Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Томас Ман у сваім эсэ “Трое магутных” з захапленьнем піша пра Бісмарка, параўноўваючы яго з Гарганцюа:

“…На вячэру ён звычайна праглынаў палову індычкі, выпіваў паўбутэлькі каньяку, запіваў усё гэта трыма бутэлькамі мінэральнай рэйнскай вады, а потым выкурваў пяць люлек тытуню…”

Наогул, палітыкаў рэдка параўноўваюць з Гарганцюа – часьцей з рознымі жывёламі, з часткамі цела ці, зрэдку, зь іншымі палітыкамі. Палова індычкі, паўбутэлькі каньяку, пяць люлек штовечар – цяперашні палітык на такой эстэцкай дыеце ў наш памяркоўны век ня меў бы ніякіх шанцаў.
Дажыць да васьмідзесяці трох.
Так, палітыкі драбнеюць, і ня толькі ў Нямеччыне, і трэба сказаць, здрабнець – гэта найлепшае, што палітык можа зрабіць для грамадзтва. Але Бісмарк, самавіты бронзавы Бісмарк зь мечам, які ўзвышаецца над гамбургскім портам, усё яшчэ пераварваючы ўсіх сваіх індычак (стоячы больш улазіць) – ён быў іншага часу і іншае пароды. Гэткая ненасытнасьць не перашкодзіла жалезнаму канцлеру дажыць да васьмідзесяці трох гадоў і зрабіць такую кар’еру, што Ман без ваганьняў ставіць яго ў адзін шэраг зь Лютэрам і Гётэ. Бедная сьмерць – яна шукала канцлера на сялянскіх дварах і выганах Брандэнбургу, у казармах Прусіі, а ён гэтым часам спакойна круціў Эўропай у сваёй сталовай, і так паўстагодзьдзя.

Я ня Бісмарк і ня Томас Ман, я жыву ў век, калі спажываньне індычак, тытуню і каньяку лічыцца ледзьве не злачынствам, што разам, што паасобку; я “вялы й тоўсты, як шэксьпіраўскі Гамлет, што я магу?..” Толькі тое і магу, што сядзець на гэтым сайце, калітыпамрэш-кропка-ру, разам зь іншымі маладымі танатафобамі, услухоўвацца ў куваньне віртуальнай зязюлі і цешыцца салодкім страхам. Даведайся дату сваёй сьмерці! Зазірні ў канец кнігі, усё адно яе ўсе ўжо прачыталі. А пакуль што раніца, на сайце шэсьцьдзесят сем наведнікаў, увечары іх будзе значна больш, раніцай ніхто ня хоча думаць пра танатас, раніцай ахвотней думаецца пра эрас, пра баблос, пра півас, што там яшчэ абяцае гэты дзень? Дарэчы, цалкам магчыма, апошні. Я памру – кропка-ру. Памірай – кропка-бай. Мы ніяк ня можам прыступіць да справы, нешта замінае нам пачаць тэст – можа быць, рэкляма: эрасу, півасу, баблосу і іншых вечных каштоўнасьцяў.

Мусіць, калі б трыццаціпяцігадовы Бісмарк наведаў гэты сайт у надзеі пачуць запаветны адказ ад зязюлі, тая не напрарочыла б яму надта шмат. Нездаровая ежа, алькагалізм, курэньне, стрэсы… Адсутнасьць прышчэпак. Дактары – яшчэ дылетанты, марудная зара мэдыцыны. А ён узяў і пражыў восемдзесят тры гады – як пяць люлек запар выкурыў.

Цяперашні Палітык, які кіруе няхай не Эўропаю, але пэўнай яе часткай, – ён, вядома, ня Бісмарк, ня той маштаб, ня тыя дыеты. Але і яму не чужое нішто бісмаркаўскае: “Калі хочаце пабудаваць сацыялізм, вазьміце краіну, якую не шкада”, сказаў неяк жалезны канцлер, – так і наш герой абачліва абраў нас дзеля сваіх экспэрымэнтаў, нас, ня вартых шкадаваньня, бо каму ёсьць справа да вялых і тоўстых?..
Ён, вядома ж, некалі памрэ.
Мы зь ім не знаёмыя, але якое страшнае адкрыцьцё: ён, гэты Цяперашні Палітык, прадвызначае мой лёс, круціць ім у сваёй сталовай, як жалезны канцлер кіем перад вячэрай. Гэты Цяперашні Палітык – яшчэ тая пачвара, гэта дзякуючы яму “цёмныя часы” ніяк ня скончацца, і мы ўсё валяемся і валяемся ў ложку бясконцай зімовай раніцай, марна чакаючы на будзільнік; ён як той кракадзіл, які, апанаваны выключна спартовым азартам, праглынуў сонца – замест каньяку і індычкі, трэба думаць. Ён, вядома ж, некалі памрэ, як і я, напэўна, гэта адзінае, што нас яднае, і вось што цікава: паміж датамі нашых будучых сьмерцяў існуе залежнасьць, прыхаваная ўзаемасувязь, тонкая нітка, заўважная хіба таму, хто аб яе спатыкнецца. Таму калі я, утаропіўшыся ў манітор, думаю пра дату маёй сьмерці, то непазьбежна цікаўлюся і ягонай.

Ваш целасклад? У Цяперашняга Палітыка ён цалкам звычайны, каржакаваты, мужыцкі. А я – я вялы й тоўсты, як шэксьпіраўскі… Так, мне падабаецца паўтараць гэтую фразу, яна геніяльна прыдумана. Лёгіка тэсту няхітрая: тоўстыя людзі больш схільныя да хваробаў і жывуць менш. Такім чынам, мінус колькінаццаць гадоў для мяне і трохі пунктаў для Яго. Ці курылі вашыя бацькі да вашага нараджэньня? Маці дакладна не, ні мая, ні ягоная, тут у нас нічыя. Вы жывяце ў горадзе з насельніцтвам больш за сто тысяч чалавек? Так, нашыя зь Ім гарады амаль аднолькавыя па гэтым паказьніку. Але я гараджанін у трэцім пакаленьні, а ён – лічы, вясковец, таму здаравейшы, на два пакаленьні здаравейшы, здароўе лёгка вымяраць у пакаленьнях гарадзкіх продкаў, як да гэтага не дадумаліся раней?

Joseph Maclise, Surgical Anatomy

А вось колькі дзён на год вы бываеце за горадам? Мы там амаль не бываем, бо мы зь Ім занятыя людзі, у нас зь Ім справы, мы напружана слухаем нашых зязюляў, дзень пры дні, і ён, і я – хай магчымасьці нашага слыху несувымерныя.

Вы шчасьлівы чалавек?

Так, адказваю я. “Ашчасьліўлены”, – падказвае мне Цяперашні Палітык. Не, кажу я. Проста шчасьлівы. Усім на злосьць.

Наколькі добрая экалёгія ў вашым горадзе?

О, мой горад паводле дасьледаваньняў мае ледзьве не найчысьцейшае паветра на кантынэнце, калі браць у разьлік вялікія прамысловыя гарады, вядома ж. А ягоная шэрая сталіца – недзе ў хвасьце рэйтынгу. Так што тут я бяру ў яго рэванш. Выпадкова.

Якой вы занятыя працай: разумовай ці фізычнай?

Разумовай, на жаль. Я, можа, і хацеў бы займацца фізычнай, але мяне ня ўзялі па стане здароўя. Розум – гэта такая сабе інваліднасьць, разнавіднасьць самакалецтва.
Розум – такая сабе інваліднасьць.
А якая ў вас адукацыя? У мяне храновая адукацыя, якую назвалі вышэйшай хіба з-за паверху, на якім я здаваў выпускныя іспыты, з таго паверху была відаць уся плошча Леніна, і сам Ленін паказваў у мой бок пальцам, ці то выкрываючы мяне перад кімсьці, ці то абіраючы з шэрагу для нейкай аднаму яму вядомай місіі. Усё, што я ведаю, я вывучыў сам. А ў Яго іх ажно некалькі, гэтых вышэйшых адукацый, ён таксама інвалід. Лёгіка тэсту падказвае, што фізычная праца павінна дадаць гадоў жыцьця, а разумовая скідвае цябе ўніз з гэтай хісткай, стромай турнірнай табліцы. Вось я і лячу…

Дык вы шчасьлівы чалавек?

Так.

Вы робіце ранішнюю гімнастыку?

Раніцай я перш-наперш выкурваю люльку і потым доўга сяджу за кампутарам, наведваючы сумнеўныя сайты кшталту калітыздохнеш-кропка-бай. А Ён – ён вядомы спартсмэн, ён ня толькі сам робіць ранішнюю гімнастыку, усё жыцьцё яго падданых – гэта ранішняя паўночнакарэйская гімнастыка,
Любіць гуляць у Сьмерць.
асабліва ён любіць прымушаць рабіць яе сваіх азызлых чыноўнікаў, адзін зь небаракаў нават нядаўна памёр праз гэткую непасільную нагрузку, хаця сьмерць і прызначыла яму толькі праз дваццаць гадоў. Ён любіць гульні; у прыватнасьці, Цяперашні Палітык любіць гуляць у Сьмерць – як дзеці гуляюць на Гэлоўін. Пастраляць, пасваволіць, пакорпацца ў пясочку з чужой лапаткай, хаваючы мёртвыя целы – забавы вечнага хлопчыка. Ён атрымлівае яшчэ дзесяць пунктаў, а я хвігу.

Дык вы шчасьлівы чалавек, кажаце? Не страляючы, ня робячы гімнастыку, не хаваючы нікога ў пясок? Са сваёй хвігай?

Так.

Вы рэгулярна праходзіце мэдагляды?

Ненавіджу дактароў і мэдагляды. Мяне палохае гэтая залежнасьць, у якую трапляе пацыент, гэты постмэдычны сындром, хваравітая ўвага да мармытаньня ўласнага арганізму.
Ненавіджу дактароў.
Як чалавек, якога зацягалі па раённых і абласных судах, больш ужо ніколі ня зможа ачысьціцца ад юрыдычнага налёту, ад своесаблівага канцылярскага шарму, так і за руплівым пацыентам заўжды будзе цягнуцца шлейф бальнічных водараў, цень брыдкага бальнічнага эгаізму, уласьцівага ўсім, хто наведвае дактароў. А Ён, несумненна, пацыент нумар адзін у краіне – як жа ж, як жа ж, скарб нацыі. Якой няма.

Вы маеце сям’ю?

Так, я маю. Гэта кепска ці добра для працягласьці жыцьця? Напэўна, гэта дае ў суме абсалютны нуль: бо ўсё добрае, што нясе сям’я, нэўтралізуецца ёй жа падоранымі стрэсамі. А Ён ня мае гэтага нуля. Я радуюся ня факту, я радуюся за тых, хто мог стаць яго сям’ёй, але ня стаў.

Яцак Мальчэўскі. Танатас. 1898-99

Дык вы шчасьлівы чалавек?

Так.

Ну, дапусьцім. Які ў вас характар?

Спакойны. Вялы… Гамлетаўскі… Старамодны мэлянхалічны тэмпэрамэнт. Да Ягонай нардычнасьці мне так ці інакш далёка. Мой характар не прадугледжвае эмацыйнай разгрузкі, так што тут Ён выйграў. (Не паціскаць руку, толькі не паціскаць руку, Ён ужо амаль труп, засталося няшмат.)

Ці былі ў вашым родзе доўгажыхары?

Не. Ніхто не дажыў да ўзросту Бісмарка. А ці былі ў вашым родзе спадчынныя хваробы? Пэўне ж, былі. Далей, далей, разьвязка блізка.
Улада, добрая замена сэксу.
Вы ўжываеце алькаголь? Як часта? Які? Так, я п’ю амаль штодня, моцныя напоі, няшмат, роўна столькі, каб перажыць цёмныя часы, каб ня зьмерзнуць у іхным лютым холадзе, што, безумоўна, усяго толькі бессэнсоўнае апраўданьне, на якія алькаголікі заўжды такія майстры! Ён жа, са свайго боку, прызнаўся нядаўна ў тым, што дрэнна пераносіць алькаголь. Таму ён зноў выйграе. Сто пунктаў для Палітыка!

Вы курыце? Так, я куру, усьведамляючы ўсю заганнасьць гэтай справы і глыбіню свайго маральнага падзеньня, але халера на вас, цёмныя часы сапраўды вымагаюць сьвятла, хаця б гэтага мізэрнага, дрогкага блукаючага агеньчыка ў цёплай люльцы. А вось Ён ня курыць, рэлігія не дазваляе.

Дык вы шчасьлівы чалавек?

Так.

…Шчасьлівы?

Так. Шчасьлівы ідыёт.

Як часта вы займаецеся сэксам?

Зараз палічу. Разоў пяць на тыдзень. Калі чатыры, калі і два. Бываюць і стэрыльныя тыдні. Што да яго, то не сумняваюся, што ў яго менш. Чаму вы так думаеце? Я ня думаю, я ведаю. Пры ўсёй непавазе да Фройда – у Яго ёсьць улада, добрая замена сэксу, улада, шыкоўная штучная вагіна, ад якой цяжка адмовіцца.

У вас добрая памяць?

У мяне была калісьці добрая памяць. Я мог запамінаць тэксты старонкамі, любая інфармацыя, што паступала ў мозак, магла быць адноўленая на першае патрабаваньне. Але моцныя алькагольныя напоі, курэньне і гады ўзялі сваё. А вось у яго занадта добрая памяць. Ці, лепш сказаць, злапамяць. Што карысьней мець – кепскую памяць ці добрую злапамяць – толькі наша зязюля ведае адказ.

Вас непакояць запоры?

Што?

Запоры.

Не.

Значыць, вы шчасьлівы чалавек?

Так.

Гэта канец тэсту. Засталося адзін раз клікнуць – і мы нарэшце даведаемся: калі ж? Мы ставімся да гэтага надзвычай сур’ёзна, такія правілы. Дурное спаборніцтва, на якое нас выклікаюць цёмныя часы… Адчуваньне, што выйграць мусіць нехта трэці: ня я, ня Ён, а нехта, каму ніколі ня прыйдзе ў галаву ўдзельнічаць у такіх тэстах. Закуру – кропка-ру…
Гэта канец тэсту.
Мы глыбока ўдыхаем і клікаем, адвярнуўшыся ад манітора так, як заўзятары адварочваюцца ад поля падчас усё вырашальнага пэнальці. Паволі адплюшчваем вочы. “Каб даведацца адказ, адпраўце СМС на нумар…”, – кажа нам абыякавая сьмерць аднекуль з Казахстану. Мы лаемся матам, мы гуглім і шукаем тэлефонны код Казахстану. Мы дасылаем чортаву СМС, адказу няма, суцэльнае ашуканства, і толькі ўначы, калі мы ўжо сьпім (мяркуючы па дэкарацыях, у нейкай катоўні), тэлефон раптам грае дзяржаўны гімн.

“Vi shchaslivyj chelovek ?“ – пытаецца сьмерць, сьвецячы нам у вочы сінім.

І тады, блытаючыся ў кнопках у гэтай непрагляднай цемры, мы, ціха лаючыся, зноў і зноў навобмацак набіраем:

“T A K“.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG