Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў судзе Савецкага раёну Менску пачынаецца суд над актывістам кампаніі "Гавары праўду" Міхасём Башурам, якога падазраюць у падробцы дакумэнтаў. Яму пагражае да 5 гадоў абмежаваньня волі.

Паводле адваката Тамары Сідарэнкі, яе падабаронны Міхась Башура да суду падрыхтаваўся. Вінаватым сябе Башура па-ранейшаму не прызнае. Адвакат згодна са сваім падабаронным, які кажа пра памылку пры падліках прыбыткаў, каб атрымаць крэдыт у банку. Сьледзтва аднак мяркуе, што мела мейсца наўмыснае ўвядзеньне ў зман крэдытнай установы.

"Башура кажа, што ён памыліўся, і з гэтым можна пагадзіцца. Бо рэальна гэтак, што чым меней быў бы заробак паказаны ў даведцы, было б лепей. А ў яго паказаны большы заробак. І ў другой даведцы памер заробку фактычна ні на што не ўплываў. Таму можна казаць пра памылку, і я гэта буду рабіць".

Тамара Сідарэнка бачылася з Міхасём Башурам 8 кастрычніка. Паводле адваката, на ўмовы ўтрыманьня Міхась Башура ня скардзіўся. Два тыдні таму Башуру перавялі з Жодзінскага ізалятару ў Менскі сьледчы ізалятар на Валадарскага і зьмясьцілі ў камэру, дзе разам зь ім знаходзіцца 26 вязьняў. З-за таго, што спальных месцаў у камэры удвая меней, сьпяць людзі па чарзе, паведамляў Міхась Башура.

У грамадзкай кампаніі "Гавары праўду", актывістам якой быў да арышту Міхась Башура, заяўляюць пра палітычныя прычыны перасьледу аднадумцы. Прэсавы сакратар "Гавары праўду" Юлія Рымашэўская кажа пра падтрымку, якую Башуру акажуць калегі.

"Прадстаўнікі кампаніі будуць на судзе. Суд плянуецца ў панядзелак, а 14.30 у судзе Савецкага раёну і натуральна мяркуем там быць і яго падтрымаць".

Пад арыштам Міхась Башура знаходзіцца з 8 жніўня. Вядома, што доўгі час вязьню не дазвалялі спатканьняў са сваякамі. Міхась Башура піша вершы, нядаўна выйшаў у сьвет ягоны паэтычны зборнік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG