Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэханізатары абаранілі свайго кіраўніка гаспадаркі


Тры гадзіны мэханізатары аднаго з падразьдзяленьняў сельскагаспадарчага каапэратыву «Краснапольскі» страйкавалі. Яны патрабавалі аднавіць на працы звольненага кіраўніка Васіля Бардонава. Свайго яны дамагліся.

Паводле мэханізатараў, Бардонава пазбавілі пасады мінулым надвячоркам. Забралі ключы ад службовай машыны. З працы ў райцэнтар, дзе жыве, ён пайшоў пешшу:

«Раніцай усе мэханізатары абвясьцілі страйк. Ніхто не сядаў на трактары да адзінаццатай. Потым старшыня райвыканкаму прывёз Васіля Мікалаевіча й сказаў, што ён будзе працаваць. Я не магу вам сказаць, чым начальства гэта ўсё матывавала. Не падабаецца ім, відаць, гэты чалавек, які адпрацаваў у гаспадарцы пятнаццаць гадоў. Больш ніхто ня можа працаваць так, як ён», — паведаміў адзін з работнікаў гаспадаркі.

У Краснапольскім раёне ўсе калгасы аб’яднаныя ў адзін СПК. Супраць гэтага зьліцьця выступаў Васіль Бардонаў. Як сьцьвярджаюць мэханізатары, іхнага кіраўніка за гэта й незалюбіла кіраўніцтва раёну:

«Відаць, перашкаджае кіраўніцтву гэтаму ён. Ім жа патрэбныя свае людзі, каб не стаялі на шляху розных махінацыяў. Супраць аб’яднаньня гаспадарак выступала шмат народу. Абяцалі, што заробак будзе пяцьсот тысяч. Заробкі па аб’яднаньні ня вырасьлі».

Сам Васіль Бардонаў інцыдэнт са сваім звальненьнем прызнае, аднак не камэнтуе яго:

«Было такое пытаньне, але ўжо ўсё добра. Пытаньне нейкае там было. А так ужо ўсё нармальна».

У райвыканкаме не прызнаюць ані факту звальненьня Васіля Бардонава, ані факту забастоўкі мэханізатараў. Старшыня райвыканкаму Аляксандар Веташкін заявіў:

«Усе працуюць. І Бардонаў працуе. „Званіцеляў“ і „пісацеляў“ у нас хапае».
XS
SM
MD
LG