Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кандыдаты ў прэзыдэнты пачалі сыходзіць з дыстанцыі


Удзельнікаў выбарчай гонкі ў Беларусі паменела. Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч адмовіўся ад далейшай барацьбы за пасаду прэзыдэнта Беларусі, хоць і заявіў, што ягоная ініцыятыўная група сабрала больш за сто тысяч подпісаў. Пэнсіянэр Пётар Барысаў зьняўся з дыстанцыі на карысьць вылучэнца ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага.

Найбольш адметнай падзеяй гэтага тыдня выбарчай кампаніі стала зьняцьце з прэзыдэнцкай гонкі Сяргея Гайдукевіча і Пятра Барысава. Асабліва лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі, якога называюць «вэтэранам прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі». У 2001 годзе, паводле дадзеных ЦВК, Гайдукевіч набраў 2,48%, а ў 2006 годзе — 3,5% галасоў.

Спадар Гайдукевіч назваў выбары спэктаклем.

Сяргей Гайдукевіч
«Ну, я назваў сябе гледачом. Я — глядач на спэктаклі. Розныя спэктаклі паўтараюцца па пяць разоў, і я хачу цяпер пабыць гледачом. Я хачу паглядзець збоку, як гэта ўсё будзе».

Камэнтуючы сыход Гайдукевіча, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік пашкадаваў, што «так горача пераконваў» сябраў камісіі зарэгістраваць яго ініцыятыўную групу.

«Гэтая ініцыятыўная група не змагла выканаць мінімальную задачу, то бок сабраць 100 тысяч подпісаў і зарэгістраваць свайго кандыдата ў прэзыдэнты. Зь юрыдычнага гледзішча любы патэнцыйны прэтэндэнт можа спыніць свой удзел у выбарчай кампаніі, нават не падаючы заяву ў ЦВК».

Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Рыгор Кастусёў кажа, што адразу лічыў спадара Гайдукевіча несур’ёзным кандыдатам:

«У яго было столькі парушэньняў у сьпісе ініцыятыўнай групы, што яго ня варта было рэгістраваць ужо тады. У складзе ініцыятыўнай групы быў сябра ЦВК і былі неграмадзяне Беларусі, былі непаўналетнія. Але яго чамусьці зарэгістравалі. Але я мяркую, што ён і не зьбіраўся ісьці на выбары, што і пацьвердзілася. Выбарчая кампанія ад яго сыходу нічога ня страціць, а толькі будзе лепш».

Пётар Барысаў
Сталічны пэнсіянэр, у мінулым інжынэр-будаўнік Пётар Барысаў заявіў, што аб’ядноўвае сваю каманду з камандаю Віталя Рымашэўскага. І хоць Барысаў вылучаўся сам па сабе, цяпер ён далучыўся да БХД. На пытаньне, ці разумеў ён, калі вылучаў сваю кандыдатуру, што адцягне ўвагу ад іншых кандыдатаў і ў першую чаргу ад паплечніка па партыі, Пётар Барысаў адказаў так:

«Я разумеў, што адцягну ўвагу. Я і да пачатку сваіх дзеяньняў плянаваў, што калі будуць зь ягонага боку нейкія крокі, то я пайду насустрач. Але чым больш будзе на арэне прэтэндэнтаў, тым больш той, хто мае нават вераб’іны розум, зразумее: вось прэзыдэнт дзейны — і вось цэлы натоўп. Натоўп ня сам ускочыў туды, людзей падтрымаў народ. Гэта паказьнік таго, наколькі народ незадаволены».

Ініцыятыўныя групы 15 прэтэндэнтаў, якія застаюцца, працягваюць збор подпісаў. І шукаюць пры гэтым разнастайныя формы, каб прыцягнуць увагу да свайго кандыдата. Так, учора ўдвая болей подпісаў, чым звычайна, набралі ўдзельнікі пікету за кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука ля менскага ГУМу. Актывіст ініцыятыўнай групы прэтэндэнта Алег Корбан тлумачыць гэта ўдзелам у акцыі вядомых людзей: Станіслава Багданкевіча, Зінаіды Бандарэнкі, Міхаіла Чыгіра, Васіля Шлындзікава ды іншых.

Былы кіраўнік беларускага ўраду Міхаіл Чыгір — таксама сярод удзельнікаў акцыі:

«Аляксандар Рыгоравіч стаміўся. Працуе доўга, настойліва, упарта. Трэба яму адпачыць. І гэта было б правільна. Гэты выцякае зь яго апошніх выказваньняў.

Даўгалецьце — гэта добра. Але не на гэтай пасадзе. Трэба адпачыць Аляксандру Рыгоравічу. Спакойна пажыць, паглядзець, як кіруюць іншыя».

Анатоль Лябедзька, падсумоўваючы вынікі акцыі, канстатуе — яе трэба праводзіць і ў рэгіёнах:

«Нават у Менску людзі праяўляюць цікавасьць. А ў невялічкім горадзе, калі туды прыедуць Васіль Шлындзікаў, Станіслаў Багданкевіч, Аляксандар Сасноў, Зінаіда Бандарэнка, Юры Хашчавацкі, то гэта мясцовым жыхарам будзе надзвычай цікава. Так што будзем гэта практыкаваць і ў іншых рэгіёнах».

На пытаньне, колькі подпісаў сабраў той ці іншы кандыдат у прэзыдэнты, прадстаўнікі розных прэтэндэнтаў адказалі аднолькава: маўляў, вынікі падпісной кампаніі мы падсумоўваем кожны панядзелак. Так што ў гэтай сытуацыі застаецца згадаць назоў вядомага савецкага фільму — «Дажывем да панядзелка».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG