Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Кітай падпісалі пакет дакумэнтаў па рэалізацыі сумесных праектаў на 3,5 мільярда даляраў. Цырымонія падпісаньня адбылася ў Пэкіне падчас рабочага візыту кіраўніка Беларусі ў КНР.

Паводле БелТА, падпісаныя:

  • тры крэдытныя пагадненьні
  • восем камэрцыйных кантрактаў
  • два рамачныя пагадненьні па рэалізацыі двухбаковых праектаў у сфэры энэргетыкі, будаўніцтва, прамысловасьці, дарожна-транспартнай інфраструктуры.

Беларускі ўрад і Эксімбанк КНР падпісалі рамачнае пагадненьне аб фінансаваньні прыярытэтных інвэстпраектаў. З кітайскім Эксімбанкам заключаны таксама крэдытныя пагадненьні дзеля фінансаваньня праектаў па стварэньні інтэлектуальнай транспартнай сыстэмы Менску, электрыфікацыі ўчасткаў чыгункі ў Гомельскай і Магілёўскай абласьцях, а таксама па фінансаваньні паставак грузавых электравозаў.

Міністэрства эканомікі Беларусі і кітайская карпарацыя інжынірынгу САМС падпісалі пагадненьне аб стварэньні ў Беларусі кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.

Таксама бакі дамовіліся рэалізаваць шэраг праектаў у прамысловасьці і энэргетыцы. З дапамогай кітайскіх інвэстыцый будзе пабудаваны завод па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы на базе прадпрыемства "Сьветлагорскі ЦКК" магутнасьцю 400 тысяч тон у год, а таксама завод індустрыяльнага домабудаваньня магутнасьцю 200 тысяч квадратных мэтраў і завод кальцынаванай соды. Будуць узьведзены таксама дзьве новыя электрастанцыі: ПГУ-400 МВт Бярозаўскай ДРЭС і ПГУ-400 МВт Лукомльскай ГРЭС. Будаўніцтва новай электрастанцыі на Бярозаўскай ДРЭС пачнецца ўжо ў сьнежні гэтага году, а завяршыць яго плянуецца цягам трох гадоў. Кошт праекту ацэньваецца ў 400 мільёнаў даляраў.

Заключана таксама інвэстыцыйная дамова з "Пэкін Юні-Констракшн Груп" аб рэалізацыі праекту будаўніцтва ў Менску гатэльнага комплексу "Пэкін" з аб'ектамі абслугоўваньня.

Кітайскі бок прафінансуе праект рэканструкцыі дзейнага аэравакзальнага комплексу Нацыянальнага аэрапорту "Менск". У прыватнасьці, тут плянуецца стварыць сучасны міжнародны пасажырскі тэрмінал, абсталяваць аэрапорт сыстэмамі бясьпекі і апавяшчэньня, а таксама пабудаваць другую штучную ўзьлётна-пасадкавую паласу, якая зможа прымаць самалёт А-380. Прыблізны кошт праекту складзе каля 600 мільёнаў даляраў.

Паводле першага віцэ-прэм'ера Беларусі Ўладзімера Сямашкі, гэтыя праекты вельмі значныя для эканомікі Беларусі. Ён спадзяецца зь іх дапамогай "дагнаць Кітай, які разьвіваецца з прыростам ВУП у 11%, дагнаць у іншым маштабе, але з добрым тэмпам росту эканомікі".

Сямашка адзначыў, што гэтыя праекты выгадныя як Беларусі, так і кітайскаму боку: Беларусі гэта дазволіць паскорыць дынаміку разьвіцьця, а Кітаю — асвоіць эўрапейскі рынак і давесьці сваю здатнасьць на эўрапейскім кантынэнце.

Цяпер на розных стадыях падрыхтоўкі знаходзіцца каля 100 праектаў агулам на 15 мільярдаў даляраў. Уладзімер Сямашка мяркуе, што падчас візыту ў Беларусь дырэктара Эксімбанку Кітаю ў лістападзе гэтага году таксама будзе падпісаны шэраг значных дакумэнтаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG