, якім было задаволена хадайніцтва беларускага боку.

У сакавіку Міністэрства юстыцыі Беларусі падало пазоў супраць расейскага ўраду аб неправамоцнасьці спагнаньня мыта на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь.

Беларусь настойвае, што ў адпаведнасьці зь міждзяржаўным пагадненьнем аб свабодным гандлі ніводзін з бакоў не павінен ужываць мыта. Таму ўведзенае Расеяй сёлета 1 студзеня экспартнае мыта на нафтахімічную сыравіну, якая пастаўляецца ў Беларусь, Міністэрства юстыцыі лічыць незаконным.

Паводле падлікаў беларускіх эканамістаў, пры новай формуле паставак страты беларускага бюджэту перавысяць 2 мільярды даляраў.
XS
SM
MD
LG