Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці былі расейцы ў Вялікім княстве?


Сёньня ў Горадні адбылася прэзэнтацыя зборніка сучаснай паэзіі на пяці мовах — беларускай, літоўскай, польскай, расейскай, украінскай. Аўтары — сучасныя, але жывуць яны сёньня ў тых краінах, якія ўваходзілі некалі ў Вялікае Княства Літоўскае. Кнігу выпусьцілі ў Вільні, яна называецца «Magnus Ducatus Poesis», на вокладцы на некалькіх мовах напісана таксама — «пераадоленьне межаў». Прэзэнтацыя адбылася ў Гарадзенскім музэі гісторыі рэлігіі.

Літоўскія паэты прыехалі ў Горадню — гэта, трэба сказаць, выглядала незвычайна.

Вёў вечарыну Эвалдас Ігнатавічус — намесьнік міністра замежных спраў Літвы, сам паэт. І адразу адчулася, што мова былога Вялікага Княства Літоўскага ня можа аб’ядноўваць сёньня ў гутарцы літоўцаў зь беларусамі, а літоўскаю беларусы пагатоў не валодаюць. Зразумела, госьці мусілі карыстацца расейскай, часам не зусім дакладна.

Свае вершы яны прапанавалі прачытаць у расейскіх перакладах. Але прафэсар Аляксей Пяткевіч, сябра Саюзу пісьменьнікаў, прапанаваў, каб яны чыталі спачатку ў арыгінале, бо паэзію трэба слухаць як музыку, сказаў ён.

Дарэчы, на прэзэнтацыю былі запрошаныя менавіта сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў — неафіцыйнага, што сёньня таксама рэдкасьць. На сцэне сядзелі паэты Юрка Голуб і Данута Бічэль, а таксама прафэсар Пяткевіч і паэты зь Літвы.

Тыя, хто прыйшоў на сустрэчу, казалі, што літоўцы ажыцьцявілі добрую задуму. Але прагучала і крытычная заўвага. Прафэсар Пяткевіч заўважыў, што яго бянтэжыць удзел расейскіх паэтаў у гэтай кнізе. Расейцы ж не былі жыхарамі Вялікага Княства Літоўскага… Літоўцы спаслаліся на тое, што расейцы гавораць пра смаленскія палкі ў Грунвальдзкай бітве. Але ж на Смаленшчыне быў беларускі этнас, адказаў прафэсар Пяткевіч. Ён нагадаў, што ў Горадні беларускія пісьменьнікі сустракаліся зь літоўскімі толькі ў савецкія часы, такіх сустрэчаў даўно не было, таму ён успрымае кнігу, яе прэзэнтацыю — як сымбаль збліжэньня, зазначыўшы: «Мы павінны заставацца блізкімі адны да адных, якімі былі некалі ў Вялікім Княстве Літоўскім».

Да слова, на прэзэнтацыі кнігі «Magnus Ducatus Poesis» граў гарадзенскі гітарыст Уладзімер Захараў. Пачаўшы з палянэзу «Разьвітаньне з радзімай» Агінскага, ён скончыў уласнымі творамі з цыклю «Настальгія па Вялікім Княстве».

Уступнае слова на прэзэнтацыі сказаў генэральны консул Літоўскай Рэспублікі ў Горадні Рымантас Латакас
Эвалдас Ігнатавічус раскладае кнігі для ўдзельнікаў сустрэчы

Алвідас Шляпікас (зьлева)і Юрка Голуб
Укладальнік кнігі Ўладас Бразюнас

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG