Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Хросным Бацьку-4 аўтары выходзяць на новых фігурантаў”


Сьвятлана Калінкіна

Сьвятлана Калінкіна

Ці было сказана што-небудзь новага ў чацьвёртым фільме сэрыялу НТВ «Хросны Бацька?» Якія новыя хады прыдумалі расейскія тэлевізійнікі ў інфармацыйнай вайне Масквы супраць кіраўніка Беларусі? Ці азначае зьяўленьне гэтага фільму, што спробы Аляксандра Лукашэнкі пайсьці на пэўнае прымірэньне з Крамлём пацярпелі няўдачу? На гэтыя пытаньні адказвае шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна.


Цыганкоў: Ці вылучаецца чацьвёртая частка чым-небудзь сярод іншых трох? Ці выглядае яна больш пераканаўча, ці робіць нейкі іншы ўплыў на гледачоў?

Калінкіна: На мой погляд, відавочна, што інфармацыйная вайна пайшла паводле прынцыпу паўтарэньня пройдзенага з дадаткам нейкіх новых элемэнтаў. У чацьвёртым фільме ўжо зьявіўся былы баец СОБРа, адвакат Эмануіл Зэльцэр, — асобы, якіх не было ў першых трох сэрыях. Выглядае, што Масква мэтанакіравана паўтарае галоўныя абвінавачаньні на адрас Лукашэнкі для тых гледачоў, хто ня бачыў альбо не зразумеў першых фільмаў.

Цыганкоў: Некаторыя адзначаюць, што ў 4-м фільме сапраўды зьявілася больш канкрэтыкі. Калі ў першых трох пра вядомыя зьнікненьні гаварылася больш абстрактна, то цяпер Масква нібыта набліжаецца да галоўных козыраў — людзей, якія былі сьведкамі зьнікненьняў.
Я заўсёды спадзявалася, што з дапамогай расейскіх магчымасьцяў мы ўбачым новыя аргумэнты.


Калінкіна: Я заўсёды спадзявалася, што з дапамогай расейскіх магчымасьцяў мы ўбачым новыя аргумэнты, новых сьведкаў. Бо ўсе першыя фільмы, па вялікім рахунку, былі на той базе, якую здолелі сабраць беларусы. Масквічы сваёй інтэрпрэтацыяй проста паўтарылі тое, што было зроблена тут, у Беларусі. Зараз яны, відавочна, пачынаюць сваё расьсьледаваньне і выходзяць на новых фігурантаў, пашыраюць тыя зьвесткі, што былі раней.

Цыганкоў: Літаральна апошнімі днямі Лукашэнка зрабіў некалькі жэстаў, якія назіральнікамі былі ацэненыя як прымірэнчыя. Але Масква на гэта адказала «Хросным Бацькам-4».

Калінкіна: Ужо было даволі адназначна сказана і прэсавым сакратаром Дзьмітрыя Мядзьведзева, і ім самім, што той пункт, пасьля якога можна вярнуцца да былых адносінаў, ужо пяройдзены. І былога стаўленьня Крамля пэрсанальна да Лукашэнкі ўжо ня будзе. Я веру, што разуменьне таго, што Лукашэнка — гэта ня ўся Беларусь, а ўсяго адзін палітык, толькі палепшыць адносіны паміж нашымі краінамі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG