Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адсьвяткавалі 300-годзьдзе асьвячэньня архікатэдральнага касьцёла


У менскім архікатэдральным касьцёле імя Найсьвяцейшай Панны Марыі адбылася юбілейная ўрачыстасьць — 300-годзьдзе асьвячэньня касьцёла. Урачыстасьць была пазначаная дэвізам «Радасьць і надзея». Сьвяточную Імшу ўзначаліў легат папы Рымскага Бэнэдыкта XVІ, кардынал Юзаф Томка.

Юзаф Томка

Адсьвяткаваць 300-годзьдзе першага асьвячэньня менскай архікатэдры сабралася найвышэйшае каталіцкае духавенства, і ня толькі Беларусі: біскупы зь Літвы, Польшчы, Украіны, Расеі, прадстаўнікі Мальтыйскага ордэна, а таксама прадстаўнікі беларускай грэка-каталіцкай і праваслаўнай царквы.


Усіх іх, а таксама шматлікіх вернікаў, вітаў папа Рымскі Бэнэдыкт XVІ у сваім адмысловым лісьце, які зачытаў ксёндз Эдмунд Даўгіловіч:

«9 кастрычніка гэтага году з нагоды шчасьлівага юбілею ў катэдральным касьцёле адбудзецца ўрачыстая цэлебрацыя, як выраз удзячнасьці пастыраў і вернікаў усёмагутнаму Богу за шматлікія ягоныя дабрадзействы».


Урачыстая сьвятая імша праходзіла на беларускай, лацінскай, польскай, італьянскай і ангельскай мовах. А ўзначаліў яе папскі пасланец Юзаф Томка, які да беларускіх вернікаў прамаўляў на іх роднай беларускай мове, узгадаўшы часы перасьледу веры, заняпаду сьвятыні і яе адраджэньне:

«Сёньня мы сустракаемся ў гэтым месцы з гісторыяй, якая можа здавацца раманам. Трыста год таму касьцёл быў асьвечаны, і за гэтыя тры стагодзьдзі архідыяцэзія неаднаразова скасоўвалася, ізноў адраджалася. Касьцёл працягваў існаваць і пасьля другой усясьветнай вайны, як сымбаль надзеі».

Юзаф Томка чытае пасланьне Бэнэдыкта XVI на беларускай мове.

Акрамя духоўных герархаў удзел у юбілейным сьвяткаваньні прынялі таксама высокія дзяржаўныя асобы, у прыватнасьці, кіраўнік Камітэту ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў пры Савеце міністраў Леанід Гуляка, намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч, якая зачытала віншавальны ліста ад кіраўніка краіны таксама па-беларуску:

Натальля Пяткевіч і Леанід Гуляка

«Касьцёл стаў сапраўдным культурным цэнтрам, дзе актыўна ажыцьцяўляецца дабрачынная і асьветніцкая дзейнасьць. Тут адбываецца шмат цікавых падзей. Яго сьветары і вернікі ўносяць важкі ўклад ва ўзбагачэньне духоўных традыцый нашага народа. Вядуць вялікую сацыяльную работу».


Прадстаўнік праваслаўнай царквы ў Беларусі а. Аляксандр Шымбалёў павіншаваў вернікаў і прывітаў папскага легата ад імя мітрапаліта Філарэта і перадаў у падарунак абраз усіх беларускіх сьвятых, а таксама кнігу аб праваслаўнай царкве ў Беларусі. Асаблівую падзяку папскаму легату і ўсім прысутным за ўдзел у сьвяткаваньнях выказаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, яшчэ раз запрасіўшы Бэнэдыкта XVІ у Беларусь:

«Дзякуй вашай імэнэнцыі за прыезд, за цэлебрацыю сьвятой Імшы і скіраванае да нас слова на беларускай мове. Гэта сьведчыць пра тое, што і сьвяты айцец, і вы як ягоны спэцыяльны пасланьнік шануеце беларускі народ, ягоную культуру і касьцёл, які тут ёсьць. Перакажыце Сьвятому айцу, што касьцёл у Беларусі, не зважаючы на дзесяцігодзьдзі ганеньняў, сёньня адраджаецца, моліцца за папу і вельмі, вельмі, вельмі яго чакае».

Да вернікаў зьвяртаецца Тадэвуш Кандрусевіч
Сьпіс сьветароў, якія служылі ў катэдры за 300 гадоў. Дар ад беларускіх сьветароў папскаму легату.

На завяршэньне Юзаф Томка перадаў архікатэдральнаму касьцёлу падарунак: сьвятарскае ўбраньне з выяваю ягняці ад папы Рымскага. А таксама ад імя пантыфіка Юзаф Томка ўдзяліў блаславеньне ўсім удзельнікам урачыстасьцяў.


Многія вернікі ня здолелі зьмясьціцца ў касьцёле і глядзелі ўрачыстасьць на вялікім экране ў касьцельным двары і на вуліцы. А тыя, хто трапілі ў сьвятыню, гэтак казалі пра свае ўражаньні:

«Мы сустрэліся з пасланьнікам Пана Бога тут на зямлі. Гэта вялікая і радасная падзея для нас. Хочацца, каб кожны з нас данёс гэтую прадасьць у свае сем’і і ў свае дамы, каб яна дайшла ў кожны куточак Беларусі. Дзякуем Пану Богу».



Менскі архікатэдральны касьцёл быў заснаваны езуітамi 31 лiпеня 1700 году. 16 сакавіка 1710 году храм асьвяціў бiскуп вiленскi Канстанты Казімір Бжастоўскі. 28 красавіка 1798 году сьвятыні была нададзена годнасьць катэдральнага касьцёла. З красавіка 1905 году пэўны час пробашчам касцёла быў беларускі ксёндз Зыгмунт Лазінскi. У пасьляваенныя часы храм быў адабраны ў вернікаў, спустошаны, перададзены пад дом фізкультуры і перабудаваны. 9 сьнежня 1993 году пастановай ураду будынак быў вернуты каталікам. Вялікі ўнёсак ў рэстаўрацыю касьцёла зрабіў кардынал Казімір Сьвёнтак. 21 кастрычніка 1997 году адбылося паўторнае ўрачыстае асьвячэньне храма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG