Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кіраўніца „Беларусбанку“ Ермакова паведаміла: штодня ўкладчыкі забіраюць 5-7 мільярдаў рублёвых укладаў. Як Вы ўспрымаеце гэтае паведамленьне?» На пытаньне адказвалі гарадзенскія мінакі.

Спадар: «Я першы раз ад вас гэта чую і нічога не магу сказаць. У нас адзін уклад застаўся, другі забралі — дачка замуж выходзіла. Але факт, што паклалі грошы ў валюце, а не ў беларускіх два гады таму і страцілі большы працэнт, чым набег бы ў „Беларусбанку“, калі даляр каштаваў 2150, а стаў потым 2900. Але адзін уклад застаўся, другую дачку замуж выдаваць трэба будзе».

Сталы спадар: «Не, я ўкладаў ня маю. Само жыцьцё якоесьці пайшло ня тое. Адно гавораць, што ўсё цудоўна. А насамрэч усё вельмі дрэнна, вось так. Больш мне няма чаго сказаць».

Сталы спадар: «Людзі баяцца зьмены ўлады, бо што там прыдумае заўтра наш урад, ніхто ня ведае. Усе спалоханыя, таму што часта застаюцца ні з чым. Быў уклад раней, я страціў, ну й Бог зь ім. Другі раз я цяпер не ўкладаю, хаваю ў бутэльку — гэта самае надзейнае са старажытных часоў. Хто ў бутэльку складае, той ня траціць».

Спадарыня: «Укладаў я ня маю, толькі заробак у мяне на картцы банкавай, і я яго заўжды здымаю. Я чамусьці не давяраю нашай дзяржаве. Хутчэй не дзяржаве, а бюракратыі. Лічу, што яна ў нас усё-ткі ёсьць, таму што штучнае падзеньне курсу, таксама штучнае падняцьце цэнаў, нізкія заробкі сям-там ёсьць. Але я спадзяюся. Лукашэнка нам паабяцаў падняць заробкі зь першага лістапада, мы верым яму і будзем за яго галасаваць (сьмяецца)».

Сталы спадар: «Я — пэнсіянэр, у мяне няма ўкладаў, і няма з чаго іх рабіць. Шэсьцьсот „рублёў“ пэнсія — з гэтага пражывеш хіба? А што тады ўкладаць ці здымаць? Гэта людзі, якія маюць вялікія грошы, вядома, яны трывожацца, што могуць упасьці цэны на рублі. Ужо сто рублёў ніхто не ўзьнімае, бо на іх нічога ня купіш, а толькі за тысячы. Мы таксама толькі тысячы атрымліваем, а трэба мільёны. Таму мяне гэта не турбуе, што з банкаў забіраюць».

Спадар: «У лістападзе — падвышэньне „мінімалкі“, цэны ў крамах ужо пайшлі ўперад, хаця яшчэ грошы гэтыя ня далі.»

Спадар: «Я ня ведаю, у мяне грошай у банку няма, я не кладу. Ніколі іх не было, і ніколі іх ня будзе. Тое, што там робіцца ў банках, я без паняцьця, і мяне гэта мала цікавіць».

Ягоная жонка: «Каб у банк класьці, не такія ў нас заробкі. На жыцьцё нармальна хапае, а ў банк — не».

Спадарыня: «Вы ведаеце што, ёсьць у мяне ўклад у беларускіх рублях, яны ляжаць, я не зьбіраюся іх забіраць. А куды мне іх укласьці? Я пэнсіянэрка, якая працуе, і думаю, што калі буду зусім на пэнсіі, то мне гэта будзе дапамога. А што з інфляцыяй будзе — Бог яго ведае. Ужо адзін раз прапалі грошы, самі ведаеце. Баяцца людзі, напэўна, сёньня, што грошы прападуць, як у той раз прапалі, таму забіраюць, дома трымаюць. А я дома баюся трымаць, хоць грошы такія, але ўсё роўна…»
XS
SM
MD
LG