Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі тэлеканал НТВ сёньня прадэманстраваў чацьвёрты фільм з сэрыялу «Хросны Бацька», прысьвечаны Аляксандру Лукашэнку, ягонай сям’і і найбліжэйшаму палітычнаму атачэньню. Стужка суправаджаецца падзагалоўкам «Апошняя восень», што недвухсэнсоўна сьведчыць пра адсутнасьць веры ў Маскве ў прэзыдэнцкую будучыню беларускага лідэра. Які кампрамат супраць Лукашэнкі накапалі «энтэвэшнікі» гэтым разам?

У трох папярэдніх сэрыях «Хроснага Бацькі» ўздымаліся тэмы зьніклых апанэнтаў рэжыму і татальнага парушэньня правоў чалавека, апавядалася пра вязьняў сумленьня і дыктатарскія замашкі Аляксандра Лукашэнкі. Расказвалася, як старэйшыя сыны Лукашэнкі адмываюць дзяржаўныя грошы, а таксама адзначаліся пазашлюбныя подзьвігі Бацькі — адкуль узяўся ўлюбёнец кіраўніка краіны, малодшы сын Мікалай?

Чарговы фільм пад назвай «Апошняя восень» пашырае тэматычныя рамкі і адгортвае, бадай, самую сакрэтную старонку эпохі праўленьня Лукашэнкі — так званыя «эскадроны сьмерці». Праваабаронцы ўжо даўно казалі пра існаваньне падразьдзяленьня, якое займалася нэўтралізацыяй апазыцыйных дзеячаў. Аўтарам «Хроснага Бацькі» ўдалося схіліць да гутаркі аднаго з «адстаўных» байцоў, Дзьмітрыя Новічака:

«Так, я ведаў, што да ўсіх гэтых злачынстваў мае дачыненьне падразьдзяленьне СОБР. Усё гэта было насамрэч, але нам гэта падавалася зусім пад іншым соўсам. То бок ня так, як падае апазыцыя — бандытызм, злачынствы супраць людзей, супраць чалавека — нам гэта тлумачылася як выкананьне спэцапэрацыі, і мы, маўляў, дзейнічаем на карысьць прэзыдэнта, на карысьць сваёй краіны. Зыходзячы з гэтага ўсё рабілася».

Так, гільза і куля, якія я захоўваю, — з майго пісталета, гэта ўсё сапраўднае, сумясьціць іх з падзеямі таго часу нескладана.
Так званы «расстрэльны пісталет» знаходзіўся пад кантролем былога начальніка менскай калёніі № 1 Алега Алкаева. Двойчы яго браў непасрэдны камандзір Дзьмітрыя Новічака, кіраўнік асаблівага спэцпадразьдзяленьня МУС Дзьмітрый Паўлічэнка. Алкаеў пацьвярджае, што даты цалкам накладаюцца на час зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, а таксама Юрыя Захаранкі. Паводле Алкаева, ідэнтыфікаваць датычнасьць Паўлічэнкі да злачынстваў досыць проста, паколькі ёсьць істотныя доказы — расстрэльныя гільза і куля:

«Так, гільза і куля, якія я захоўваю, — з майго пісталета, гэта ўсё сапраўднае, сумясьціць іх з падзеямі таго часу нескладана. Таму тое, што тэма зьніклых праз гэты фільм зноў уздымаецца, надзвычай важная. Бо тая новая інфармацыя, якая зьявілася ў стужцы, дазваляе на ўсе праблемы зірнуць нашмат шырэй. Яна, у прыватнасьці, дазваляе пашырыць гарызонты для пошуку вінаватых і для кантактаў з новымі людзьмі, зацікаўленымі ў аб’ектыўным расьсьледаваньні гэтай справы».

На тле падазроных зьнікненьняў разглядаюцца абставіны загадкавай сьмерці заснавальніка сайту «Хартыя-97» Алега Бябеніна. Ці варта давяраць толькі афіцыйнай вэрсіі, якая настойвае на самагубстве апазыцыйнага журналіста? Аўтары фільму ў гэтым моцна сумняюцца.

Яшчэ адна з тэмаў, на якую ў Беларусі ўжо шмат хто забыўся, а іншыя нават і ня ведалі, — як дэпутацкі мандат уратаваў Лукашэнку ад турмы. Некалі нашумелую гісторыю згадвае Сяргей Антончык — экс-дэпутат Вярхоўнага Савету, аўтар антыкарупцыйнага дакладу:

Калі расьсьледавалі гэтую крымінальную справу, то ўсплылі новыя факты: ён ня толькі з адным мэханізатарам пабіўся, але яшчэ раней былі такія выпадкі.
«Калі Лукашэнка працаваў яшчэ ў Шклоўскім саўгасе, то ў яго там была непрыемная сытуацыя — ён зьбіў мэханізатара. Была ўзбуджаная крымінальная справа па факце гэтага зьбіцьця. Якраз былі выбары ў мясцовы і Вярхоўны саветы, і Лукашэнка, атрымаўшы дэпутацкі мандат, атрымаў які-ніякі імунітэт. У выніку справу закрылі. Ведаю дакладна, бо пра гэта пісаў калісьці Васіль Лявонаў, які тады быў кіраўніком абласной арганізацыі КПБ у абкоме партыі, і празь яго гісторыя набыла шырокі розгалас. Дарэчы, калі расьсьледавалі гэтую крымінальную справу, то ўсплылі новыя факты: ён ня толькі з адным мэханізатарам пабіўся, але яшчэ раней былі такія выпадкі. Зрэшты, сам Лукашэнка, калі яму задавалі наконт гэтага пытаньне, сьцьвярджаў: гэта было пад выбары, ён выступаў супраць мясцовай улады, таму супраць яго ўсё і фальсыфікавалі».

Значная ўвага ў «Хросным Бацьку» аддадзеная кантактам Лукашэнкі з апальным расейскім алігархам Барысам Беразоўскім. Некалі блізкі да Беразоўскага амэрыканскі адвакат Эмануіл Зэльцэр, асуджаны беларускім судом нібыта за камэрцыйны шпіянаж і карыстаньне падробленымі дакумэнтамі, наўпрост сьцьвярджае: Беразоўскі — касір Лукашэнкі на Захадзе, своеасаблівы «пэнсійны фонд» беларускага кіраўніка на той выпадак, калі Лукашэнку давядзецца тэрмінова ўцякаць зь Беларусі.

Ці будзе працяг «Хроснага Бацькі» — у тэлекампаніі НТВ не камэнтуюць. Экспэрты кажуць, што фактычна сэрыял можа быць бясконцым. Аднак насамрэч усё будзе залежаць ад таго, якую пазыцыю адносна Расеі надалей будзе займаць Лукашэнка. Калі паглыбляцца ў аналёгіі, то пра мэра Лужкова, чыёй адстаўцы папярэднічала аналягічная кампанія ў расейскіх СМІ, здымаць кіно ўжо ня мае сэнсу.

Расейскі журналіст Уладзімер Салаўёў, былы супрацоўнік НТВ, перакананы: час Аляксандра Лукашэнкі мінуў і спробы працягнуць знаходжаньне на вышэйшай пасадзе ні да чога добрага не прывядуць. Паводле слоў Салаўёва, у сытуацыі поўнай канфрантацыі і з Захадам, і з Усходам Лукашэнка стаў «палітычным банкрутам»:

«Цікава, зыходзячы з гэтага, разгледзець агульную сытуацыю. Бо ня першы ж раз такі досьвед. Калі ўзгадаць, то на постсавецкай прасторы вельмі многія палітыкі, дайшоўшы да адчаю, зьвяртаюцца да антырасейскай рыторыкі. І трэба адзначыць, што заўсёды гэта заканчваецца аднолькава. Час праходзіць, і гэтыя палітыкі зьнікаюць са сцэны. Ніхто не зьбіраецца ўплываць на выбары ў Беларусі. увогуле сьмешна пра гэта нават гаварыць. Гэта воля беларускага народу, і беларускі народ сам усё вырашыць. Але недапушчальна, каб у наш час у эўрапейскай краіне адбываліся дзікунскія рэчы. Наколькі я разумею, у Беларусі рэгулярна зьнікаюць апазыцыйныя палітычныя дзеячы, дагэтуль не расьсьледаваныя забойствы і зьнікненьні, аднак пра гэта неяк прынята нічога не гаварыць».

Аўтары «Хроснага Бацькі» канстатуюць, што Аляксандар Лукашэнка фактычна загнаў сябе ў ізаляцыю, узначаліўшы каманду «палітычных аўтсайдэраў». Ягоныя сябры — «ізгоі», якіх ігнаруюць паўсюль: Бакіеў, Лужкоў, Беразоўскі.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG