Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сіньхуа: Лукашэнка назваў Кітай найлепшым беларускім сябрам


Лукашэнка з Ху Цзыньтао, 2008 год

Лукашэнка з Ху Цзыньтао, 2008 год

Сёньня, у дзень прыбыцьця Аляксандра Лукашэнкі з афіцыйным візытам у Кітай, вядучае інфармацыйнае агенцтва зьмясьціла разгорнутае інтэрвію беларускага кіраўніка кітайскім журналістам.

Размова карэспандэнтаў «Сіньхуа», а таксама прадстаўнікоў Цэнтральнага кітайскага тэлебачаньня і самай уплывовай у краіне газэты «Жэньмінь жыбао» з Лукашэнкам адбылася напярэдадні ў Менску.

Паведамляецца, што ў праграме візыту беларускага кіраўніка — сустрэчы з вышэйшым кітайскім кіраўніцтвам, у тым лікам з старшынём Дзяржсавету КНР Ху Цзыньтао. Таксама Лукашэнка наведае павільён Беларусі на World Expo-2010 ў Шанхаі і возьме ўдзел ў адкрыцьці беларуска-кітайскага навукова-тэхналягічнага парку ў горадзе Чанчунь

«Кітай зьяўляецца найлепшым сябрам Беларусі, а Беларусь, у сваю чаргу, вельмі надзейны партнэр для Кітаю», цытуе Сіньхуа словы беларускага прэзыдэнта.
Самае ж галоўнае, што інвэстуючы беларускую эканоміку, Кітай ніколі не выстаўляе Беларусі ніякіх палітычных умоваў.

Паводле Лукашэнкі, сёньня беларуска-кітайскія дачыненьні выйшлі на стратэгічны ўзровень. Асабліва гэта важна ў пэрыяд глябальнага фінансавага крызысу. Таму ў Беларусі ніколі не забудуць кітайскіх сяброў, «якія працягнулі руку дапамогі падчас крызысу», — падкрэсьліў Лукашэнка, маючы на ўвазе льготныя кітайскія крэдыты. Самае ж галоўнае, што інвэстуючы беларускую эканоміку, Кітай ніколі не выстаўляе Беларусі ніякіх палітычных умоваў, а таму , паводле Лукашэнкі, Беларусь спадзяецца на далейшыя буйныя кітайскія інвэстыцыі, прычым, больш хуткімі тэмпамі. Са свайго боку, Беларусь гатовая стварыць найлепшыя ўмовы для кітайскага бізнэсу.

Падчас размовы зь кітайскімі журналістамі Лукашэнка адзначыў, што ўпершыню наведаў Кітай у 1992 годзе, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі. Яшчэ тады ён адзначыў вялікую стараннасьць і мужнасьць кітайскага народу на шляху пастаўленых ім вялікіх мэтаў.

Лукашэнка яшчэ тады прадбачыў вялікія посьпехі гэтай краіны: «Факты даказалі, што я правільна ўсё прадбачыў».

Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая выкарыстаць свае адмысловае геаграфічнае становішча, каб дапамагчы Кітаю адкрыць дарогу ў Эўропу. Закранаючы пытаньні беларускай вонкавай палітыкі, Лукашэнка заўважыў, што Беларусь арыентаваная на разьвіцьцё цесных і дружалюбных дачыненьняў з суседнімі краінамі, і спадзяецца на добрыя стасункі з ЭЗ і ЗША.

Лукашэнка сказаў, што ён вельмі любіць старажытную кітайскую культуру, асабліва храмавае будаўніцтва, а таму прапанаваў кітайскаму боку будаўніцтва «China Town» у Менску. Гэтая прапанова была ўхваленая партнэрамі.

Беларускі прэзыдэнт ўхваліў двухбаковы студэнцкі абмен і адзначыў, што колькасьць кітайскіх студэнтаў у Беларусі з кожным годам расьце.

Як раней паведамлялася, Беларусь і Кітай мяркуюць падпісаць пакет пагадненьняў, згодна зь якімі Кітай выдаткуе Беларусі крэдыты на суму каля 3,3 мільярдаў даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG